ПРЫШЧЭПКА ЗАСЦЕРАЖЭ АД АДРУ

Общество

Адзёр (корь) адносіцца да ліку дзіцячых інфекцый, аднак сучасная асаблівасць хваробы заключаецца ў тым, што сярод захварэўшых большую частку зараз складаюць падлеткі і дарослыя.

Крыніцай заражэння з’яўляецца хворы чалавек, які выдзяляе вірус пры чханні, кашлі, з кропелькамі сліны. Першыя прыкметы захворвання праяўляюцца на 8-12 дзень пасля заражэння ў выглядзе ліхаманкі, недамагання, насмарку, кашлю, запалення кан’юнктывы. Затым, а гэта звычайна на 13-14 дзень, за вушамі і на шчоках з’яўляецца сып, які хутка распаўсюджваецца на ўвесь твар і шыю. На наступны дзень ён з’яўляецца на целе, а далей – на руках і нагах.

У кожнага дзесятага дзіцяці гэта захворванне ўскладняецца пнеўманіяй ці цяжкім атытам, у кожнага тысячнага дзіцяці развіваецца энцэфаліт (запаленне галаўнога мозгу).

Самы надзейны спосаб засцерагчы дзіця ад адру – зрабіць прышчэпку. Прышчэпліваць дзяцей трэба ва ўзросце аднаго года і потым паўторна – у шэсць гадоў. Акрамя таго, прышчэпкі неабходны ўсім, у каго няма дакладных звестак пра тое, што яны былі зроблены ў дзяцінстве, або пра перанесеную ў мінулым хваробу, а таксама асобам, якія апынуліся ў ачагу інфекцыі ( асабліва гэта датычыцца маладых людзей ва ўзросце 20-29 гадоў).

Вакцыны супраць адру ўтвараюць надзейны імунітэт, які захоўваецца больш за 20 гадоў. Вакцынацыя папярэджвае развіццё адру, нават калі яна праведзена ў час пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі.

Імунізацыя супраць адру можа быць зроблена як айчыннай адзёрнай монавакцынай, так і трывакцынай (супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі), зарэгістраванай у Расіі.

Па пытаннях імунізацыі супраць адру звяртайцеся ў паліклініку УАЗ “Валожынская ЦРБ”. У раёне апошні раз адзёр быў зарэгістраваны ў 2006 годзе ў Івянцы. У рэспубліцы са снежня 2011 года і да цяперашняга часу выпадкі захворвання зафіксаваны сярод жыхароў Брэста.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг

ДУ “Валожынскі райЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий