ЖУРАВЫ НАД ПАГОРКАМІ

Люди и судьбы

Неяк аднойчы, перажыўшы гора, страту старэйшай дачкі, жанчыны яшчэ не старой і вельмі руплівай, гаспадарлівай (а гэта мы самі добра ўведалі, жывучы з Кастусём Цвіркам у яе кватэры падчас экспедыцыі), Ганна Міхайлаўна з тужлівай думкай “зажылася, маўляў”, пераслала мне свае запіскі. Раней яшчэ раз сама была пры смерці. Знайшлі на падвор’і непрытомнай і ледзь адратавалі. Пабываўшы “на тым свеце” і шчасліва вярнуўшыся да жыцця, адчула вострую патрэбу даверыць перажытае паперы. Ёсць, праўда, малодшая дачка, унукі, але каму гэта будзе трэба, цікава – нават не думалася. Столькі пражыта, перадумана і каб ніякага следу не засталося? – нешта ўнутры пратэставала супроць такога. Узяла збольшага запісала. І вось зялёны тоўсты сшытак – у мяне. Перачытаў – і стала ніякавата. Свой эцюд, прысвечаны Ганне Рубацкай, надрукаваны ў часопісе, некалі пісаў пад першым уражаннем знаёмства са спявачкай і яе песнямі. Пісаў акварэльнымі фарбамі, гледзячы на жыццё Рубацкай праз прызму яе маладосці ды і сваёй яшчэ нясталасці.

Партрэт выйшаў рамантычны, але ж не цяперашняй спявачкі, а хутчэй Рубацкай даўнейшай, маладой. Шмат чаго з жыцця жанчыны засталося па-за рамкамі партрэта. Рысы аблічча ў нечым, мабыць, недакладныя. А тым часам у ім шмат тыповага для цэлага пакалення таленавітых сялянскіх жанчын, голас душы якіх захлынаўся ў цяжкім быце, не мог прабіцца шырэй да свету, хоць нёс яму сваю даніну захаплення, хараства, дабрыні. У кожным пакаленні адзін чалавечы лёс у нечым паўтарае лёс многіх, але мае нямала і свайго, адметнага, непаўторнага. У цэлым аповесць жыцця Ганны Рубацкай чытаецца, успрымаецца ў той танальнасці, якая пераважала ў даўнейшай беларускай песні – у натуральным міноры. Але ў ёй, як і ў песні, адчуваецца характар, шмат душы, парыву да святла, да жыцця лепшага. Каб партрэт спявачкі на фоне песень не страціў добрага рэалістычнага зместу, дарэчы дадаць яшчэ некалькі штрыхоў яе жыцця. Можа, выразней праглянуць рысы індывідуальнага твару народнай пявунні, яе часу.

Жыццё рана, адразу дало адчуць Ганне сваю суровасць, калі тая была яшчэ дзеўчынёхай. Спачатку спагадна ўсміхнуўся ёй нейкі заблуканы прамень. Пятнастоўкай трапіла ў Петраград. Хоць нялёгкая пры рабоце на ваенным заводзе, агульнай неўладкаванасці, але самастойнасць. Горад – цуд над велічнай ракой. Які, здавалася, неабдымны свет пасля лясной вясковай глухамані. Але вось брат загадаў кунешна паехаць дамоў. Надта не хацелася, але прывыкла слухацца старэйшых. Тут, у далёкім горадзе, брат, ужо дарослы, самастойны, асабліва пасля заканчэння школы прапаршчыкаў, быў для яе не толькі братам. Калі год назад паехала, выбіраючыся з дому, ведала, што дзесь там, на захад сонца, ідзе вайна, цяпер гарматны гром чула на свае вушы: фронт шчыльна прысунуўся да валожынскай ваколіцы, роднай вёскі. Бацькаву хату заняў генерал з цэлай чарадой ад’ютантаў, ардынарцаў. Маці з бацькам туліліся ў запеччы, на кухні. Ганне, як крыху падвучанай (недарма ж бегала ў вясковую школу і нават два гады вучылася ў вучылішчы ў мястэчку) даручылі кіраваць брыгадай дзяўчат на земляных работах пры фронце. Дзяўблі, ламалі, грызлі лапатамі яшчэ неадталы напрадвесні дол, капалі акопы, рыхтавалі месца пад бліндажы. Ганне было крыху лягчэй. Не кожны дзень трэба было ўгрызацца рыдлёўкай у стылы грунт: палучала і раздавала дзяўчатам хлеб, грошы. Горш стала, як захварэла, а потым зусім злегла ў пасцель маці. Фронт той неўзабаве па рэвалюцыі рассыпаўся. Прыйшлі і адышлі немцы. На людзей наваліўся страшэнны голад. Пару гадоў тут не аралі і не сеялі: раўлі гарматы, снарады нявечылі зямлю, над галовамі вісеў прывід гвалтоўнай смерці. Дабро нішчылася, пайшла на звод жывёла. Ваенныя пажары цяпер змянілі голад, трывога. Бясконцай чарадой ішлі пагарэльцы, жабракі. За дзень абарочвалася ў хаце чалавек пяцьдзесят няшчасных. А чым можна было з імі падзяліцца? Апошняй бульбінай? Галеча, кінутая салдатамі абы-дзе зброя распладзілі ліхіх людзей. Выразалі, выбівалі цэлыя сем’і, найболей тых, хто жыў наднаселлю, на хутарах пры лесе. Потым як на галаву зваліліся польскія войскі. Як і немцы, яны перш-наперш прызначалі старасту, прыстаўлялі рулю да грудзей, калі быў не дужа паслухмяны, някемлівы, і прымушалі весці паказваць, дзе ў каго што ёсць схавана. На гэты час абодва Ганніны браты, старэйшы Андрэй і малодшы Рыгор, былі дома. Адразу не знайшлі сабе іншага прыпынішча, месца ў змененым свеце. Андрэй вярнуўся з Пецярбурга дахаты ў афіцэрскай форме, без пагонаў. Меў пры сабе рэвальвер. Палякі, нягледзячы на тое, што праваслаўны, беларус, сталі клікаць яго ў сваё войска. Андрэю нічога не заставалася, як падацца ў лес. У лесе скора аказаліся без мала ўсе маладзейшыя мужчыны. Жонкі, маткі насілі ім туды есці. Аднойчы польскі вартавы запыніў пад лесам кабету з Жураўцаў, стаў дапытваць, каму яна нясе абед, потым пачаў яе біць. На крык жанчыны аб ратунку з лесу падаспеў Андрэй і ва ўпор застрэліў жаўнера. Другі, што стаяў побыч на варце, хуценька ўцёк і прывёў у Жураўцы атрад легіянераў. Тыя ўчынілі допыт вяскоўцам. Андрэя Сухадольца ніхто не выдаў, ды заставацца ў родных ваколіцах было рызыкоўна: сам наразішся на небяспеку і на родных бяду навядзеш. Але вось на нейкі час палякаў прагналі. Прыйшла Чырвоная Армія. Толькі ненадоўга. Неўзабаве зноў наляцелі легіёны. Цяпер ужо на стала. У Жураўцах размясціўся нейкі іх важны “аддзел”. Першай брыгады, ці што. Адным словам самы-самы, як казалі, давалі зразумець усім сваім выглядам, “гонарам” яго афіцэры і жаўнеры. Гаспадарам зноў давялося пацясніцца ў запечак: светлую палавіну хаты Сухадольцаў заняў паручнік польскага войска з дзеншчыком.

Пакуль канчаткова ўсталявалася граніца, Ганусіны браты падаліся ў Расію. Неўзабаве вясной памерла маці, і дзяўчына засталася пры бацьку і дзеду адна. Пакуль жыла маці, хоць і прыкаваная да ложка, усё ж нешта падкажа, пакіруе. Цяпер асноўны цяжар гаспадаркі клаўся на яе дзявочыя плечы. Даводзілася рабіць і мужчынскае і жаночае. Слабы на грудзі з маленства (рос сіратою) бацька часта недамагаў. А трэба было паспець упору ўкінуць зерне ў раллю, пасадзіць бульбу, каб увосень мець што сабраць з нівы. Дзяўчыне даводзілася і ткаць, і мыць, і сеяць, і баранаваць у адначассі. Мела ўжо дваццаць гадоў, убралася ў сілу, спраўлялася. І ўраджаю той год прычакалі не найгоршага. Ажно не паспела адлегці сэрца ад гора, страты маці, як другая бяда звалілася на галаву. Аднае ночы пажар выкаціў паўвёскі, васемнаццаць хат. У гумне згарэла неабмалочаная збажына – надзея на ўвесь год. Сатлела ў стопцы бульба. На шчасце, праўда, ацалеў свіран, дзе ў арудзе было трохі ячменю. З ім неяк перазімавалі. Добра, сёе-тое ўдалося адратаваць з хлява. Памясціла ў людзей карову: перахавалі за малако, і каня ўдалося датрымаць па людзях да вясны. Без яго зусім бы прапалі. Зімою ўдваіх з бацькам, тонучы ў гурбах, надрываючыся над камляватымі соснамі (адхварэла потым, ледзь адлячыла суседка), нарыхтавалі лесу на гумно. Памаленьку вытралявалі яго, балазе быў конь, на сваё пажарышча. За лета з людской помаччу агоралі зруб. Намалаціўшы саломы новага ўраджаю, прыкрылі яго і ў самае перадзім’е гумно закончылі: было дзе прытуліцца з дабром, сабраным з нівы. Вясною, толькі збольшага ўправіліся з работамі ў полі, як сталі ехаць сваты. Усталяваўся, ці надоўга, спакой, і людзі спяшаліся вярнуцца ў адвечнае рэчышча жыцця.

– Я пакуль што не думала аб замужжы, – успамінае Ганна Міхайлаўна далёкія часы маладосці. – Недзе заблукаў, яшчэ не вярнуўся з вайны хлопец, з якім употайкі сустракаліся. Потым не магла і падумаць, як кіну адных нямоглага бацьку з старэнькім дзядулем, ды яшчэ кутнікамі ў чужой хаце. Мужчыны ж разважалі па-свойму. Мусіць, баяліся, каб не засталася ў дзеўках-векавухах. Для парады паклікалі бабулю з суседняй вёскі. З усіх сватоў, што адведвалі хату Сухадольцаў, выбралі адных, з Яцкава. Самі неяк з’ездзілі туды, кіламетраў за пятнаццаць, распыталі пра жаніха, яго бацькоў і сказалі Ганне: “Ідзі, на нас не глядзі. Неяк дадзём сабе рады. А там, можа, хто з сыноў вернецца”, – не траціў надзеі бацька. Далася ўгаварыць сябе. Трэба рыхтавацца да вяселля, а тут нідзе нічога ні купіць, ні дастаць. Удалося расстарацца крыху солі. Была яна тады даражэйшая за золата. Людзі хадзілі на пошукі солі некуды далёка, за свет. Часам гінулі ў той дарозе. За пару жменяў солі Ганне пашанцавала дастаць кавалак белай матэрыі. Пашыла сабе сукенку. Стрыечная сястра пазычыла туфель, каб было ў чым з’ездзіць да шлюбу, а суседка дала вэлюм на галаву. У дарозе ў царкву ўзяў одум: як гэта я выходжу замуж за нялюбага чалавека, якога толькі два разы бачыла, ні аб чым пагаварыць не паспела? Разжалілася. Усю дарогу плакала.

 

Пад расказ-успамін Ганны Міхайлаўны пра тыя зборы ў беднасці, галечы замуж прыгадаліся яе вясельныя песні. Песцілі ў думках яны маладую, любаваліся ёю якраз перад адпраўкай да шлюбу.

Наша Ганулька прыгожа ўбрана,

Яе адзенне ў Вільні купляна.

З’ездзіў міленькі – купіў сукенкі,

З’ездзіў сваточак – купіў вяночак,

Ездзілі залвічкі па чаравічкі,

Ганначку ўбралі – з сабой забралі.

У песнях былі і дзівосныя ўборы маладой, і залатыя кубкі на стале, і заморскія птушкі, якія нібыта ацерушылі крышталёвую расу кветачкі, што на шапцы ў маладога. У сапраўднасці ж было зусім іначай. Праўда, была раса, што падала на русую касіцу – Ганульчыны слёзы.

Ой ў полі, ў полі ўсе красачкі цвіцелі, –

Па застоллі сватоўе сядзелі.

На тым на сім так шапачкі харошы –

На Рыгорку прыгажэйшая ада ўсіх!

На шапачцы ружовая кветачка,

На кветачцы цудоўная расіца.

Прыляцелі заморскія птушачкі,

Ацерушылі крыштальную расіцу

Да Ганульцы на русую касіцу.

Ды не адна маладая, асабліва ў старой, даўнейшай беларускай вёсцы, не выплакала за раз сваіх слёз. Шмат іх было яшчэ наперадзе і ў Ганны Рубацкай. Журлівая свякроў, муж, які не мог запярэчыць ні ў чым маці, суцешыць, прыгалубіць маладую жонку. Работа безупыну і ў будні і ў свята. Хапала яе і ў бацькавай хаце: трэба было напрасці, наткаць на сям’ю, накарміць. Дзень адпрацаваць і ў полі і ў хаце, а ноччу весці кабылу на начлег ды не спаць, пільнаваць, каб хаця ваўкі не ўкралі жарабя. Днём зноў стаць да цяжкой працы. Але там, у бацькавым доме, здавалася, усё ішло спарней, лацвей, увішней. Работу паробіш і, асабліва святочным днём, уварвеш якую гадзіну пачытаць. Было там што чытаць. Былі братавы кнігі з часу яго вучобы ў Маладзечанскай семінарыі. Цягнула ўсё вучыць за старэйшым, нават нейкіх пяцьсот французскіх слоў ужо ведала, разбірала, спасцігала французскую грамату па яго семінарскім падручніку. Потым генерал, што стаяў у бацькавай хаце, некуды ўцякаючы ў час рэвалюцыі, пакінуў ладна кніг. Сярод іх нямала рускай класікі. Пажар дваццатага года змёў зараз з усім дабром, хатай і гэта багацце. Пры Польшчы дастаць рускіх кніг не было дзе. Сумавала па чытанні. Праўда, з часам навучылася чытаць і па-польску. Прачытала і Ажэшка, і Рэйманта, і Канапніцкую. А вось па-свойму, па-беларуску, пачала чытаць і пісаць ужо ў савецкі час. Як пайшлі ў школу ўнукі, заглядала разам з імі ў падручнікі. Вершы беларускія пачытала, і самой захацелася нешта напісаць. Але гэта ўжо, калі паўвеку было пражыта, а жыццё змянілася на лепшае, шырэйшае сваімі даляглядамі.

У 20-я ж гады тут, на Валожыншчыне, пад уладай буржуазнай Польшчы, яно крыху перайначылася. Гусцей, чым пры цары, сталі паліцэйскія ўчасткі, якія зваліся цяпер пастарункі. З’явіліся асаднікі, былыя вайскоўцы, легіянеры, якім маршалак Пілсудскі, урад Рэчы Паспалітай хацелі аддзякаваць за ўдзел у паходах на захад і ўсход дзеля адваявання каханай Ойчызне як найшырэйшых межаў-граніцаў. Прыслалі настаўнікаў пераважна з Галіччыны ды рознага чыноўнага люду. Гэта былі тыя “навіны”, што прынеслі з сабою новыя гаспадары краю. У цэлым жа вясковае жаночае жыццё ішло адвечным сваім цягам: у кругазвароце хатняй ды палявой гаспадарчай працы, у клопатах-згрызотах ды ціхай надзеі аб прыходзе нечага лепшага ў будучыні. Можа, нейкіх перамен.

Усяго было ў першыя гады замужжа Ганны Рубацкай. Болей благога. Баялася сама ўзяць есці. Скароміну, малочнае свякроў трымала пад замком. Хварэла маленькая дачка. Плакала дзіця, плакала над ім ад жалю бязрадная маладая маці. Аж пакуль суседка не падказала просты народны сродак. Няўрымслівая ў сваёй бурклівасці, чаплялася са сваркамі свякроў. Не меў спагады муж. Аднойчы, калі падняў на яе руку (дачка была звалілася з лавы на падлогу), сабралася ўпрочкі. У нядзелю вярнулася ў бацькаву хату, але муж перапрасіў, угаварыў бацьку не забіраць дачку. Мінула гадоў сем-восем замужжа, і для Ганны Рубацкай, здавалася, гатовы былі надысці лепшыя, прасветленыя дні. Паднялася вышэй стала дачка. Зрабілася поўненькая, зграбненькая. Прыцішэла грызлівая свякроў. Муж распачаў перабудоўваць заняпалую за вайну ды пасля раздзелу з братам гаспадарку. Перасыпаў хлеў, гумно. Нарыхтавалі дрэва на новую хату: жылі пры лесе, і сядзець у цеснаце ўжо не было змогі.

Гаспадар замахнуўся на сапраўдную святліцу – каб была лепшая ў вёсцы. Дом ставілі прасторны, на дванаццаць акон. Згоджаныя на работу цеслі былі дасканалыя майстры. Сцены выводзілі гладкія, без пазоў, як з дошак. Стаялі высокія, залацістыя, на гладкі вугал. Хоць рубілі зруб увасьмярых, працавалі доўга, старанна. Потым іх замянілі чатыры страхары: пакрылі дом гонтай. Потым на змену ім прыйшлі печнікі. Акрамя варыўнай печы вымуравалі грубку і кафельную пліту. Круглы год сталяравалі тры сталяры. Работнікі былі з Валожына і далейшых вёсак. Столькі мужчын трэба было накарміць, нарыхтаваць пасцель нанач. Акрамя таго, трэба было паспець у полі за сярпом ды дзяцей дагледзець: меншай дачцэ ішоў другі год, корпалася ў стружках каля хаты. А асноўнае – трэба было заплаціць майстрам: і цеслям, і страхарам, і печнікам. Рубацкія не вытрымалі б тых вялікіх расходаў, каб перад тым некалькі год не душыліся аб адным малаку, гадуючы жывёлу на продаж: іначай з чаго можна было ўзяць тыя злотыя, каб заплаціць людзям. Зямлі няшмат. Збажыны збіралі як пражыць. А каб і лішак яе – то не вельмі заробіш: жыта было недарагое, а ярына і таго танней. Затое ўсё прамысловае, самая дробязь – у добрай цане, не дакупіцца. Глядзела маладая гаспадыня на свой дом, беручы ваду ў студні, – адна любата. А ў сэрцы не радасць, а халадок трывогі і нейкі ўнутраны голас: “Ці ты будзеш у ім жыць? Не…” Прадчуванне бяды было недарэмна. Толькі зрабілі ўваходзіны, кватаранты адразу знайшліся. Само мясцовае начальства зацікавілася харомам Рубацкага. Паўдома адразу нанялі пад канцылярыю. А гэта – пэўны злот на даўгі ды расходы. Ганна купіла сабе нажную швейную машыну, матэрыялу ды за зіму пашыла сеё-тое дзецям, сабе, мужу. Закалолі каляду ды ўжо не на продаж, як раней, а да свайго стала пайшла свежаніна, кілбасы і пару кумпякоў – к надналеццю. Толькі ўжыць па-людску нічога не ўдалося. Як гром з яснага неба на галовы Рубацкіх звалілася бяда – пажар. Вясна 1929 года выдалася пагодлівая, сухая. Ніводнага дажджу. Ярына абышла, але ў рост не кранулася. Дзе ж: зямля як попел. Саламяныя стрэхі сталі нібы порах. Досіць было невядома кім, адкуль занесенай іскры, каб будынкі на вачах ператварыліся ў суцэльнае полымя. Рубацкія, як былі на час бяды пры рабоце, у горшым адзенні, у тым і засталіся. Адно паспела Ганна выхапіць з агню галоўку новай сваёй машынкі. Муж і зусім нічога. Засталіся як стой. А ні ў што змяніцца, ні ў рот чаго ўкінуць. Рабі што хочаш. Спачатку разгубіліся. Ці зноў пачынаць ад падмуроўкі? Аддасі ўсю страхоўку, а дзе гарантыя, што падобнае не здарыцца? За свае дваццаць дзевяць Ганна ўжо двойчы плакала на папялішчы роднай хаткі. Можа, лепей укласці гэты мазольны грош у зямлю? Яна не згарыць і не ўтоне. Пасееш – і заўсёды, калі болей, калі меней, але нешта сажнеш, змалоціш. Так і рашылі. Да страхоўкі крыху грошай прыпазычылі ў людзей і ўнеслі першую рату платы за кавалак падлеснага поля. Не ведалі яшчэ, у які клопат, бяду траплялі з ёю на будучыню. Зямля пры паляках была дарагая. Не кажучы ўжо, колькі працы ў яе трэба было ўкласці, каб мець нейкі пажытак, карысць. Тым часам перад вайной Рубацкія патрохі пачалі станавіцца на ногі. Хоць змагліся ад выплаты за зямлю і радзіла яна слабавата, але хлеба хапала. Дачку старэйшую аддалі замуж як людзі: і вяселле справілі, і з пасагам выправілі. У вёску Белакорац, што недалёка ад руму, была тая выйшаўшы замуж за неблагога чалавека. Перажыць з таго часу давялося шмат чаго, і добрага і кепскага.

Вайна спачатку загрымела здалёку. Навісла трывогай: што будзе? Няпэўнасць трывала, аднак, нядоўга. Нечакана змянілася на радасць. Жыццё перайначвалася на лепшае. У Заходнюю Беларусь уступіла Чырвоная Армія. Стрымгалоў уцякала абрыдлая польска-панская адміністрацыя з яе незлічонымі падаткамі, штрафамі, пагардай да ўсяго мясцовага, беларускага – таймаваннем народнага духу, свабодалюбівых памкненняў працоўных людзей. Калі спяшаліся да бальшака, ажыўленага рухам савецкіх танкаў, коннікаў і спешаных байцоў, у Ганны, ды ці ў адной яе, жыла патайная надзея ўбачыць сярод вызваліцеляў і родных, сваіх братоў. Ведала, што такое толькі ў казцы бывае: ці ж якраз ім быць, ісці ў гэтым паходзе, а спадзявалася. Непакоіла думка, што даўно не было ад іх ніякіх вестак. Старэйшы, Андрэй, дык той, праўда, далёка дзесь, у самую глыбіню Расіі забраўся. Разы два толькі абазваўся лістамі, яшчэ калі жыў бацька. Пісаў, што жаніўся і меў уцеху з сям’і, хваліўся работай, што была па душы. Малодшы Рыгор даваў пра сябе знаць досіць часта. Скончыў беларусазнаўчыя курсы ў Мінску. Вярнуўся да сваёй даваеннай прафесіі – настаўнічаў. І недалёка ад родных мясцін. Пісаў, што ў сонечныя дні бачыць праз граніцу абрысы свайго лесу на даляглядзе. Турбаваўся за блізкіх, што засталіся пад Польшчай. Відаць, ведаў, як тут цяжка жылося, спагадаў, спрабаваў памагчы. Перапіска Ганны з ім абарвалася гады за два да вайны…

Не ўсё яшчэ ў новым жыцці тутэйшыя людзі паспелі глыбей асэнсаваць, як жорсткая віхура новай вайны ўраз разбурыла яго. Немцы пачалі ад расстрэлаў.

Творцы “новага парадку” за самы дзейсны сродак усталявання яго лічылі пятлю, свінец. Ва ўсёй Еўропе і асабліва тут, на ўсходзе, у тым ліку Беларусі. Пачалі з палявання на людзей. Вышуквалі камуністаў і камсамольцаў. Тут, у Заходняй Беларусі, гэта былі перш за ўсё былыя байцы падполля, што прайшлі суровую школу барацьбы з рэжымам санацыі, прайшлі допыты, астрогі, зведалі паняверку і засталіся адданыя высокім ідэалам чалавечага брацтва, сацыяльнай свабоды. Палявая жандармерыя, службы СД і гестапа вышуквалі іх, карыстаючыся даносамі колішніх праціўнікаў і проста падонкаў, каб тут жа, на месцы, за роднай ваколіцай, расстраляць. Турмы, вывазы – і гэта было ў арсенале гітлераўскіх ідэолагаў і практыкаў перабудовы свету, але не асноўнае ў іх метадзе, стылі дзеяння.

Расстраляць, кінуць у газавыя камеры, ператварыць чалавека ў рабочую жывёлу на заводах смерці, вайны – вось метад маньякаў, што па жорсткай іроніі гісторыі ўявілі сябе будаўнічымі “новай Еўропы”. Гэткім спосабам гаспадарылі ў свеце. Так тры гады распараджаліся і на Валожыншчыне. Каго не расстралялі, стараліся запрэгчы ў сваю д’ябальскую машыну, каб забяспечыць яе бесперабойны ход. З земляроба ж праглі выціснуць для ненажэрнага вермахта, спустошанага, нягледзячы на тое, што захапілі паў-Еўропы, фатэрлянду ўвесь плён яго мазольнай працы. Хлеб, масла, сала, малако давай і давай. Канца не было паборам. Застагнаў Рубацкі, праклінаючы нарыхтоўкі і зямлю, за якой некалі, пры Польшчы, пагнаўся, спадзеючыся выбрацца з бядоты. Цяпер рабіць даводзілася на адны падаткі. А тут і сілы нялішак. На сыноў не пашанцавала. Дочкі не паспелі ўзняцца, пайшлі замуж. Трохі памог быў селяніну выдужваць акружэнец Кузняцоў Грыша. Былы танкіст адступаў аж ад Брэста, падбіўся, пакуль трапіў у лясную вёску на Валожыншчыне, выбіўся з сіл. У хатнім цяпле Рубацкіх апрытомнеў. Надзея апярэдзіць фронт, прабрацца да сваіх увосень 1941 года была невялікая. Затрымаўся, пакуль з’явіліся партызаны, і з імі мог зноў узяць зброю, змагацца з ворагам.

Ганна Міхайлаўна ўспамінае, як неспакойна было ноччу і днём. Пякла партызанам хлеб, шыла на змену бялізну. Трэба было асцерагацца: днём наляталі немцы і віжавалі між людзей, хто памагае партызанам. Хто-небудзь данясе, даведаюцца – літасці не спадзявайся. Гаспадарка нішчылася. Але куды дзенешся? Людзі трымаліся за сваю хату, зямлю. Да часу. У 1943 годзе па пушчанскай старане Валожыншчыны прайшлі карнікі, пакідаючы скрозь крывава-жудасны след. Трэці раз на жыцці Ганны Рубацкай гарэла яе хата. І ўсё ж Рубацкім на гэты раз пашчасціла, у параўнанні з іншымі. Ім удалося зберагчы самае галоўнае – жыццё. Прадчуваючы бяду, яны былі падаліся да родных. Перад гэтым засталіся адны, толькі ўдваіх. Другая, малодшая дачка, выйшла замуж. Які там выхад у тым ліхалецці: сабрала ў вузельчык увесь свой пасаг і пайшла за ўпадабаным хлопцам. Хата, хлеў, гумно Рубацкіх, як і ўсіх яцкаўцаў, былі спустошаны акупантамі. Як бы і не заставалася за што трымацца. Хіба за адно абжытае месца. Хто з вяскоўцаў не ўцёк глыбей у пушчу, не схінуўся дзе, таму не ўдалося ў Яцкаве прычакаць дня вызвалення. Тыя, хто пасылаў карнікаў, самі яны, што такое чалавечнасць, літасць, праўда, – не ведалі.

