“ПЕСЕНЬКА” ХВАРОБЫ БУДЗЕ НЯДОЎГАЙ

Общество

Прастуду можна “зарабіць” у выніку пераахаладжэння або заразіцца ёй ад хворага чалавека. Людзі з аслабленым імунітэтам часцей “падхопліваюць” прастуду. Таму старайцеся прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, загартоўвайце арганізм, больш гуляйце на свежым паветры. І тады здароўе стане вашым надзейным спадарожнікам на доўгія гады жыцця. 

Але калі вы адчулі першыя прыкметы прастуды, то не ігнаруйце наступныя парады!

Паклапаціцеся, каб на вашым стале было як мага больш прадуктаў, якія ўтрымліваюць вітамін С. Ужывайце больш вадкасці. Два-тры разы на дзень піце травяныя чаі. Гэта могуць быць аптэчныя грудныя зборы або звычайны маліннік, ліпавы цвет. Пры моцным насмарку раім прымаць па некалькі кропель соку часнаку ці цыбулі з лыжкай мёду.

Калі тэмпературы няма, то перад сном добра папарыць ногі з гарчыцай (пры алергіі гарчыцу не кладзіце!). Выдатны эфект даюць інгаляцыі з настойкі эўкаліпту ці календулы. На літр вады дастаткова адной чайнай лыжкі. Пры моцнай прастудзе вазьміце жменю рамону, заліце яго шклянкай кіпеню, дайце настаяцца некалькі хвілін, а потым удыхайце.

Насмарк будзе менш непакоіць, калі прымаць гарачыя ванны для рук з узрастаючай тэмпературай ад 35 да 42 градусаў на працягу 10 хвілін.

Каб не аслабіць ахоўную рэакцыю арганізма, не збівайце тэмпературу цела, калі яна не перавышае 38 градусаў. Пры вышэйшай тэмпературы зрабіце кампрэс з воцату, пакладзіце лёд каля галавы. Калі не дапаможа, то кожныя 3-4 гадзіны прымайце гарачкапаніжальныя сродкі, пакуль тэмпература не апусціцца да 38 градусаў.

Ганна ВІЛЬКЕВІЧ,

урач-тэрапеўт райпаліклінікі.

 



Добавить комментарий