У 2010 годзе Дорскае паштовае аддзяленне ўзначаліла Людміла Анатольеўна ГАНЧАРЫК

Официально

Дзякуючы гэтай прадпрымальнай, ініцыятыўнай жанчыне, адразу адчуліся змены ў арганізацыі працы. А разлічвацца з дапамогай пластыкавых картак стала для вяскоўцаў паўсядзённай справай.

Калі Людміла Анатольеўна ў дзяцінстве дапамагала маці разносіць пошту, нават не здагадвалася, што з гэтай прафесіяй будзе звязана і яе жыццё. Пятнаццаць гадоў таму пераехала з Маладзечанскага раёна на радзіму мужа – у Доры, і ногі самі прывялі на пошту. “Напэўна, так наканавана лёсам”, – падумала жанчына і не вельмі супраціўлялася. Так, уладкаваўшыся на працу ў мясцовае паштовае аддзяленне, упершыню павесіла на плячо ўласную цяжкую сумку паштальёна. Тут распачаліся яе “жыццёвыя ўніверсітэты” ў паштовай галіне. І хоць за гэты час і давялося памяняць пасаду, яна засталася вернай паштовай справе.

Сёння паштовае аддзяленне “Доры” абслугоўвае 11 вёсак, агульны маршрут перавышае 50 кіламетраў. Узраслі і аб’ёмы паслуг, якія паштавікі прапануюць кліентам. Да традыцыйных – разнесці падпісчыкам пісьмы-газеты-часопісы, выплаціць пенсіі, адправіць перавод або пасылку, аплаціць камунальныя паслугі, далучыліся і такія, як продаж тавараў, ксеракопія, фотапаслугі, Інтэрнэт. Усё большую папулярнасць у вёсцы набывае заказ тавараў па каталогу – тут без пошты таксама не абысціся.

Па выніках апошняй падпісной кампаніі паштовае аддзяленне ўвайшло у лік лепшых у раёне: выпісана 673 экзэмпляры на 802 пражываючыя. У тройцы лепшых яно і па страхаванні аўтамабіляў. У студзені выручка ад гандлёвай дзейнасці склала больш за 7,5 мільёна. І з усім гэтым спраўляюцца 3 паштальёны і загадчыца аддзялення. А ў адказ заўсёды чуюць ад вяскоўцаў толькі кампліменты і словы падзякі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий