НА СТРУНАХ ГАДАВАЛАСЯ ДУША

Официально

У моцны армейскі калектыў брыгады з кожным новым прызывам уліваюцца сапраўдныя таленты. Кіраўніцтва гарнізона заўсёды падтрымлівае такіх самародкаў, дапамагае самарэалізоўвацца, стымулюе далей развіваць майстэрства. Летась састаў часці сярод іншых прызыўнікоў прыняў на службу двух ураджэнцаў Віцебшчыны, якія неўзабаве прадэманстравалі свае выдатныя здольнасці…

Упершыню выступленне радавога Дзмітрыя Злотнікава я пачуў падчас мерапрыемства ў сельгасліцэі. Вайсковец, размінаючыся, спрытна перабіраў пальцамі па струнах гітары, а калі пачаў выводзіць сольную мелодыю, я зразумеў: прафесіянал.

Аматары такі стыль і прыёмы ігры самастойна папросту не асвояць. І сапраўды, за плячамі ў Дзмітрыя музычная школа, музычнае вучылішча і, нарэшце, курс дзяржаўнай акадэміі музыкі. І хоць ён праходзіў навучанне яшчэ па класе фартэпіяна, гітара застаецца яго любімым інструментам. Упершыню ўзяў яе ў рукі ў 4-гадовым узросце, неўзабаве атрымаўся і першы акорд. Захапленне стымулявала мама Дзмітрыя, з яе лёгкай рукі сын і пайшоў у музычную школу.

Як і раней сярод сяброў, так і сёння ў калектыве саслужыўцаў радавы Злотнікаў – душа кампаніі. Гітара ў яго руках спявае і плача, смяецца і непакоіцца, будзіць успаміны пра дом і любімых людзей, якія чакаюць… Як Дзіма прызнаецца, інструмент для яго – нібыта наркотык, без якога ўжо нельга існаваць. Надзвычайныя здольнасці юнака не раз радавалі слухачоў на канцэртах па-за межамі часці, а ў казармах не раз з сябрамі стваралі новы рэпертуар армейскіх песень – самімі прыдуманых, але сакавітых, напоўненых глыбокім роздумам і жыццесцвярджальным сэнсам.

Як не дзіўна, пасля звальнення ў запас Дзмітрый не плануе заканчваць акадэмію музыкі, а будзе паступаць у медінстытут (многія яго сваякі па бацькавай лініі – урачы). Але ні на секунду не сумняваецца, што месца для гітары застанецца ў яго жыцці назаўсёды.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий