СІМВАЛІЧНАЯ ЦАГЛІНКА ДЛЯ НОВАГА МУЗЕЯ ГІСТОРЫІ ВАЙНЫ

Официально

Вялікая Айчынная вайна неўміручым подзвігам увайшла ў гісторыю многіх народаў свету.

Мужнасць, гераізм, праяўленыя людзьмі на франтах, у падполлі, у тыле – гэта гістарычныя ўрокі, якія не забудуцца ніколі.

Кожны трэці беларус – такую непапраўную і балючую ахвяру заплаціла наша рэспубліка за сённяшні мірны дзень, за права, дараванае пасляваенным пакаленням жыць у спакоі, упэўненасці, міры.

…Азірнуцца, нібы ў рэчаіснасць, у гады ліхалецця дапамагаюць музейныя экспазіцыі, хронікі мінулага, гістарычныя досведы. Самая ўнушальная панарама суровых 40-х гадоў, вядома ж, паўстае ў музеі.

Дзеля памяці будучых пакаленняў і вырашана ўзвесці ў сталіцы рэспублікі новы будынак музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Кожны грамадзянін лічыць сваім ганаровым абавязкам паўдзельнічаць у патрыятычнай акцыі. Актыўна падключыліся да гэтай справы і ўсе арганізацыйныя структуры рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Нядаўна прайшло чарговае пасяджэнне прэзідыума раённай грамадскай арганізацыі, якую ўзначальвае Наталля Анатольеўна Чарнышова, дырэктар гімназіі № 1 горада Валожына. На пасяджэнні прынята рашэнне ўключыцца ў акцыю “Белая Русь – будуем музей разам”.

Раённая арганізацыя не толькі на словах падтрымала гэту масавую акцыю. На рахунак будаўніцтва новага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны члены “Белай Русі” пералічылі 200 тысяч беларускіх рублёў. Безумоўна, гэта акцыя будзе мець працяг. Тым больш, што праз некалькі месяцаў мы адзначаем адно з хвалюючых свят у гісторыі – Дзень Вялікай Перамогі.

Гэта ўрачыстасць міжволі ўмацоўвае ў сэрцах людзей пачуццё шчырай любові да роднай зямлі, пашану да подзвігу, здзейсненага пакаленнем мужных сыноў любімай Айчыны.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *