ЗАПРАСІЛА СЯБРОЎ «ЗАВІРУХА»

Общество

Другія міжнародныя спаборніцтвы па ездавому спорту на сабачых запрэжках «Завіруха-2012», якія прайшлі непадалёк хутара Арлоўшчына Ракаўскага сельсавета, сабралі шмат прыхільнікаў. Істотны мароз не стаў перашкодай для людзей, якія прыехалі сюды палюбавацца на відовішчныя гонкі не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з краін блізкага замежжа.

У мінулым годзе Валожыншчына ўпершыню стала цэнтрам правядзення маштабных спаборніцтваў па гэтым самым, бадай, відовішчным і экзатычным відзе зімовага спорту. Сёлета на прапанову праверыць, наколькі за год узрасло майстэрства ўдзельнікаў, адгукнуліся больш за 100 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі. І чарговы раз усеагульным азартам і станоўчымі эмоцыямі напоўнілася тэрыторыя загараднага клуба «Фестывальны».

…То тут, то там чуўся смех каюраў. Многія з гэтых прафесіянальных паганятых з ахвотай расказвалі цікаўным пра іх галоўны гонар – ездавых сабак. І не забывалі пры гэтым клапаціцца пра сваіх гадаванцаў, размаўляць з імі, насіць сена, каб да пачатку стартаў на поўсці калматых спрынтэраў не намярзаў снег. Асноўную масу «цягавай сілы» прадстаўлялі сібірскія хаскі, якія заслужана лічацца самымі хуткімі ездавымі сабакамі. Густая поўсць гэтых блакітнавокіх прыгажуноў здольна захоўваць цяпло нават у 50-градусны мароз,  таму ў той час, як госці мерапрыемства, спрабуючы сагрэцца, скакалі і хавалі твары пад шалікамі, чатырохлапыя спартсмены пачувалі сябе досыць утульна. І незамарудзілі паказаць гэта падчас старту.

Дыстанцыя, на якой праводзіліся спаборніцтвы, цягнулася на 6,5 кіламетра. Неўзабаве высветлілася, што пераадолець гэту адлегласць для ездавых сабак  – справа некалькіх хвілін: іх хуткасць на пэўных прамежках дасягала 30 кіламетраў у гадзіну. Паваротаў і схілаў на спецыяльнай заснежанай трасе для гоншчыкаў было дастаткова. Каюры лёгка і акуратна праходзілі праз небяспечныя  месцы – заслужаны вынік шматгадовых трэніровак.

Першымі выступалі спартсмены ў дысцыпліне скіджорынг – адна, часам дзве сабакі  цягнулі за сабой лыжнікаў. За імі выйшлі на след удзельнікі эстафеты. Колькасць запрэжаных у нарты сабак таксама вагалася: нехта мераў кіламетры на тройцы хаскі, а хтосьці ўключаў у сваю «цягавітую» каманду і па 6 бегуноў. Адметна, што ніводны ўдзельнік ні разу не крыкнуў на сваіх гадаванцаў. Па словах вопытнага расійскага каюра, у ездавых сабак своеасаблівая псіхалогія: варта ім нагрубіць альбо не аказаць належнай увагі – і яны таксама праявяць сваё незадавальненне, могуць пайсці пехам там, дзе трэба бегчы.

Яшчэ адной асаблівасцю другога міжнароднага спаборніцтва па ездавому спорту стала ўстанаўленне новага сусветнага рэкорда. Запрэжаныя сабакі зрушылі з месца магутны пазадарожнік «Фольксваген-Амарок».

Акрамя насычанай спартыўнай праграмы, арганізатары мерапрыемства – раённы выканаўчы камітэт, ГА «Клуб паўночных ездавых сабак», аддзел па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, загарадны клуб «Фестывальны»  пры падтрымцы УП «Рыфтур» і партала TIO.BY – прапанавалі прысутным вялікую забаўляльную праграму. Для дзяцей і азартных дарослых тут працаваў адрэналін-парк «Малпа-Лэнд», дзе па вяроўках належала пераадолець шлях, размешчаны на амаль  дзесяцімятровай вышыні. Арганізавалі выставу-кірмаш майстры-рамеснікі. Для тых, хто хацеў душэўна адпачыць у коле сям’і або сяброў, расстараліся работнікі райспажыўтаварыства: працавала кафэ, шыпелі на мангалах шашлыкі. Вялікая чарга сабралася і каля ёмістай паходнай кухні, дзе прапаноўвалі «салдацкую» кашу. Папулярным быў і пракат: кожны мог узяць лыжы і праехаць па гоначным маршруце.

Але самы вялікі і мітуслівы ажыятаж назіраўся каля калматых спартсменаў, якія разам з дзецьмі і бацькамі з задавальненнем пазіравалі ў фотааб’ектывы.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий