ПЕНСІІ РАСТУЦЬ

Общество

У Беларусі працоўныя пенсіі ў лютым бягучага года ў выніку пераразліку будуць павялічаны ў сярэднім на 24 працэнты. Гэта павышэнне адчуюць больш як 2,4 млн. чалавек, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва.

Яна нагадала, што ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі нумар 35 «Аб павышэнні пенсій», пераразлікі працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ў 2012 годзе будуць ажыццяўляцца штоквартальна. З 1 мая бягучага года пенсіі будуць пераразлічаны зыходзячы з сярэдняй заработнай платы па краіне за I квартал, з 1 жніўня – зыходзячы з сярэдняй зарплаты за II квартал, з 1 лістапада – за III квартал.

Пераразлік з 1 лютага будзе зроблены зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за IV квартал 2011 года. Сярэдні памер працоўнай пенсіі па ўзросту павялічыцца да Br1 млн. 252 тыс. Максімальны памер працоўнай пенсіі па ўзросту для непрацуючых пенсіянераў дасягне з лютага Br1 млн. 879 тыс. 260.

«Неабходныя сродкі на выплату павышаных пенсій у Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ёсць, – запэўніла намеснік міністра. – Выплаты ў новых памерах пачнуцца ўжо з 1 лютага, яны будуць праведзены своечасова і ў поўным аб’ёме».

Валянціна Каралёва адзначыла, што з 1 лютага таксама адбудзецца чарговы пераразлік мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, надбавак і павышэнняў да пенсій у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Акрамя таго, нагадала намеснік міністра, Прэзідэнтам Беларусі з 1 студзеня 2012 года ўстаноўлена дадатковая мэтавая даплата да пенсій пажылым грамадзянам, якая будзе выплачвацца штомесяц непрацуючым пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым. Даплаты ўстаноўлены да пенсій амаль 600 тыс. чалавек: для асоб, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, – 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту, 80 гадоў і старэйшым — 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту. Такім чынам, памер студзеньскай даплаты складае адпаведна Br107 тыс. 770 і Br143 тыс. 700, у далейшым гэты памер будзе карэкціравацца ў залежнасці ад велічыні мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны падкрэсліла, што выплата студзеньскай даплаты людзям ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым будзе праведзена ў лютым 2012 года — разам з лютаўскай пенсіяй і даплатай да яе.

У мінулым годзе ў Беларусі праведзены тры пераразлікі працоўных пенсій (з чэрвеня, жніўня і лістапада). Чатыры разы (з лютага, мая, жніўня і лістапада) павышаліся мінімальныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да пенсій у сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму. З улікам эканамічнай сітуацыі першачарговая ўвага ў 2011 годзе была ўдзелена падтрымцы атрымальнікаў невысокіх пенсій. Так, з чэрвеня павышаны памер даплаты да мінімальных працоўных пенсій з 15 працэнтаў да 20 працэнтаў сярэдняй зарплаты. Са жніўня павялічаны памеры сацыяльных пенсій. Двойчы — у ліпені і верасні 2011 года — непрацуючым пенсіянерам аказвалася аднаразовая матэрыяльная дапамога.

 



Добавить комментарий