ГРАДУС КЛОПАТУ ПРА НАВЕДВАЛЬНІКАЎ ПАВІНЕН ПАДНЯЦЦА ЎВЕРХ

Общество

Усталявалася зацяжное халоднае надвор’е, таму асаблівую вастрыню набыло пытанне захавання тэмпературнага рэжыму ва ўстановах, арганізацыях, куды штодзень прыходзіць нямала людзей.

Работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі нядаўна правялі праверку тэмпературнага рэжыму ў абслугоўваючых установах. Спіс аргументаваных заўваг, на жаль, атрымаўся ўнушальны.

Асабліва праблемным захаванне належнай тэмпературы стала ў памяшканнях з пячным ацяпленнем. Тут кіраўнікі ў аптымальны для гэтага час, на жаль, не паклапаціліся пра якаснае ўцяпленне акон, дзвярэй і г. д. У выніку ў пакоях цяпер холадна, нягледзячы на тое, што печкі прыходзіцца паліць нават два разы на працягу дня.

Некамфортныя ўмовы на ФАПах у Брыльках, Забрэззі, у Суднікаўскай і Дубінской школах. Тут тэмпература вагалася ад 12 да 16 градусаў. Парушаецца тэмпературны рэжым і ў Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі, на Дорскім і Сакаўшчынскім ФАПах.

Выклікалі занепакоенасць і ўмовы знаходжання выхаванцаў у дзіцячым садку № 2 “Вясёлка” горада Валожына. Толькі ў малодшай групе і ў музычна-спартыўнай зале названай установы вытрымліваюцца нормы.

Былі выказаны заўвагі і ў адрас кіраўніцтва аптэкі ВТУП “Фарммедпрэпараты” райцэнтра.

Няўтульна з-за назойлівага холаду ў гэты зімовы час і наведвальнікам прыдарожнага кафэ “Парк” СП “Арыенцір-Інтэрнацыяналь”, прыватнага кафэ “Лаўскі Брод” ААТ “К-2 плюс”, а таксама кафэ “Ля лукамор’я”, якое належыць райспажыўтаварыству. Тут тэмпература прыкметна недацягвае да аптымальнай.

Любімым месцам адпачынку не толькі пастаяльцаў гасцініцы, але і многіх гараджан, стаў рэстаран, які працуе ў “Кароне” горада Валожына. Але тут, у прыватнасці, 6 лютага тэмпература на градусніку не падымалася вышэй за 13,9 градуса. Прыйшоўшы сюды на банкет, людзям трэба думаць перш-наперш не пра прыгожыя святочныя ўборы, а непакоіцца пра тое, як уратавацца ад холаду.

На жаль, ніжэйшая за ўстаноўленую норму тэмпература і ў многіх гандлёвых кропках, у ліку такіх аказаліся магазіны “Ветразь”, “Сузор’е”, “Валожынскія прысмакі” райцэнтра, магазін № 116 у Івянцы, а таксама сельмагі ў Подберазі, Ракаве, Камені, Куцянятах, холадна і ў сталоўцы ў Гародзьках. Дарэчы, на некаторых з названых аб’ектаў склады не ацяпляюцца. Магчыма, такім чынам у зімовы час вырашылі эканоміць на выкарыстанні халадзільнага абсталявання. Але ж такая тэмпература не лепшым чынам уплывае на захоўванне некаторых відаў прадуктаў.

Важна памятаць кіраўнікам многіх устаноў і арганізацый, што нізкая тэмпература на рабочых месцах, на аб’ектах грамадскага харчавання, у лячэбных і дзіцячых установах з’яўляецца адной з прычын зніжэння імунітэту, ахоўных сіл арганізма. Такі “камфорт” у рэшце рэшт можа прывесці да ўзнікнення прастудных і іншых саматычных захворванняў, да абвастрэння хранічных праблем, звязаных са здароўем чалавека.

Святлана МАРЧЫК,

загадчыца аддзела гігіены

ДУ “Валожынскі раённы ЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий