СВАЯ НОША НЕ ЦЯГНЕ

Общество

“Мужчыны не плачуць, мужчыны засмучаюцца,” – гэта фраза з фільма Леаніда  Быкава “Аты-баты, шлі салдаты” ўспомнілася мне на мерапрыемстве “Тата можа ўсё, што пажадаеш”. Яго арганізавалі супрацоўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для мужчын, якія па тых ці іншых прычынах засталіся без другой палавінкі і самастойна выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

Яны не ахвотнікі скардзіцца і абіваць парогі, каб атрымаць нейкія льготы і дапамогі. Відаць, у кожнага з іх, хоць гэта людзі рознага сацыяльнага статусу, ёсць цвёрдае перакананне: сапраўдны мужчына перад цяжкасцямі не пасуе і ўсе праблемы вырашае сам.

Апошнія чатыры гады біяграфіі трыццацігадовага Андрэя Анфаровіча з Подберазі бы кантрастны душ: і горача ад шчасця, і сцюдзёна ад крыўды. Пасля вяселля яны з маладой жонкай рашылі, што жыць будуць у роднай Андрэевай вёсцы, разам з яго бацькамі. Некаторы час нават намёкаў на бяду ў паводзінах маладзіцы не назіралася. А можа проста закаханы глядзеў на сваю абранніцу праз ружовыя акуляры? І толькі калі нарадзіўся першынец, Ілля, малады чалавек змог заўважыць, што жонцы нічога, акрамя гарэлкі не міла. Яна магла кінуць хлопчыка і сысці з дому на некалькі дзён. Знявагу ў адносінах да сябе Андрэй мог вытрымаць, а вось пакуты маленькага сына ранілі вельмі балюча. Іншага выйсця, як пазбавіць жонку бацькоўскіх правоў і скасаваць няўдалы шлюб, не было. “Спачатку было вельмі цяжка: прыйшлося кінуць работу і ўзяць водпуск па догляду за дзіцем. Вучыўся варыць кашкі, спяваць калыханкі… У многім выстаяў дзякуючы маме, якая тады мяне вельмі падтрымала, – гаворыць Андрэй. – Іллюшу хутка тры годзікі. Мы з ім выдатна ладзім. А былая жонка нават і не цікавіцца, як ён расце.”

Гэты прыклад, на жаль, не адзінкавы. Жыхар Гародзькаў Міхаіл Аляксандравіч Загорскі выхоўвае дзвюх дачок, 1996 і 2002 гадоў нараджэння. Больш за сем гадоў мінула з таго дня, як жонка пакінула сям’ю і пайшла ў свет шукаць шчасця. Магчыма, што і знайшла, бо ўжо стварыла новую сям’ю, нарадзіла дзіця, дзяўчат зрэдку праведвае, плаціць аліменты. Міхаіл – малады мужчына, магчыма, ён мог бы яшчэ сустрэць жанчыну, але той няўдалы шлюб да гэтага часу не скасаваны.

…Вядома, сацыяльныя работнікі не цудатворцы, і цалкам вызваліць гаротнікаў з ціскоў лёсу не могуць. Але падтрымаць грашовай адраснай дапамогай, “гуманітаркай” і прадуктамі харчавання гатовы. Пра гэта падрабязна расказалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі, дырэктар цэнтра Г. Ф. Рай, спецыялісты Н. Я. Радына і Т. В. Акушка. Аб гатоўнасці працягнуць руку маральнай дапамогі гаварылі юрысконсульт М. В. Бацян і псіхолаг А. В. Жданюк.

Спагада запатрабавана ў любых сітуацыях, тым больш – у трагічных. У вёсцы Выганічы жыве ўдавец, на руках якога – сын-інвалід. Хлопчык пакутуе ад цяжкіх прыступаў, кожны з якіх раніць бацьку ў самае сэрца. Калі была жывая жонка, то ўсе нягоды дзяліліся на дваіх, а цяпер вось даводзіцца чэрпаць гора поўнай лыжкай у адзіночку.

“Жонка памерла зусім маладой, пакінуўшы малых дзяцей. Іншага выйсця, як навучыцца жыць у новых умовах у мяне не было. Раз ёсць бацька, то ёсць і сям’я, хоць і не поўная…” – прызнаўся адзін з суразмоўцаў.

Гэтыя простыя, зусім не пафасныя словы выказалі ўсю духоўную моц чалавека, перад якой бяссільны самыя жудасныя навалы. Адначасова шкада стала тых, хто жыве ў поўнай сям’і, але так і не ўсвядоміў, што такое шчасце неабходна шанаваць, як найвышэйшую каштоўнасць.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий