Браканьерства з размахам…

Закон и порядок

Аж мароз па скуры ў гэтыя лютаўскія дні ідзе ад здарэння, якое нядаўна адбылося ў Налібоцкай пушчы. На тэрыторыі нашага раёна знішчаны тры дарослыя зубры.

Абезгалоўленая жывёла была знойдзена ў лясным масіве паблізу вёскі Яцкава ў час рэйду, які праводзілі супрацоўнікі Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

…Паляванне без правілаў ужо само па сабе падлягае суроваму пакаранню, як крымінал. А тут замахнуліся на волата пушчы, сімвал Беларусі. Нават школьнік ведае, што гэтыя насельнікі лясоў занесены не толькі ў Чырвоную кнігу рэспублікі, але і ўключаны ў міжнародны спіс прадстаўнікоў фаўны, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. У нашай краіне “еўрапейскіх бізонаў” налічваецца ўсяго толькі крыху больш за 700.

Паляванне на зуброў дазволена не ўсюды, да таго ж яно найчасцей носіць валютную накіраванасць. Адстрэл гэтай жывёлы вядзецца толькі пры пэўных умовах. Трафейным экзэмплярам можа стаць далёка не кожная асобіна, у асноўным падлягае знішчэнню толькі тая жывёла, якую плануюць выбракоўваць па пэўных прычынах.

Менавіта пагоня за доўгім рублём і прывяла ў наш пушчанскі край гора-паляўнічага, па папярэдніх звестках, грамадзяніна Расіі. Безумоўна, у вялікім незнаёмым лесе прыезджаму лёгка заблудзіцца, ды і ўвогуле можна замерзнуць у такія лютыя халады. Багатаму госцю, напэўна, падсобілі мясцовыя памочнікі, для якіх лес ужо даўно стаў роднай вотчынай. Тут усе сцежкі-дарожкі яны ведалі добра. Да канца следства мы не маем права называць фігурантаў гэтай гучнай пушчанскай справы. Але зазначым, што неверагоднае па размаху і цынічнасці злачынства, якое яны ўчынілі разам са сваім кампаньёнам, ніяк не вяжацца з іх прафесіянальным статусам і прамымі службовымі абавязкамі…

Свой лагічны працяг гэта тэма на старонках газеты знойдзе пасля таго, як праз пэўны час суд вынесе канчатковае рашэнне.

А пакуль “вернемся” на месца злачынства. Пільныя супрацоўнікі міжраённай інспекцыі ў час рэйду натрапілі на абезгалоўленыя тушы, што былі прыхаваны спілаванымі елкамі і прысыпаны снегам. А на некаторай адлегласці ім удалося адшукаць і тры галавы зуброў – жаданы трафей паляўнічага, які спецыяльна прыехаў для такога даходнага скарбу з далёкай Расіі. Такі “тавар” вельмі высока каціруецца на рынку – ад 10 да 50 тысяч еўра за адну галаву. Паляванне на зубра з даўніх часоў лічыцца царскім аматарскім заняткам. Яшчэ са старажытных часоў вяльможныя палацы ўпрыгожваліся такім жаданым “дэкорам”.

…Зразумела, што ў атаку на зубра ніхто не асмеліцца пайсці з “лёгкай” зброяй, бо пушчанскі волат і сам за сябе можа пастаяць: жывёла валодае рэдкай іспалінскай сілай і шматвяковым прыродным інстынктам самазахавання. Зброя, якая была ў руках браканьера, па свайму кошту, відаць, вельмі дарагая. Набыць яе можа далёка не кожны заможны чалавек.

Такое незаконнае паляванне нанесла значны ўрон прыродзе. Бо папуляцыя збяднела адразу на трох зуброў-самцоў, якія маглі б у будучым спрыяць добраму патомству. Да таго ж на ўтрыманне і догляд зуброў з дзяржаўнай казны выдзяляюцца значныя сродкі. Праводзяцца селекцыйныя мерапрыемствы, пры неабходнасці набываюцца прэпараты для барацьбы з рознымі хваробамі жывёлы. У зімовы час папаўняецца кармавы запас для сілкавання статка. У належным стане трэба ўтрымліваць і падкормачныя пляцоўкі, палі для вольнага выпасу пушчанскіх насельнікаў.

Зубры ўжо даўно прывыклі адчуваць сябе ў нашым лесе паўнапраўнымі гаспадарамі. Яны грозныя сваёй знешняй масіўнасцю і велічнасцю, але, як аказалася, разам з тым і вельмі даверлівыя. Зубры па звычцы прыйшлі на поле, а рука чалавека бязлітасна наставіла на іх знішчальную зброю і цынічна нацэлілася ў жывую, на той час безабаронную мішэнь.

…Той крымінальны стрэл па чырванакніжніках горкім рэхам будзе доўгія гады гучаць у жыцці чалавека, які рашыўся на такі жорсткі крок. Ну а пра любімае паляванне, яму, хутчэй за ўсё, давядзецца забыцца надоўга…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Вытрымкі з загада Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь М. Амельяновіча:

Супрацьпраўныя дзеянні былі ўчынены прыблізна 27-28 студзеня 2012 года, аднак з боку кіраўніцтва ДВЛГУ “Валожынскі доследны лясгас” не былі прыняты меры па ўстанаўленню асоб, вінаватых у гэтым правапарушэнні, і інфармаванню ва ўстаноўленым парадку праваахоўных органаў. На падставе вышэйсказанага загадам Міністра дырэктар ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас” Рамуальд Лявонцьевіч Матус вызвалены ад займаемай пасады 7.02.2012 г. на падставе пункта 1 артыкула 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за аднаразовае грубае парушэнне працоўных абавязкаў, якія выявіліся ў неналежным кантролі за правядзеннем паляўнічых тураў, якія прывялі да незаконнай здабычы жывёлы.

Генеральнаму дырэктару Мінскага ДВЛГА С. М. Мацюшэўскаму: за дапушчаныя грубыя парушэнні працоўных абавязкаў вызваліць ад займаемай пасады па пункце 1 артыкула 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Алега Мечыслававіча Садоўскага, галоўнага ляснічага ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”. Ініцыіраваць пытанне аб адхіленні ад работы і прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, вінаватых у дапушчэнні грубых парушэнняў правілаў палявання.

 



Добавить комментарий