У ЛІЧБАХ ЯНА, ЯК “РЫБА Ў ВАДЗЕ”

Общество

Малады спецыяліст Вікторыя ВАЙТКОВІЧ працуе бухгалтарам у ААТ “Агра-Вішнеўскі” толькі паўгода. Аднак яе смела можна назваць правай рукой галоўнага бухгалтара. Работу сваю дзяўчына любіць – у лічбах і бухгалтарскіх дакументах яна “як рыба ў вадзе”, нягледзячы на ўзрост, сапраўдны ас сваёй справы. Ёй даверылі адзін з няпростых і адказных участкаў – бухгалтарскі ўлік па жывёлагадоўлі. А для такой работы важна быць празмерна ўважлівай і цярплівай. Аднак, як зазначае сама Вікторыя, яна з дзяцінства любіць працаваць з лічбамі, таму і не адчувае асаблівых цяжкасцей.

Вікторыя родам са Стаўбцоўшчыны, у наш раён прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Навапольскага аграэканамічнага каледжа. Яшчэ ў гады вучобы не раз прыязджала ва Улазавічы ў госці да сяброўкі-аднагрупніцы. Вясковай дзяўчыне было не складана прывыкаць да новай мясцовасці, бо ўсё тут вельмі нагадвае яе маленькую радзіму. Маці Вікторыі таксама працуе ў мясцовай гаспадарцы дыспетчарам. Да сельскагаспадарчай працы дзяўчына прывучана з маленства. Імкнецца яна і да новых ведаў, марыць пра вышэйшую адукацыю, таму ў хуткім часе плануе паступаць у Гродзенскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт.

Кіраўніцтва таксама цэніць Вікторыю, і не толькі як граматнага маладога спецыяліста, але і як добрага арганізатара, творчую асобу, чулага і спагадлівага чалавека, які заўсёды падтрымае і падбадзёрыць. “За такой моладдзю будучае гаспадаркі”, – у адзін голас гавораць старэйшыя работнікі.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий