ІХ ЮНАЦТВА ГАРТАВАЛАСЯ ПАД СПЯКОТНЫМ НЕБАМ АФГАНІСТАНА

Общество

На гэтым фота, зробленым 2 гады таму, у імгненні вечнасці застылі ўсмешкі мужчын, якія пабывалі ў самым пекле вайны і здолелі вярнуцца адтуль жывымі. Іх юнацтва гартавалася пад спякотным небам Афганістана, Егіпта, іншых краін. Воінскі абавязак вымушаў быць удалечыні ад Радзімы, ад блізкіх, сяброў, сваякоў. 75 маладых жыхароў Валожыншчыны выконвалі баявыя задачы. Сталь іх сэрцаў была мацнейшая за гарматную і танкавую сталь…

За 23 гады, якія прайшлі з моманту вываду Савецкіх войск з Афганістана, не стала з намі 20-ці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Даніну памяці сваім сябрам, саслужыўцам аддаюць жывыя. Крыніца іх памяці не мялее: падзелены на ўсіх суровы лёс звязаў душы ніцямі куды больш трывалымі, чым братэрства. Трывожацца, непакояцца яны за 12 беларусаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прапалі без вестак падчас нясення службы.

Не магу не ўспомніць баявых таварышаў, якія сумленна выконвалі воінскі абавязак, заставаліся верныя прысязе, а сёння дастойна працуюць у нашым раёне. Электрык Івянецкага філіяла ЖКГ Віктар Нагорны ніколі не забудзе, як асобны разведбатальён, у якім ён служыў, трапіў у засаду, як цяжка параніла яго ў грудзі і руку. Але выстаялі, перамаглі. Адзін са шрамаў на грудзях сёння прыкрывае медаль “За адвагу”. На парадным пінжаку жыхара Вішнева Віктара Краскоўскага – колішняга старшыны дэсантна-штурмавой мабільнай групы – медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы”. І такіх, чыя доблесць адзначана баявымі ўзнагародамі, яшчэ 16 чалавек. Але і іншыя дастойныя не меншай павагі.

Праз год раённы савет ветэранаў вайны ў Афганістане плануе выдаць кнігу пра землякоў-інтэрнацыяналістаў, удзельнікаў баявых дзеянняў. Цяпер вядзецца актыўны збор матэрыялаў, фатаграфій. Спадзяюся, сваякі тых, каго ўжо няма побач з намі, адгукнуцца на просьбу прывезці ці дасласць у райсавет ветэранаў звесткі і здымкі, каб увекавечыць іх праяўлены гераізм.

Рыгор РУСАКЕВІЧ,

старшыня раённага савета ветэранаў вайны ў Афганістане.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.

 



Добавить комментарий