Нататкі з вясковай хаткі

Культура

Стаяў надзіва сонечны верасень. Прырода быццам імкнулася запаволіць рух часу, а па-летняму цёплае надвор’е не спяшалася саступаць месца восеньскаму пахаладанню і дажджу. Чалавек жа ўсё часцей думаў і гаварыў пра смерць, напэўна, адчуваў, што гэта прыгожая яркая восень будзе апошняй ў яго жыцці. І неўзаметку рыхтаваў да такога непазбежнага моманту сваіх блізкіх, хоць тыя нічога не хацелі пра гэта слухаць.

Гледзячы стомленымі вачыма ў нябесную далячынь, часта заводзіў сваю любімую песню “Журавы”. І неяк асабліва сумна і сімвалічна гучалі ў той момант яе словы: “Настанет день, и с журавлиной стаей я поплыву в такой же сизой мгле…». І гэты момант надышоў: чалавека не стала. Ціха і спакойна развітаўся ён з жыццём, а над яго хатай з такой жа шчымліва развітальнай песняй адляталі ў вырай журавы.

Не стала жыхара Гародзькаў Уладзіміра Васільевіча Станкевіча 25 верасня. Ён пражыў сціплае і, на першы погляд, звычайнае жыццё вясковага інтэлігента. Пасля службы ў арміі ажаніўся, нарадзіліся тры дачкі. Ён заўсёды славіўся майстрам на ўсе рукі, сам шмат чаго зрабіў на будаўніцтве новай хаты. У мясцовай Гародзькаўскай школе выкладаў музыку, гісторыю і дапрызыўную падрыхтоўку. Тут жа працавала і яго жонка Рэгіна Давыдаўна.

Аднак доўгі час мала хто ведаў, што ў гады службы ў арміі дваццацігадовы юнак Валодзя Станкевіч удзельнічаў у сакрэтным выпрабаванні атамнай зброі на Тоцкім палігоне ў Арэнбургскай вобласці. І ці мог ён тады зразумець, што гэтыя вайсковыя вучэнні былі сапраўднай вайной, дзе не было ні тылу і ні фронту, не было пераможцаў, а толькі шматлікія ахвяры. Гэту тайну ён захоўваў больш за трыццаць гадоў, бо калісьці даў падпіску аб неразгалошванні. Упершыню расказаў сям’і пра тое, што ўдзельнічаў у выпрабаванні бомбы, у красавіку 86-га, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тады гэта трагедыя здавалася яму не такой страшнай: падобнае было перажыта і ўбачана ў далёкім 1954-м.

Пасведчанне ветэрана падраздзяленняў асо-бай рызыкі Уладзімір Васільевіч атрымаў 3 студзеня 2000 года. Аднак такое рассакрэчванне не магло параўнацца з цаной, якую давялося заплаціць: з наступствамі эксперыменту ён змагаўся амаль усё жыццё, бо заўсёды нагадваў пра сябе цэлы букет хвароб, справакаваных радыяцыйным апраменьваннем. А самае страшнае, што радыяцыя наклала сваю чорную пячатку на здароўе старэйшай дачкі Таццяны: яна нарадзілася інвалідам.

У яго засталіся яшчэ дзве дачкі, Лена і Тамара, абедзве настаўніцы. Падраслі трое ўнукаў, Каця, Павел і Насцечка. І ўсе яны добра памятаюць бацькаву і дзядулеву навуку. Дочкі прыгадваюць, як яшчэ ў дзяцінстве бацька браў з сабой па грыбы, знаёміў з ляснымі дарамі. Адсюль такая любоў да родных мясцін, да прыгожых гародзькаўскіх краявідаў. Калі будавалі новую хату, ён часта клікаў у памочнікі сярэднюю Алену, яна падтрымлівала дошку, калі ён пілаваў, падавала цвікі. І сёння яна папросту можа прыбіць нейкі кручок ці павесіць палічку – і гэты бацькаў урок не прайшоў дарэмна. А асабліва запомніліся татавы школьныя ўрокі спеваў і музыкі. Ды і ў хаце заўсёды гучалі песні, на святы прыходзілі госці, і тады Уладзімір Васільевіч браў у рукі баян. Гэтыя “ўрокі” музыкі адкрылі ў дзецях і ўнуках шмат талентаў, прымусілі паверыць у свае сілы. Зараз іграе на баяне малодшая Тамара, яе дачка Насцечка добра спявае. Мінскія ўнукі Павел і Каця скончылі музычную школу і таксама іграюць на баяне. Уладзімір Васільевіч добра ведаў свой радавод і часта расказваў пра яго дзецям. А тыя склалі радаводнае дрэва Станкевічаў-Язерскіх. Так ён прывіваў ім любоў да спадчыны, да продкаў.

Той страшны атамны эксперымент адбыўся ў верасні. І ў верасні не стала Уладзіміра Васільевіча. Узаемазвязана гэта ці проста супадзенне, адказаць складана. Аднак відавочна адно – гэты восеньскі месяц, якім бы сонечным і цёплым ён не выдаўся, заўсёды будзе нагадваць сям’і Станкевічаў пра сумныя падзеі 1954-га і 2011-га. А я, у сваю чаргу, спадзяюся, што памяць пра гэтага сціплага вясковага настаўніка, адзінага ў раёне ветэрана падраздзяленняў асобай рызыкі захаваюць не толькі яго дзеці і ўнукі, але і былыя вучні, калегі па працы, аднавяскоўцы.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий