ЖУРАВЫ НАД ПАГОРКАМІ

Люди и судьбы

Людскасць, дабрыня, хараство ў чалавеку. Якой толькі не нясе ім хвалы, як не паэтызуе іх песня народная. І, ужо прытомленая пераказам сваіх песень, Рубацкая ажыўляецца, вочы свецяцца ціхай усмешкай, і словы і голас уражваюць арганічнасцю, глыбокай натуральнасцю:

Не гніся, не гніся, калінавы мосцік,

Там едзе Міхаська да цешчы ў госці.

Як праз поле едзе – ажно поле ззяе,

А як лесам едзе – лес палягае,

А праз вёску едзе – людзі дзівуюць:

– Ото ж таму добра, чый сынок едзе,

Яшчэ таму лепей, чыім зяцем будзе.

Іншая вясельная зусім пазбаўлена рамантычнай узнёсласці ў сваім змесце: проста цешчу турбуе, які будзе яе зяць. Але і тут песня ўмее стварыць атмасферу незвычайнасці. На тое дадзена паэту, ці гэта індывідуум, ці цэлы народ, магія слова.

Ой, цешча зяця даўно жадала,

Па ўсіх дарогах старожы стаўляла,

А дзе зяць ехаў – там сама стала,

І цешча ў зяця праўды пытала:

Ці будзеш, зяцёк, гарэлачку піці?..

Маладая ў песнях Ганны Рубацкай падобна да тысячаў маладых з іншых вясельных. Але нячаста сустрэнеш такую, што хоча ў задуме пасядзець, глянуць неяк збоку на сябе і сваё вяселле. Ды ўсё вяселле падае песня гэта з нейкім шырокім ахопам, ствараючы некалькімі мазкамі выразную фрэску, мастацкае абагульненне, у якім, аднак, ёсць месца і для псіхалагічнай дэталі.

Маладая Волечка, прасі свайго татачкі:

– Татачка мой родненькі, да збірай пляменейка,

Да збірай пляменейка – зачынай вяселейка.

Вялі музыкам зайграці, пускай дружыну гуляці.

Дружына гуляць хоча, дзевачкі спяваць будуць.

А я ціханька пасяджу і на дружыну пагляджу.

І неабавязкова песня Рубацкай будзе прарочыць маладой дзяўчыне “чужую староначку невясёлую, чужую сямеечку неспагадную”. Яна супакойвае і дае надзею на лепшае, кліча ў новы свет, абяцае радасць пазнання новага жыцця.

Паедзем, Наталька, у чужыя людзі,

А ў чужых людзях лепей табе будзе,

Будуць сцежачкі невядомыя,

Будуць суседкі незнаёмыя…

Ганна Міхайлаўна спявае без націску, роўна, напаўголаса, але выразна і як бы сама сабе напамінаючы аб нечым далёкім. Калі ж слова лягло трохі не так ці голас, здалося ёй, прагучаў глухавата, тут жа хапатліва папраўляецца ды зноў вяртаецца да спакойнай замроенасці. Неўпрыкмет далучае да перажыванняў, выказаных у песні. Нечым па-чалавечы блізкімі робяцца дзяўчына і яе маці з песні:

Ой, стаяла сасоначка на заходзе сонца,

Ой, плакала дзяўчыначка, гледзячы ў аконца.

– Чаму тады, матуленька, мяне не будзіла,

Калі мая кумпаначка замуж выхадзіла?

– Да я затым, дачушачка, цябе не будзіла,

Твой міленькі ўпярод ехаў, каб ты не нудзіла…

І тая маладая жанчына, што праз стагоддзі і сёння пытаецца ў людзей, у нас, у кожнага:

Ой, паехаў мой міленькі на вайну,

Ой, пакінуў мяне маладзенькую адну.

З кім я буду цёмну ночку начаваць?

З кім я буду цёпла лецечка чакаць?

З кім я пайду ў роўна поле жыта жаць?..

Простая даверлівасць чалавечага сэрца, даверлівасць слова, інтанацыі. Як нямала яны значаць ў жыцці, мастацтве. І сярод вобразаў, слоў песень Рубацкай знаёмае з дзяцінства шчымліва адзываецца ў сэрцы, кліча згадкі

Ой ляцелі гусі ды з-пад Беларусі,

Селі яны, палі на ціхім Дунаі…

І, мабыць, запомніліся яны табе ў тваім трэцім класе не таму, што кранулі, маглі крануць дзіцячае сэрца расказам пра двух чалавек, што горача кахалі адзін аднаго, а потым чамусь “рассталіся, як цёмная хмара”. Засталося ў памяці, як настаўнік Туцкі браў скрыпку і пад смычком яго струны спявалі празрыстае “…на ціхім Дунаі”. А пазней ты вычытаў у пісьменніка, як юнаком, яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, трапіўшы за ўдзел у рэвалюцыйных хваляваннях у знакамітую турму “Бутыркі”, ён з землякамі-студэнтамі праз гэту песню перажыў радасць пазнання радзімы, пачуў гукі яе. Гэта Ядвігін Ш. расказаў у кнізе “Успаміны”, што ўбачыла свет дзесьці ў год яго смерці.

Чую з вуснаў Ганны Міхайлаўны:

Ці ў лузе, ці ў лузе не калінка расла.

Ці ў лузе, ці ў лузе не чырвоная была,

Яе ўзялі паламалі, у пучочкі павязалі –

Мусіць, трэба было, мусіць, трэба было.

Ці я ў мамкі, ці я ў мамкі не дачушка была,

Ці я ў мамкі, ці я ў мамкі не прыгожаю расла, –

Мяне ўзялі замуж далі, –

Свет навекі завязалі:

Мусіць, трэба было,

Мусіць, трэба было.

Словы – чутыя даўно. Дзесь у школьныя гады. Нават, здаецца, няскладна падцягваў іх у вучнёўскім хоры. Але няпросты жыццёвы сэнс іх адчуў пазней, калі пасталелымі вачыма ўчытваўся ў Янку Купалу, спасцігнуў яго верш на той жа народны матыў, а са слоў жонкі паэта даведаўся, што была гэта песня ў яго самая любімая з народных. І яшчэ неяк раз уразіла гэта песня, пачутая па радыё. Уразіла тым, што словы былі амаль тыя самыя, толькі іншая танальнасць. Але спявала, білася ў ёй іншае сэрца. Так пачуў яе, узняў адпаведна вышыні сваёй душы вялікі Чайкоўскі.

Час і развітацца. Сто песень Рубацкай у мяне на магнітафонных стужках, цэлы рой, паўтома, а нават і том паэзіі. На адходзе даведваюся, што ўнучка Ганны Міхайлаўны скончыла музычнае вучылішча і цяпер сама працуе выкладчыцай у Маладзечне. Відаць, нездарма ў яе маленстве гучалі простыя, даверлівыя сваімі словамі і інтанацыяй бабуліны песні. Значыць, лінія духоўнасці ў сям’і Рубацкіх не перапыняецца. І хто ведае, можа, яна ўзрастае, абавязкова ўзрасце. Бо на гэта працуе і час. Наш час, руплівы дойлід чалавека.

Адвітаўшыся з Рубацкімі, праз мінуту трапляю на пятачок-пляцоўку аўтобуснай станцыі, дзе многа моладзі, школьнікаў. Пакуль аўтобус наш адправіцца на станцыю Валожын, адкуль мне трэба папасці ў песенную вёску Лістапады, разгортваю куплены тут том у блакітна-белым суперы “Беларускіх народных песень” Шырмы. Гэта не самі запісы старэйшыны нашай музычнай культуры, а мастацкія апрацоўкі беларускай песні.

Сабраныя народныя творы былі толькі зернем. Але зернем, што трапіла ў натхнёныя шчырыя рукі. Сагрэтыя вялікім і чулым сэрцам, песні развінулі крылы, каб ляцець у свет. Плён гэтай зямлі стаў яе голасам. Ад усведамлення такога і ад таго, што ўсё ж адбылася сустрэча з песняй ды ад ціхай гаманы суседзяў у аўтобусе было светла і радасна. У сіняй далечы, куды імкнула дарога, над зялёнай рунню абазначыліся, спелі галасы песень.

Пастскрыптум.

Знаёмства наша з Ганнай Міхайлаўнай на адной сустрэчы не перапынілася. З гадамі яно перайшло ў прыязныя шчырыя адносіны, узаемную патрэбу перакінуцца словамі хоць праз лісты, падзяліцца перажытым, спытаць пра нешта аднаму з нас невядомае. Найчасцей пытаўся я: нешта рупіла даведацца пра даўнейшыя земляробчыя звычаі, святы, падзеі, сведкай якіх Ганне Рубацкай давялося быць на вяку. Адказы радавалі. Жывой, натуральнай народнай мовай лісты з Валожына расказвалі пра талаку, каляды, вялікдзень, як яны святкаваліся на пачатку стагоддзя. Пры гэтым у лістах трапляліся і не згаданыя адразу Ганнай Міхайлаўнай песні, сярод якіх паблісквалі сапраўдныя залацінкі паэзіі…

Арсень ЛІС.

(Працяг будзе).

 



Добавить комментарий