У АДКАЗЕ ЗА БЯСПЕКУ – ГАСПАДАРЫ

Общество

Па звестках гідраметэацэнтра, на тэрыторыі вобласці чакаецца далейшае ўзмацненне марозу. У першай дэкадзе лютага тэмпература паветра можа апусціцца да мінус 25-30 градусаў. З-за дрэннага ўцяплення дымавых і вентыляцыйных каналаў узнікае верагоднасць іх абмярзання ў ацяпляемых бытавым газавым абсталяваннем жылых дамах. Пры гэтым спрацоўвае аўтаматыка бяспекі і ацяпляльныя катлы адключаюцца.

Акрамя таго, некаторыя абаненты, каб зэканоміць цяпло, свядома парушаюць правілы карыстання газам у быце – перакрываюць вентыляцыйныя каналы анучамі і іншымі матэрыяламі, выводзяць з эксплуатацыі аўтаматыку бяспекі. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да паступлення прадуктаў згарання газу назад у кухню. Менавіта па такіх прычынах у Беларусі адбыўся шэраг няшчасных выпадкаў, загінулі людзі. Таму, каб пазбегнуць трагедыі, забараняецца самастойна ўмешвацца ў работу аўтаматыкі бяспекі, парушаць цягу перакрываннем дымавых і вентыляцыйных каналаў ці дапускаць абмярзанне іх агалоўкаў.

Варта яшчэ раз нагадаць, што ў перыяды паніжэння тэмпературы паветра ўласнікі дамоў павінны праводзіць рэгулярныя агляды і збіваць намерзлы лёд з дымавых каналаў, сістэматычна правяраць наяўнасць цягі. Адказнасць у адваротным выпадку нясуць самі гаспадары.

Сяргей БЕКІШ,

інжынер па ахове працы

РУ “Валожынрайгаз”.

 



Добавить комментарий