БАРЫНЯ-СУДАРЫНЯ

Общество

– Максім, уяві: ты ідзеш па парку і табе сустракаецца прыгожая дзяўчына, і гэта дзяўчына – я, – какетліва гаворыць чатырохгадовая Саша Смірнова, дапытліва пазіраючы ў вочы хлопчыку.

Той, вядома, бянтэжыцца, чырванее і, адвярнуўшыся, адыходзіць, робячы пры гэтым сур’ёзны выгляд: маўляў, у мяне ёсць справы больш важныя, чым займацца з табой пустой гамонкай.

Вось яна – дзіцячая непасрэднасць: быць можа, народжанае, дагэтуль невядомае свежае пачуццё. Хто сказаў, каб пакахаць – трэба вырасці?

Як тут пераадолець сімпатыю да яркай аднагрупніцы, якая кожны дзень прыходзіць у садок з новай прычоскай, любіць прыбірацца ў “забіяцкія” спаднічкі-міні або фарсіць у пушыстых спадніцах, начапіўшы на сябе пры гэтым мноства “ожерельев” і загадкава ўсміхаючыся?

У доўгай чырвонай спадніцы і ў россыпе караляў і заспела я маленькую Сашу, калі зазірнула ў дзіцячы садок № 2 “Вясёлка” горада Валожына ў пошуках новай тэмы для гэтай тэматычнай старонкі.

Раніцай, калі тата Коля спяшаецца на працу ў воінскую часць, Саша дае маме Аксане, эканамісту па адукацыі, дакладнае ўказанне, якую прычоску сёння трэба зрабіць, каб у садку здзівіць усіх сябровак. Мама беспярэчна выконвае функцыі цырульніка, вось толькі, крыўдуе дзяўчынка, фарбаваць бровы і вусны яна не дазваляе, ды і сваімі моднымі туфлямі на высокіх абцасах дзяліцца не спяшаецца.

Многіх дзяўчынак у садку можна запісаць у модніцы-прыгажуні. Балазе, разгуляцца дызайнерскім здольнасцям ёсць дзе. У сярэдняй групе педагога Алены Уладзіміраўны Махіной, напрыклад, абсталяваны імправізаваныя “Салон прыгажосці” і “Куток пераапранання”. Вельмі пацешна назіраць, як юныя какеткі з сур’ёзнасцю дарослых дам прымяраюць капялюшыкі, убіраюцца ў спадніцы ад “куцюр’е” Алены Уладзіміраўны. Яны ацэньваюць адна адну крытычным позіркам, дзеляцца парадамі, разважаюць аб модзе і вучацца перад люстэркам “строіць” вочкі.

Мабыць, А. У. Махіна мае рацыю, калі называе сваіх падапечных “восьмым цудам свету”. Захапленне і здзіўленне выклікае гэты ўзор дасканаласці. І зусім не важна, проста або па апошняму “піску моды” апранутыя нашы дзеці, бо кожны з іх мае неацэнныя аксесуары і ўпрыгажэнні – непадробную шчырасць і адкрытасць. Пакуль на карце нашага жыцця будзе існаваць краіна дзяцінства, ласкавасць і непасрэднасць ніколі не выйдуць з моды.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий