СПАГНАННЕ ЗА НЕНАЛЕЖНАЕ ЎТРЫМАННЕ

Общество

Аб’езды малочнатаварных ферм раёна старшынёй райвыканкама разам з прадстаўнікамі зацікаўленых структур ужо сталі традыцыйнымі: падобны падыход дае магчымасць прасачыць рэальны стан спраў у жывёлагадоўчай галіне, прааналізаваць сітуацыю і на падставе гэтага выпрацаваць стратэгію далейшага эканамічнага развіцця рэгіёна. На жаль, як паказвае практыка, не ўсюды кіраўнікі ў належнай меры праяўляюць гаспадарскі падыход да вядзення спраў, што, зразумела, не замаруджвае адлюстравацца на агульным фінансавым дабрабыце Валожыншчыны.

Напрыканцы мінулага тыдня Уладзімір Антонавіч Наумовіч разам з галоўным ветэрынарным урачом раёна Анатолем Сямёнавічам Краўчонкам, заехаўшы на тэрыторыю філіяла № 7 ААТ “Белтрубаправодбуд”, у ліку іншых аб’ектаў наведалі МТФ “Няровы” і “Запур’е”. Стан спраў, мякка кажучы, не парадаваў. Старшыня райвыканкама адрасаваў шэраг абгрунтаваных крытычных заўваг кіраўніку сельгаспрадпрыемства А. С. Аліноўскаму і іншым спецыялістам. У большасці сваёй яны тычыліся неналежных умоў утрымання буйной рагатай жывёлы. На малочнатаварнай ферме ў Няровах кіраўніку раённай вертыкалі давялося “тлумачыць” работнікам, што, калі яны хочуць бачыць хоць нейкую рэальную аддачу ад сваёй працы, кароўнікі павінны своечасова ўбірацца ад арганікі, што рагулі павінны атрымліваць ваду і харчаванне не толькі ў дастатковай колькасці, але і з захаваннем адпаведных тэхналагічных норм і патрабаванняў. Ніяк пад гэты пункт не трапляе вялікі аб’ём кармавой сянажнай масы, складзіраванай пад сцяной кароўніка. У зімовы перыяд вельмі рызыкоўна даваць каровам заляжалы паёк, паколькі зніжаецца малакааддача і рэзка ўзрастае рызыка вымушанага ўмяшання ў сцельнасць жывёлы. Іншымі словамі, ветэрынару, каб выратаваць цяжарную жывёлу, давядзецца рабіць ёй аборт. А нават адзінкавы такі выпадак далёка не лепшым чынам адбіваецца на эканамічным паказчыку гаспадаркі… Таксама У. А. Наумовіч застаўся незадаволены недахопамі ў тэхніка-санітарным стане цялятніка, кароўнікаў.

На МТФ “Запур’е” сітуацыя таксама аказалася не суцяшальнай. Акрамя далёка не ўхвальных каментарыяў наконт раскладзеных прама пасярод тэрыторыі фермы травяністых кармоў, мясцовым работнікам давялося чырванець за рэзкую, але аб’ектыўную крытыку старшыні райвыканкама ў адрас раскрытых бурачных буртоў. З-за моцных маразоў, якія апошнім часам і так прыносяць жывёлаводам і іх гадаванцам масу клопатаў, значная частка караняплодаў аказалася пашкоджанай. Ці можна будзе гэты корм яшчэ скарыстаць, ці давядзецца ад яго пазбаўляцца (а значыць, зноў-такі несці незапланаваныя матэрыяльныя страты), вырашаць супрацоўнікі ветэрынарнай службы, якія адабралі некалькі буракоў для экспертызы. Уладзімір Антонавіч звярнуў увагу прысутных таксама на мясцовую воданапорную вежу, якая, без перабольшання, з аднаго боку ператварылася ў вялізны айсберг. Дарэчы, не абышла бокам “водная праблема” і цялятнік у Слайкоўшчыне, дзе значная плошча падлогі пакрыта тоўстым лёдам, а пад сцёкавымі кранамі нараслі сапраўдныя сталагміты…

Сімвалічна: кропля ў моры праблем замерзла і ператварылася ў слізкую паверхню, па якой падымацца з кожным крокам цяжэй. Але – неабходна. На ўхіленне парушэнняў адведзена няшмат часу, работы, як можна было неўзабаве пераканацца, разгарнуліся маштабна. Але падобных “экстранных мер” прасцей не дапускаць, чым потым кідаць значныя сілы і сродкі на выпраўленне сітуацыі. І патрабуецца для гэтага не так і шмат – проста ўбачыць агульную карціну вачамі гаспадара.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий