ТАКІЯ КАШТОЎНЫЯ ПЕРАМОГІ

Молодежный курьер

З 17 школьнікаў, якія прадстаўлялі юную інтэлектуальную эліту Валожыншчыны на III (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, у тройку пераможцаў увайшлі 4 чалавекі. Адной вучаніцы быў уручаны Пахвальны водгук. Тым больш каштоўнымі сталі гэтыя перамогі.

Найлепшы вынік паказала сёлета вучаніца 11 класа Івянецкай СШ Кацярына Скурат (настаўніца А. Г. Ярмак). Яна атрымала дыплом другой ступені на алімпіядзе па беларускай мове, якая праходзіла ў Дзяржынску. Дыплом трэцяй ступені па гэтаму ж прадмету прывезла дзесяцікласніца СШ № 2 райцэнтра Дар’я Косік (настаўніца Д. І. Кручынская). Гімназіст-дзесяцікласнік Аляксей Жалняровіч атрымаў на алімпіядзе па геаграфіі ў Барысаве дыплом трэцяй ступені (настаўніца С. В. Федарака). Дыплома трэцяй ступені па працоўным навучанні быў удастоены ў Жодзіне вучань 8 класа гімназіі Аляксандр Бітэль (настаўнік А. А. Кербедзь), Пахвальнага водгуку – дзесяцікласніца СШ № 1 Сняжана Ланько (настаўніца А. А. Яфімчык).

Сёлета, як аказалася, наўрад ці каго можна было здзівіць якаснымі і трывалымі ведамі са школьнай праграмы, бо амаль усе заданні алімпіяды выходзілі далёка за яе межы. А каб трапіць, напрыклад, у тройку лідараў, трэба было выканаць работу ў аб’ёме не меш за 80 працэнтаў.

Як расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Івянецкай СШ Аліна Генадзьеўна Ярмак, настаўніца Кацярыны Скурат, у лінгвістычным конкурсе ні па мове, ні па літаратуры не было заданняў у рамках праграмы сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Усе яны адпавядалі праграме гімназій і ліцэяў, а некаторыя можна было выканаць, звярнуўшыся толькі да падручнікаў ВНУ. Ускладніліся і самі заданні ў параўнанні з мінулым годам, іх выкананне патрабавала ў першую чаргу лагічнага мыслення. Пра гэта сведчыць і той факт, што Кацярына справілася з работай больш чым на 80 працэнтаў і нават палепшыла на 4,5 бала свой леташні вынік, а стала толькі другой. Зараз яна рыхтуецца да ўдзелу ў апошнім, рэспубліканскім, этапе.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий