РЭКАНСТРУКЦЫЯ. МАДЭРНІЗАЦЫЯ. ТЭХПЕРАЎЗБРАЕННЕ

Общество

Эканамічныя гарызонты вытворчасці пашырацца, калі выпрацаваць правільную стратэгію развіцця. Гэта тычыцца і жывёлагадоўлі. Старыя фермы, комплексы, пабудаваныя 20-30 гадоў назад, не могуць стаць паўнавартаснымі пляцоўкамі для эфектыўнай вытворчасці. Патрэбна іх сучасная рэканструкцыя, мадэрнізацыя, тэхнічнае перааснашчэнне.

У нашай рэспубліцы запланавана правесці мадэрнізацыю 1219-ці малочна-таварных фермаў. Міншчына ў гэтай справе павінна выступіць флагманам – такую задачу перад кадрамі паставіў кіраўнік абласной вертыкалі ўлады Б. В. Батура. Нягледзячы на зімовы час, работы ў сталічнай вобласці вядуцца на многіх аб’ектах.

Нядаўна на базе Любанскага раёна прайшла нарада з удзелам старшыні аблвыканкама Б. В. Батуры. На яе былі запрошаны і кіраўнікі раённай вертыкалі. Убачанае там – прыклад для пераймання і далейшага распаўсюджвання ва ўсіх рэгіёнах сталічнай вобласці. Хоць і зіма ў разгары, а любанцы ператварылі свой раён у грандыёзную будаўнічую пляцоўку. Паралельна ідуць работы і па добраўпарадкаванню тэрыторый многіх аб’ектаў, населеных пунктаў.

Дадзены арганізаваны старт гэтай кампаніі і ў нашым раёне. Распрацавана праграма аптымізацыі існуючых вытворчых памяшканняў у адпаведнасці з сучаснымі стандартамі. У канцы мінулага года прынята адпаведнае рашэнне райвыканкама. Літаральна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах вызначаны аб’екты жывёлагадоўлі, якіх чакаюць кардынальныя перамены ўжо ў гэтым годзе. Па сучасных тэхналагічных мерках будуць абсталяваны памяшканні беспрывязнога ўтрымання жывёлы. З’явяцца належныя даільныя малочныя блокі, больш камфортнымі стануць памяшканні для маладняку і інш. Мадэрнізацыя павялічыць эканамічную эфектыўнасць жывёлагадоўчай галіны. Расшырацца вытворчыя плошчы, а ў выніку можна будзе значна павялічыць пагалоўе грамадскага статка.

Запланаваны работы на комплексе ў Сярэднім Сяле, дзе будуць ўтрымлівацца 400 галоў жывёлы, а таксама на фермах у Макараўцы, у Вайганах, на комплексе ў Сакаўшчыне і інш. З усіх вышэйназваных самы маштабны праект у ААТ “Агра-Доры”, яго агульны кошт роўны 12000 мільёнам рублёў. Падрадная арганізацыя – «ПМК-187» горада Маладзечна. Амаль у два разы павялічыцца вытворчая магутнасць комплексу ў Сакаўшчыне, дзе будуць утрымлівацца 720 галоў жывёлы, а ў дарэканструкцыйны перыяд іх было ў два разы менш.

Будуць мадэрнізаваны фермы ў Пугачах, Няровах, Сівіцы і інш. Кошт работ у дзеючых цэнах на кожнай ферме складзе ад 2500 да 2750 мільёнаў рублёў. На кардынальнае абнаўленне фермаў у Канюшаўшчыне, Брыльках, Даўбенях, Лесніках пойдзе ў сярэднім ад 1100 да 1680 мільёнаў рублёў. На астатніх аналагічных  аб’ектах жывёлагадоўлі раёна работы менш аб’ёмныя, а значыць і менш затратныя.

Гаспадаркам Мінскай вобласці аказваецца фінансавая падтрымка з боку аблвыканкама. Першы транш склаў 50 мільярдаў рублёў. Па ўрадавай лініі таксама ёсць рэальная дапамога. Напрыклад, цэны на цэмент і некаторыя віды лесаматэрыялаў для мэт рэканструкцыі, мадэрнізацыі МТФ зніжаны на 10 працэнтаў.

Пераважная колькасць сельгаспрадпрыемстваў будуць весці работы па рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў гаспадарчым спосабам.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий