У Ракаве з’явіўся новы гандлёвы цэнтр

Официально

У мінулую пятніцу на плошчы Свабоды ў Ракаве было людна. Нягледзячы на дажджлівае і халоднае надвор’е, весела гаманілі людзі, бліскалі ўспышкі журналісцкіх фотакамер, асвятляючы важную і важкую ў жыцці мястэчка падзею – адкрыццё новага гандлёвага цэнтра.

Дзякуючы намаганням райспажыўтаварыства, прыгожы панэльна-шкляны фасад універсама “Ракаўскі” вырас літаральна за год. Імкненне старшыні праўлення А. А. Бобрыка стварыць у Ракаве сеткавы магазін з пашыраным асартыментам прадуктовых тавараў падтрымалі на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях, і будаўніцтва пачалося…

На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прысутнічалі старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, старшыня праўлення Мінскага аблспажыўтаварыства В. М. Кашпей і першы намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза А. У. Якаўчыц. Ім і выпала ганаровая місія перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку пры ўваходзе ў гандлёвы цэнтр. Следам за імі знаёміцца з новым прадпрыемствам спажыўкааперацыі рушылі прыемна абрадаваныя ракаўчане і госці мястэчка.

Здзівіцца тут было чаму. На агульнай плошчы ў 640 квадратных метраў стэлажы, вітрыны, халадзільнікі запоўнілі разнастайнай прадукцыяй каля сотні пастаўшчыкоў. Амаль 10 тысяч найменняў прапануемых тавараў задаволілі нават самых патрабавальных. Вядома ж, стаць першымі пакупнікамі хацелі многія, але гэта пачэснае званне дасталося мясцовай жыхарцы Ганне Паўлаўне Сніцарэнка – разам з тортам у падарунак ад спажыўкааперацыі. Не пуставаў і размешчаны ў будынку ўтульны кафетэрый на 12 пасадачных месцаў: уласныя кулінарныя і кандытарскія вырабы ішлі нарасхват.

У той святочны дзень гандлёвая выручка склала амаль 13,5 мільёна рублёў. За першыя поўныя тры дні работы ўніверсама гэта лічба павялічылася яшчэ на 50 мільёнаў 870 тысяч рублёў. Увогуле, у “Ракаўскім” разлічваюць на 400-мільённы штомесячны тавараабарот. Каб новае прадпрыемства стала даходным, тут стануць адсочваць і пастаўляць самыя запатрабаваныя ў насельніцтва прадукты, кантраляваць іх якасць і разнастайнасць. Зрабіць гэта будзе нескладана – дапаможа камп’ютарная сістэма ўліку і руху тавараў. Такая “навінка” каштуе нятанна: толькі на набыццё і ўстаноўку сучаснага гандлёва-тэхнічнага абсталявання зрасходавана 720 мільёнаў рублёў. Цалкам жа будаўніцтва, аснашчэнне і ўвядзенне ў эксплуатацыю ўніверсама “Ракаўскі” абышлося Белкаапсаюзу ў 4,5 мільярда рублёў, у тым ліку 2,46 мільярда выдаткавана з інавацыйнага фонду. Каштоўны падарунак ракаўчанам – адзін з больш чым 60 сеткавых магазінаў спажыўкааперацыі, якія дзейнічаюць сёння на тэрыторыі краіны.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *