Жыццё раёна

Общество

На брацкай магіле ў вёсцы Кражына Сакаўшчынскага сельсавета побач з помнікам ахвярам фашызму будзе ўстаноўлена мармуровая пліта з надпісам “Месца пахавання ахвяр Другой сусветнай вайны”, сродкі на якую выдаткаваны з раённага бюджэту. Летась сюды былі перазахаваны і астанкі расстраляных сем’яў Скляповічаў, Рубацкіх і Іосіфа Міхневіча з хутароў каля Стаек, Шчаўканаў і Кражына. 

Летась за дапамогай у аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама звярнуліся 838 грамадзян. Статус беспрацоўнага атрымалі 346 чалавек. Працаўладкаваны 584 асобы, накіраваны на вучобу за кошт упраўлення – 55. Узровень беспрацоўя ў раёне застаецца нізкім і не перавышае 0,3 працэнта ад занятага насельніцтва.

На мінулым тыдні ў аддзяленні дзённага наведвання для маладых інвалідаў з канцэртнай праграмай выступіў Заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры і вольнага часу. У якасці гледачоў таксама былі запрошаны бацькі з горада і раёна, чые дзеці маюць асаблівасці фізічнага развіцця.

Адміністрацыйнай камісіяй пры райвыканкаме летась разгледжана 51 справа аб адміністрацыйных правапарушэннях. З іх – 29 спраў за распіццё з непаўналетнімі алкагольных напіткаў і піва, 7 – за продаж алкаголю непаўналетнім, 8 – за парушэнне правілаў утрымання сабак прыватнымі гаспадарамі. Спагнана штрафаў на 15680000 рублёў.

15 каманд устаноў адукацыі раёна прынялі ўдзел у спартакіядзе сярод школьнікаў “Абаронца Айчыны”, якая праводзілася на базе гімназіі № 1 райцэнтра. Юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў стральбе і падцягванні на перакладзіне ў дзвюх узроставых групах: 15-16 і 17-18 гадоў. У агульнакамандным заліку найлепшы вынік паказалі гімназісты, каманда СШ № 2 заняла 2-е месца, івянецкія школьнікі сталі трэцімі.

 



Добавить комментарий