ПЕРШЫЯ Ў ВОБЛАСЦІ

Общество

Дырэктару Валожынскага філіяла ДУ “Мінаблпаліва” Міхаілу Ігнацьевічу Радыну ёсць чым ганарыцца: па выніках работы за 2011 год прадпрыемства заняло першае месца ў вобласці.

Слаўная пераможная традыцыя пачалася з 2008 года, калі       філіял заняў другое месца ў абласных вытворчых спаборніцтвах. Вынік паўтарылі і ў наступным годзе, а ў 2010-м святкавалі ўжо першынство. Сёлета слаўная справа таксама атрымала працяг. Ганаровую грамату з належнай грашовай прэміяй і каштоўны падарунак пад апладысменты калег-кіраўнікоў М. І. Радыну ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама В. А. Скакун. І адзначыў, што дасталася гэта ўзнагарода нялёгкай, але прыбытковай працай. Словы віншавання і падзякі адрасаваў кіраўніку аднаго з лепшых прадпрыемстваў Валожыншчыны і старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч.

Валожынскі філіял стаў першым у вобласці па тэмпах рэалізацыі паліва (113 %), росту выручкі за аказаныя паслугі (194 %) і інш. Прадпрыемства атрымала прамы прыбытак у суме 714 мільёнаў рублёў, выручка за іншыя аказаныя віды паслуг дасягнула 1 мільярда 317 мільёнаў рублёў. Яшчэ адной прыступкай на шляху да перамогі стаў дасягнуты ў памеры 23,8 % узровень рэнтабельнасці.

Агучваючы гэтыя і іншыя ўнушальныя лічбы, Міхаіл Ігнацьевіч адзначыў неацэнны ўклад у сёлетнюю перамогу работнікаў адміністрацыйнага апарату, вадзіцеляў, механізатараў, дрываколаў, дрэванарыхтоўчай брыгады… У ліку лепшых – трактарыст Віктар Іванавіч Саевіч, загадчыца склада Таццяна Сяргееўна Білій, дрывакол Дзмітрый Мікалаевіч Літвіновіч (на здымку) і многія іншыя. За кожным з гэтых людзей – вялікі пласт працоўных дасягненняў, з якіх урэшце і склаўся агульны поспех.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий