СКАЖАМ “СТОП” ІНФЕКЦЫЯМ І ГРЫПУ

Общество

Вострыя рэспіраторныя захворванні перадаюцца паветрана-кропельным шляхам і выклікаюцца вірусамі і бактэрыямі.

У асноўным, узбуджальнікі вострых інфекцый перадаюцца ад чалавека да чалавека праз кашаль ці чханне. Знаходзячыся на адлегласці метра ад хворага, мы падвяргаемся рызыцы. Вірусы могуць заносіцца і бруднымі рукамі, калі імі датыкацца да вачэй, носа ці рота. Прытрымліванне правілаў асабістай гігіены можа стаць надзейным бар’ерам для вострых рэспіраторных хвароб.

Найперш пастарайцеся пазбягаць кантакту з людзьмі, у якіх яўна праяўляюцца сімптомы захворвання (тэмпература, кашаль). Пажадана адмовіцца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах. Часцей мыйце рукі з мылам, не дакранайцеся да твара, рота, носа. Не забывайцеся праветрываць жылыя і офісныя памяшканні. Прытрымлівайцеся здаровага ладу жыцця (здаровы сон, рацыянальнае харчаванне, фізічная актыўнасць, прагулкі на свежым паветры).

Калі ж нехта з вашых блізкіх захварэў, яго неабходна ізаляваць, а здаровыя члены сям’і павінны прыкрыць рот і нос марлевымі маскамі. Выдзеліце хвораму індывідуальныя прадметы асабістай гігіены і посуд. Абмяжуйце кантакты хворага да мінімуму. Цяжарным жанчынам не рэкамендуецца даглядаць хворых.

Адчуўшы прыкметы інфекцыі, неабходна трымацца ад здаровых людзей на адлегласці не менш за метр. Пастарайцеся ўжываць больш вадкасці, нос і рот пры кашлі і чханні прыкрывайце насоўкай ці аднаразовымі сурвэткамі. Мыйце рукі пасля кожнага кантакту з выдзяленнямі з дыхальных шляхоў! Насіце маску, калі знаходзіцеся на агульнай тэрыторыі дома ці паблізу здаровых людзей.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ “Валожынскі райЦГЭ”.

 



Добавить комментарий