МАЁНТАК ВАБІЦЬ ДАЎНІНОЙ, АЛЕ ХАВАЕ СВАЕ ТАЙНЫ…

Культура

Вёска Яхімаўшчына Багданаўскага сельсавета на першы погляд падаецца адной з многіх. Разам з тым мала хто можа сказаць, што ў яе адметная гістарычная спадчына. Магчыма, не такая насычаная і старадаўняя, як, напрыклад, у Лоску, але са сваімі персанажамі і нават… захаваным з даўніх часоў маёнткам.

Рэдакцыйная машына выязджае на дарогу, што хвалістай пясочнай стужкай акружае названы населены пункт. Па другім баку – ужо тэрыторыя Гродзенскай вобласці. Цікава, што за два ці менш кіламетры адсюль – таксама вёска Яхімаўшчына, толькі яна ў падпарадкаванні Эйгердаўскага сельсавета Іўеўскага раёна. Цікаўлюся ў мясцовых, яны сведчаць, што “тая” Яхімаўшчына да “нашай” не мае ніякага дачынення. Нават прозвішчы ў людзей іншыя, ды і сваякоў там ні ў кога з валожынскіх яхімаўцаў няма. Гістарычны парадокс? Верагодна, не. Трошкі святла на суцэльную карціну пралівае кніга “Памяць” Валожынскага раёна.

ПОДЫХ СІВЫХ СТАГОДДЗЯЎ

Яхімаўшчына, дакладней, векавечныя пушчы, якія тут вольна раскінуліся ў часы Вялікага Княства Літоўскага, узгадваюцца ў дакументах 1550 года як уласнасць князёў Гальшанскіх. А праз 16 гадоў, у 1566, тут ужо быў маёнтак, супольная ўласнасць каралеўскага маршалка М. Сапегі і яго жонкі – княгіні Г. Сангушкаўны-Кашырскай. Дзве ж вёскі ўзгадваюцца пад 1602 годам як законныя ўладанні каралеўскага канюшага ВКЛ П. Сапегі. Магчыма, менавіта ў той далёкі час і ўзніклі дзве сённяшнія Яхімаўшчыны, і толькі шмат пазней тэрытарыяльны паздел развёў іх па розных абласцях.

Апошні двор вёскі – адметны. Да гэтай пары стаіць тут будынак, якому немаведама колькі гадоў. Старажылы сведчаць, што гэта – колішняя ўласнасць паноў Паплаўскіх, іх маёнтак. Апошняя з гэтага роду пані (на жаль, людская памяць не захавала яе імя, не знайшоў я звестак і ў іншых даступных крыніцах) жыла ў маёнтку ў пачатку мінулага стагоддзя. Карані ж хаваюцца яшчэ глыбей: згодна з некаторымі гістарычнымі досведамі, вёска, дзе жылі 18 рэвізскіх душ (мужчын, з якіх здымаўся падушны падатак), належала памешчыку Паплаўскаму яшчэ ў 1861 годзе.

Яхімаўскі двор (былая назва сядзібы), верагодна, стаяў на гэтым месцы задоўга да таго, як з’явіліся тут першыя Паплаўскія, таму што пры правядзенні на гэтым месцы земляных работ былі знойдзены рэшткі драўлянай дрэнажнай сістэмы. На карысць гэтага меркавання сведчыць і высокі падмурак дома: камень кладкі настолькі стары, што пачаў абрастаць мохам.

Няма ўжо старых ліп – сведак сівой даўніны, якімі калісьці быў абсаджаны Яхімаўскі двор. Але нераўнадушныя да сваёй спадчыны людзі не паленаваліся прыхарашыць тэрыторыю старога маёнтка. Цяпер тут зелянеюць маладзенькія сосны.

НА РЫБНЫХ УГОДДЗЯХ ШЧЫРУЮЦЬ БАБРЫ

Адзін з маіх суразмоўцаў – чалавек пачцівага ўзросту, але з вясёлай і рамантычнай маладой душой, – гаворыць, што калісьці вёску па праву можна было залічыць у прыгажэйшыя месцы Валожыншчыны. За будынкам маёнтка ціхенька бруіцца невялікая рачулка Чарніца. Сапраўдная ж яе гістарычная назва – Чорны Ручай. Сапраўды, вада тут толькі падаецца цёмнай, на самай справе гэта хітрыкі гульні святла. Паслужлівая фантазія з гатоўнасцю дамалёўвае, як неаднойчы ўлетку сюды па сходнях спускалася пані Паплаўская, каб асвяжыцца сярод прахалоды дрэў. Стаяла на драўляным мастку (цяпер на яго месцы пакладзена труба і паверх насыпаны пясок), углядалася ўдалячынь – туды, дзе рэчка сілкавала некалькі сажалак: вунь спрытныя рыбакі на чоўне раз-пораз дастаюць сеткі з уловам! А затым няспешна прагульвалася па вербавай палісадзе, што цягнулася, наколькі хапала вачэй…

Мой субяседнік яшчэ застаў тыя вербы ў маленстве. Пасаджаныя абапал дарогі, яны ласкава шапацелі на ветры, добра хавалі ад спёкі летам, стрымлівалі наступ снягоў у халодныя зімовыя месяцы. Але найбольш даспадобы малому была вясновая пара, калі ў густым голлі на досвітку пачыналі цёхкаць салаўі. Іх песнямі поўнілася сэрца… Няўмольны час зрабіў сваё. Не стала вербаў, пачала забалочвацца зямля, густа запаланіла месцы былых сажалак дзікарослае кустоўе. І цяпер у хмызняку плёхаецца вада, але паўнаўладна гаспадарыць тут ужо не рыба. Бабры! Гэтыя нястомныя працаўнікі даўно ўжо навялі на зацішным, прыдатным для іх месцы свае парадкі і працягваюць пашыраць “поле дзейнасці”. Іх гаці сустракаюцца ўсё часцей, але адчувальнай шкоды гэта пакуль нікому не прынесла, таму і звяры, і людзі падтрымліваюць добрасуседскія адносіны.

ТРЭБА ПАМЯТАЦЬ,

ХТО МЫ ТАКІЯ…

“Вялікая гісторыя складаецца з малых. А тут іх – безліч”, – кажуць два пажылыя мужчыны, якія спрытна махаюць сякерамі: сякуць дровы на зіму. Яны і прадстаўляюць мне некаторыя дадатковыя звесткі пра маёнтак і яго апошнюю гаспадыню з роду Паплаўскіх. Аказваецца, пані дасканала гаварыла па-французску. Гэтаму факту, праўда, я не вельмі здзівіўся, бо жанчына была, відавочна, шляхцянкай, а ў яе часы – пры царскай Расіі існавала мода на вывучэнне замежных моў, і асабліва – французскай. Даведаўся я таксама пра тое, што калісьці глыбокія скляпенні будынка служылі ў якасці лядоўні і што гадоў з пяць таму на гістарычную радзіму наведаўся з Марсэля ўнучаты пляменнік пані. Чалавека тады падбадзёрыў і парадаваў належны стан, у якім падтрымліваецца бабулін маёнтак.

Навіной для мяне стала і тое, што, па словах субяседнікаў, пры жыцці пані Паплаўскай вёскі Яхімаўшчына Валожынскага раёна, якую мы ведаем сёння… не было, а людзі на гэтай зямлі пачалі сяліцца толькі пасля ўсталявання Савецкай улады! І ўсё ж, калі нават улічыць даны факт, Яхімаўскі двор па-ранейшаму займае сваё месца ў гістарычнай спадчыне Валожыншчыны. Справа ў тым, што Яхімаўшчына суседняга Іўеўскага раёна, якая, уласна кажучы, і адносілася да маёнтка, з 1921 па 1939 гады была ў складзе Трабскай гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы.

Зрэшты, ці так на самай справе гэта важна? Не раз мяняліся адміністрацыйна-тэрытарыяльныя межы раёнаў, а людзі тут як жылі са сваімі радасцямі і бедамі, так жывуць і па сёння. Па-добраму ўразілі словы аднаго з мужчын-дрывасекаў: “А хіба ёсць істотная розніца, на чыіх землях стаяў стары маёнтак? Навошта нешта дзяліць, калі ўсе мы пад адным Богам ходзім?..” Але і забываць – не маем права, бо вось у такіх маёнтках і фальварках нашы карані, пакінутая для нас продкамі спадчына. І як тут дарэчы прыйдуцца мудрыя словы Ларысы Геніюш:

На гэтай зямельцы – усе мы не госці,

Усе мы – чыесьці, усе мы – кагосьці.

І хоць спарахнелі дзядоў

нашых косці,

У нашай натуры ёсць іхняе штосьці…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий