ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

АБЫ ТАВАР – КУПЕЦ БУДЗЕ

У дзяжурную часць паступіла паведамленне ад жыхара Валожына, што адзін з вадзіцеляў аўтапарка № 14 рэалізуе крадзены бензін. Праваахоўнікамі было ўстаноўлена, што факт і сапраўды меў месца. Аматар пажывіцца за дзяржаўны кошт прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

І КАНЦЫ Ў ВАДУ…

Вядзецца расследаванне па факту браканьерства, якое адбылося недалёка ад вёскі Белакорац. Як паведаміў вядучы інжынер паляўнічай гаспадаркі ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, падчас сумеснага рэйду са спецыялістамі-прыродаахоўнікамі, былі выяўлены дзве шкуры забітых казуль.

ЗА ІМГНЕННЕ ВОКА

На 55-ым кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна адбылося ДТЗ, у выніку якога пацярпеў чатырохгадовы хлопчык і яго бацька. Устаноўлена, што вадзіцель шматтоннага грузавіка не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе і адбылося лабавое сутыкненне з легкавушкай, вадзіцель і маленькі пасажыр якой былі цяжка траўміраваны. Прычынай аварыі сталі складаныя ўмовы надвор’я (слізгата, мяцеліца) і цёмны час сутак.

РЫЗЫКОЎНЫ СОН

Зямля, пакрытая снежнай коўдрай, адных кліча пакатацца на лыжах ці санках, пагуляць у снежкі, а іншых, хто асабліва цесна сябруе з зялёным змеем, кінуцца ў белле і паспаць на чыстым. Толькі за тыдзень у Валожыне супрацоўнікамі міліцыі былі ўратаваны ад замярзання трое асоб, сярод іх – адна жанчына.

КУПІ – ПРАДАЙ

Адразу два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях складзены ў адносінах пенсіянеркі Дорскага сельсавета. Жанчына спачатку незаконным шляхам набыла два літры самагону, а потым адну бутэльку прадала суседу. Крымінальны бізнэс “накрылі” супрацоўнікі міліцыі. Правапарушальніцу чакае суд.

КОТ У МЯШКУ

Расчараваннем, напэўна, скончыўся дзень для невядомага злодзея, які ўзламаў замок гаспадарчай пабудовы ў садовым таварыстве “Родны кут” і вынес адтуль паўнюткі мех.

Пра крадзеж паведаміла гаспадыня дачы, але ўзбуджаць крымінальную справу не пажадала, так як вялікага ўрону не панесла, бо ў мяшок жанчына сабрала старыя дзіцячыя цацкі, якія збіралася выкінуць…

ПІШЫ ПРАПАЛА?

З ТАА МВАВТ «Ракаў-агра» паступіў сігнал аб прапажы трох цялят на адной малочнатаварнай ферме.

Даны факт усплыў падчас правядзення інвентарызацыі. Работнікі фермы паціскаюць плячыма, адказныя асобы разводзяць рукамі – ніхто не можа растлумачыць, як такое здарылася. У сітуацыі зараз разбіраюцца супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий