І МАЙСТАР-КЛАСЫ ПРАВЯЛІ, І БАБУЛІ ДАПАМАГЛІ

Общество

Кожны год пасля зімовай сесіі на ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка стартуе праект, які даўно стаў візітнай карткай гэтай ВНУ – Зорны паход выкладчыкаў і студэнтаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.

Сёлета больш за 130 удзельнікаў гэтага паходу размеркаваліся на 6 атрадаў і раз’ехаліся па розных раёнах Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей. 23 студэнты і 2 выкладчыкі з атрада “Ёсць кантакт” 4 дні працавалі на Валожыншчыне.

Мэта падобных паходаў – не проста наведаць пэўныя мясціны і даведацца больш пра іх гістарычнае мінулае. Удзел у такім мерапрыемстве азначае даволі напружаную працу. Студэнты імкнуцца наладзіць цесныя стасункі з вучнёўскай моладдзю як пераемнікамі традыцый бацькоў і дзядоў, прапагандаваць здаровы лад жыцця, развіваць новыя інтарэсы, аказваць пасільную дапамогу ветэранам вайны і працы… Прыкладна па такім сцэнарыі паходнікі і ладзілі работу ў наведаных навучальных установах Валожына, Багданава, Вішнева, Івянца, Дораў і Ракава.

У школах і Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі развіцця дні гасцявання студэнтаў азнаменаваліся многімі цікавымі падзеямі. Не пакінулі раўнадушнымі наладжаныя з абодвух бакоў творчыя канцэрты, з задавальненнем вучні наведвалі арганізаваныя майстар-класы па акцёрскім і вакальным майстэрстве, КВЗ і аэробіцы. Надзвычай зацікавілі школьнікаў раёна міні-курсы па арыгамі. Акрамя таго, студэнты правялі інфармацыйныя гадзіны, цэнтральнай тэмай якіх абралі здаровы лад жыцця і ўменне змагацца са стрэсавымі сітуацыямі, выпрацоўваць станоўчыя эмоцыі. Неўзабаве ад слоў перайшлі і да справы: што лепш умацуе імунітэт, як не здаровая спартыўная гульня? У праведзенай у СШ № 2 г. Валожына спартландыі, спаборніцтвах па баскетболе (Вішнеўскі вучэбна педагагічны комплекс “Дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа”) і валейболе (Івянецкая сярэдняя школа) камандам прадстаўнікоў факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання БДПУ імя М. Танка процістаялі каманды школьнікаў. Да гонару варта адзначыць, што нашы вучні ва ўсіх названых дысцыплінах святкавалі перамогу. Не забылі студэнты правесці са школьнікамі і прафарыентацыйную работу, пакінулі інфармацыйныя буклеты пра свае факультэты. У адказ тыя прапанавалі творчыя прэзентацыі родных навучальных устаноў.

Акрамя гэтага, у Вішневе вялікая дэлегацыя ўдзельнікаў Зорнага паходу ўсклала кветкі да абеліска і наведалася да адной з удзельніц Вялікай Айчыннай вайны: нанасілі жанчыне дроў і вады, расчысцілі ад снегу сцежкі, задушэўна пагутарылі. А ў Дорах ля абеліска “Загінуўшых чакаюць вечна” разам з маладымі жыхарамі аграгарадка правялі мітынг. Завяршыўся творчы паход на Валожыншчыну ў Ракаўскай сярэдняй школе, адкуль студэнты і вярнуліся ў сталіцу.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий