ЛЮБІМЫ «МУЗЫЧНЫ ГРАМАФОН»

Официально

Калі вам прыспічыла набыць які-небудзь экзатычны музычны інструмент, але ў вашай кішэні хоць шарам пакаці, не спяшайцеся адчайвацца і пасыпаць галаву попелам.

Дома ў кожнага ў запаветных “засеках”, напэўна, знойдзецца трохі грэцкіх і рысавых круп, гароху, фасолі, не будуць лішнімі тут і шкарлупінкі грэцкіх арэхаў, надзіманы шарык, каляровыя рызінкі. З гэтых немудрагелістых матэрыялаў можна змайстраваць, напрыклад, кастаньету, маракас або румбу. І няхай вас не бянтэжаць заморскія назвы. Зрабіць нетрадыцыйны для нашай мясцовасці музычны інструмент пад сілу кожнаму, нават дзецям. Што з поспехам даказваюць на практыцы выхаванцы ясляў-сада № 6 “Вясёлы вулей” горада Валожына.

Тут ужо шэсць гадоў працуе гурток “Музычны грамафон”, кіраўнік якога М. Э. Барадака фарміруе з дашкольнікаў групы і стварае з імі міні-аркестры. Выкладчык першай кваліфікацыйнай катэгорыі з 28-гадовым стажам работы ў сістэме адукацыі ўпэўнена, што аўчынка, вобразна кажучы, варта вырабу. Узяць хоць бы леташні выпуск: усе падапечныя Марыны Эдуардаўны паспяхова паступілі ў Валожынскую музычную школу.

У гуртку дзеці набываюць свой першы музычны багаж ведаў. Яны асвойваюць нотную грамату, развіваюць пачуццё рытму, тэмбру, дынамікі, імправізуюць, нават майструюць новыя інструменты. Чым не мала здзівілі кампетэнтных гасцей, якія зазірнулі ў дзіцячы сад падчас нядаўняга абласнога педагагічнага марафона “Інтэлект. Інавацыі. Поспех”. Праведзены майстар-клас Марынай Эдуардаўнай разам са сваімі падапечнымі нават патрапіў у зборнік “З вопыту працы педагогаў Мінскай вобласці”.

…Шыпенне, скажэнне і трэск былі пастаяннымі спадарожнікамі недасканалых грамафонаў. Чаго не скажаш пра ігру юных удзельнікаў “Музычнага грамафона”. Дзіўнае сугучча напаўняе памяшканне падчас выступлення дзіцячага міні-аркестра, у чым я пераканалася, слухаючы, як дружна зліліся ў адну мелодыю гукі ксілафона, металафона, сінтэзатара, трохвугольніка, кастаньеты, маракаса, трашчоткі, валдайскага званочка і баяна Марыны Эдуардаўны. Здабываць меладычныя гукі з сінтэзатара асабліва ўдала атрымліваецца ў Вікі Петрачэнка, Міры Грыцкевіч, Ільі Сінькевіча. У стараннасці ім не саступаюць і Насця Іода, Марат Шаўлюк, Яна Мартынская, Іна Бобрык, Мікіта Басько, Юля Пашкоўская. Гэтыя дзеці “не іграюць на нервах” выкладчыка, і гэта на руку перш за ўсё іх удалай музычнай будучыні.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий