СА ЗВАННЕМ ЧЭМПІЁНА

Спорт

Канец студзеня азнаменаваўся новымі спартыўнымі поспехамі навучэнцаў Валожынскай ДЮСШ АФП.

На першынстве Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы ў старэйшай узроставай групе (юнакі 1995-1996 гадоў нараджэння) добра паказаў сябе перададзены пад патранат абласнога вучылішча Алімпійскага рэзерву выхаванец трэнера А. С. Чарняўскага Сяргей Халапук.

Юнак выступаў у бегу на 1500 і 800 метраў. На першай дыстанцыі ён стаў чэмпіёнам, а ў другім старце малады спартсмен да фінішу дабраўся другім. Адметна, што ў гэтай дысцыпліне саступіў ён бегуну, які ў свой час таксама трэніраваўся ў Аляксандра Станіслававіча – Андрэю Бурдукевічу. Той нядаўна выйграў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь на дыстанцыях 1500 і 3000 метраў, а ў гэтых спаборніцтвах, прабегшы з вынікам 5 хвілін 59,2 секунды, выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Як бачна, Сяргею ёсць на каго раўняцца, і сваё майстэрства ён праявіць у бліжэйшы час на чэмпіянаце рэспублікі па лёгкай атлетыцы, куды адправіцца ў складзе зборнай вобласці. На абласным жа першынстве замкнуў пяцёрку мацнейшых яшчэ адзін малады івянчанін – Аляксандр Бубен.

Плённым выдаўся ўдзел у 43-м Міжнародным зімовым марафоне “Дарога жыцця” (Санкт-Пецярбург) для работніка СП “Івкон” ААТ Тадэвуша Жалтка. У абсалютным заліку, прабегшы належныя 42 кіламетры 193 метры за 2 гадзіны 38 хвілін 57 секунд, знакаміты ўраджэнец Івянеччыны стаў другім, а ў сваёй узроставай групе святкаваў поўную перамогу. Электрасушылка і партатыўны тэлевізар, уручаныя спартсмену, папоўнілі ўнушальны спіс прызавых узнагарод марафонца.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий