Яркім зорным конкурсам без перабольшання можна вобразна назваць штогадовае вылучэнне кандыдатаў на спецыяльную прэмію аблвыканкама “Чалавек года Міншчыны”.
На атрыманне яе прэтэндуюць лепшыя з лепшых па рэкамендацыі мясцовых органаў улады, працоўных калектываў. Усе кандыдатуры вызначаюцца бездакорным аўтарытэтам. Гэта людзі, якія па выніках года дасягнулі прафесіянальных вяршынь, вызначыліся наватарскімі ідэямі, папоўнілі скарбонку перадавога вопыту і г. д.
Конкурс выяўляе лідараў у розных сферах дзейнасці: вытворчай, невытворчай, грамадска-палітычнай. Ад нашага раёна, згодна з рашэннем райвыканкама, на суісканне спецыяльнай абласной прэміі вылучаны наступныя кандыдатуры: Марына Іванаўна Гурыновіч, урач-стаматолаг Івянецкай гарпасялковай бальніцы; Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч, дырэктар Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця; Таццяна Вячаславаўна Халявінская, настаўніца хіміі СШ № 2 горада Валожына; Аляксандр Станіслававіч Чарняўскі, выкладчык па спорце Валожынскай ДЮСШ агульнай фізічнай падрыхтоўкі.
Зразумела, у гэтых людзей будзе нямала сапернікаў на абласным этапе. Са шматлікай колькасці прэтэндэнтаў аўтарытэтная камісія вызначыць лепшых з лепшых. Магчыма, і нашым землякам усміхнецца ўдача. Яны гэтага заслужылі сваёй бездакорнай працай!
Ірына ПАШКЕВІЧ.