ЗЯМЕЛЬНЫЯ ЎЧАСТКІ НА ЗАКОННЫХ ПАДСТАВАХ МОЖНА АТРЫМАЦЬ АПЕРАТЫЎНА

Общество

З 1 студзеня набылі юрыдычную сілу змены, унесеныя ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў”  № 667 ад 27. 12. 2007 года.  Яны істотна падкарэкціравалі існуючы дагэтуль механізм прадастаўлення зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома.

Шматдзетным сем’ям – добрая падмога…

Спынімся больш падрабязна на некаторых новаўвядзеннях. Грамадзянам Беларусі – шматдзетным сем’ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, дадзена права атрымаць зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць.

У прыватную ўласнасць могуць аформіць участак і грамадзяне, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў і не маюць уласных кватэр. Сюды ж адносіцца і той, хто не з’яўляецца ўладальнікам аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў. У гэтым кантэксце зраблю і такое істотнае ўдакладненне: такія грамадзяне не павінны мець зямельных участкаў для будаўніцтва і (ці) абслугоўвання аб’ектаў нерухомай маёмасці, зарэгістраваных пасля 8 мая 2003 года. Калі пералічаныя вышэй умовы захаваны, то такія грамадзяне, згодна з новаўвядзеннямі, надзелены законным правам аформіць участак у прыватную ўласнасць (пры гэтым яны абавязаны аплаціць 20 працэнтаў кадастравага кошту выдзеленага зямельнага ўчастка) ці ў пажыццёвае спадчыннае ўладанне.

У прыватную ўласнасць дазваляецца набыць участак і  грамадзянам, якія стаяць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, і пры гэтым маюць ці мелі ўласныя кватэры, аднакватэрныя, блакіраваныя жылыя дамы, зарэгістраваныя пасля 8 мая 2003 года. Але ў гэтым выпадку памер аплаты ўзрасце. У прыватнасці, ён складзе ўжо 50 працэнтаў, а не 20 кадастравага кошту выдзеленага ўчастка.

А як быць грамадзянам, якія не стаялі на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў? Згодна з новымі зменамі ва Указе Прэзідэнта № 667 яны таксама могуць аформіць участак у прыватную ўласнасць. Але толькі пры ўмове, калі ўнясуць аплату ў памеры кадастравага кошту зямельнага ўчастка. На аналагічных умовах прадастаўляецца права арандаваць зямельны ўчастак.

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства пры жаданні таксама могуць набыць участак у арэнду. Яны абавязаны заплаціць за права заключэння дагавора арэнды зямельных участкаў на падставе іх кадастравага кошту.

 

У Ракаўскім і Залескім сельсаветах іншыя ўмовы

Асобна хочацца спыніцца на ўмовах атрымання зямельных участкаў у населеных пунктах, якія размешчаны ў прыгарадных зонах Мінска, абласных цэнтраў і гарадоў абласнога падпарадкавання. Да такіх на тэрыторыі нашага раёна адносяцца населеныя пункты Ракаўскага і Залескага сельсаветаў. Тут устаноўлены пэўныя абмежаванні. Калі хто пажадае атрымаць участак для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў у такіх населеных пунктах, то памер выдзеленага ўчастка складзе ад 0,10 да 0,15 гектара ўключна. Калі ж грамадзяне ў такіх населеных пунктах пажадаюць атрымаць участак для таго, каб весці асабістую падсобную гаспадарку, гэта можна зрабіць толькі пры наступнай ўмове. Калі размяшчэнне такіх участкаў прадугледжана генеральнымі планамі населеных пунктаў.

З будаўніцтвам не марудзь!

Звернем увагу і на такі важны аспект – тэрміны будаўніцтва жылля на атрыманых зямельных участках. Да ўзвядзення будынкаў трэба абавязкова прыступіць на працягу аднаго года з дня атрымання дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастка і правоў на яго.

Калі ж умовы не выконваюцца, то мясцовы выканаўчы камітэт накіроўвае грамадзяніну прадпісанне наконт неабходнасці пачатку будаўніцтва. Заўважым, што тэрмін, указаны ў прадпісанні, не павінен перавышаць аднаго месяца. Калі і пасля гэтага грамадзянін не выконвае ўмовы адводу зямельнага ўчастка, мясцовы выканкам пазбаўляе яго права карыстання, пажыццёвага спадчыннага ўладання ўчасткам і разглядае пытанне аб яго адабранні. Падаецца заява ў суд аб спыненні права прыватнай уласнасці, аб скасаванні дагавора арэнды, і як лагічны працяг – вырашаецца пытанне аб далейшым выкарыстанні такога ўчастка.

 

Фарміруецца адзіны спіс

У канцы мінулага года ўрад краіны зацвердзіў Палажэнне аб парадку ўліку грамадзян, якія жадаюць атрымаць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў. Згодна з гэтым дакументам мясцовыя выканаўчыя камітэты фарміруюць адзіны спіс такіх грамадзян з улікам чэргаў, якія існавалі дагэтуль. Грамадзяне, якія стаялі наступнымі ў спісе, уключаюцца ў адзіны спіс пасля тых грамадзян, якія стаялі ў папярэдняй чарзе (спісе).

Каб стаць на ўлік, трэба падаць заяву ў адпаведны мясцовы выканаўчы камітэт. Выканкам накіроўвае грамадзяніну прапановы аб атрыманні зямельных участкаў. Там абавязкова ўказваецца наступнае: у які дзень, час, у якое канкрэтна месца неабходна прыбыць грамадзяніну для падачы заявы на прадастаўленне яму аднаго з зямельных участкаў, якія былі ўключаны ў пералік свабодных.

Калі грамадзянін адмаўляецца ад прадастаўленага яму ўчастка, то факт гэтай адмовы ён у абавязковым парадку павінен пацвердзіць у пісьмовай форме. Калі ж грамадзянін у вызначаны час не наведаў мясцовы выканкам, то гэта таксама расцэньваецца як адмова ад атрымання зямельнага ўчастка. Трэба ўлічыць і такі нюанс: калі адмова ад участка з боку грамадзяніна паўторыцца, то ён увогуле знімаецца з уліку на атрыманне зямельнага ўчастка.

Дзмітрый ПРОТАС,

начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама.

 

І яшчэ такое важнае дапаўненне на гэту тэму: звесткі пра свабодныя зямельныя ўчасткі размешчаны на інфармацыйных стэндах мясцовых выканкамаў, а таксама на афіцыйным сайце райвыканкама і аблвыканкама.

 



Добавить комментарий