Па вайне Рубацкія асталяваліся ў Валожыне: перадумалі вяртацца на спаленае дварышча. На новым месцы аказалася не проста. Муж да местачковага жыцця быў нязвычны. Тут усё з рубля, усё недзе дастань. Хлеба ў магазін прывязуць – расхопяць, не агледзішся. Дачка вярнулася дамоў з двума ўнукамі: не ўдалося замужжа. Недастача кругом. Трэба было неяк выкіроўвацца. Ганна кідалася як магла. Самі нанач укладаліся на падлозе: кватарантаў пусцілі. Гатавала яду на ўсіх. Муж на здароўе моцна заняпаў. Працавала адна дачка. Ганна спачатку ўпраўлялася пры доме з унукамі. Крышачку падняліся дзеці, пайшлі ў школу, бабуля стала нарыхтоўшчыцай сыравіны для Красненскага завода. Як бы і зручна было. Арганізавала прыёмны пункт на сваім падвор’і: і з работай увінешся, і дзяцей дагледзіш, і каля печы паспееш управіцца. Чатыры месяцы ў годзе, нарыхтоўчы сезон, працавала дзень і ноч, круцілася, кідалася да змогі. Прымала ад людзей прадукцыю: садавіну, ягады, грузіла скрынкі на машыну. Падворак быў завалены садавінай, лясным набыткам. Асабліва шмат падвозілі і неслі ў суботы і нядзелі. Спаць укладвалася пад ранак: трэба было вартаваць нарыхтаванае заводу дабро. Так адзінаццаць гадоў з лета ў лета, аж пакуль аднаго дня не заспелі на дварэ непрытомную. Даляталася да прабадной язвы. Дзякаваць дактарам – вярнулі да жыцця праз два месяцы, паставілі на ногі. Папраўлялася марудна. Былі ўжо не тыя гады. У маладосці, здаралася, даб’ешся да абуха за работай, надыдзе вальнейшая пара – і зноў дужая, лёткая. А тут не тое. Далі інваліднасць другой групы. А пенсіі – не: сезонная работа – не набралася стажу. Памагала сабе шытвом. Вязала карункі. З’явіўся і сякі-такі ганарарны рубель. І раней, як бы занята ні была, урывала хвіліну, каб пачытаць. Праўда, з маладосці, калі хацелася што-небудзь расказаць – карцела гаварыць у рыфму, складна. Натрапіла на вершы Максіма Танка: “Цяпер ведаю, як трэба пісаць”, – сказала сама сабе. Надрукавалі некалькі вершаў Ганны Рубацкай у раённай газеце, запрасілі ў літаратурны гурток, школу рабкораў. Старая сярод моладзі, але прымалі добра, зычліва, з увагай, як і слухаючы, калі выступала. Пры раённай газеце настаўлялі больш на тэмы надзённыя. Пісала пра ўсё. Свет адкрываўся шырэй і шырэй. Асабліва калі наважылася паглядзець яго зблізку – сабралася і паехала адно лета ў Сочы, другое – у Ялту, потым на Нарач, у Прыбалтыку. Колькі кругом хараства, цікавага… Не паспееш агледзець за адно жыццё, калі яно нават не кароткае. Значыцца восемдзесят пятым летам, як у беларускай сялянкі, народнай пявунні і паэтэсы Ганны Міхайлаўны Рубацкай.

Арсень ЛІС.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *