Маўчанне – золата?

Культура

Некалькі дзён таму я ў каторы раз стаў сведкам наступнай сітуацыі. Перад касай пэўнай валожынскай установы стаяла чарга. Большай часткай – вольныя ад працы бабулі, аднак трапляліся і сталыя мужчыны, і няўрымслівая моладзь, якія відавочна спяшаліся. Стаяў і я, нервова паглядаючы на гадзіннік, бо набліжаўся час прызначанай сустрэчы ў іншай установе. Я спадзяваўся паспець, бо ў чарзе перада мною застаўся толькі адзін чалавек. Вось ён разлічыўся і рушыў да дзвярэй. Я зрабіў крок наперад, схіліўся да акенца, і хацеў звярнуцца да прадаўца. Але не паспеў…

Спачатку прылавак дробна затросся, а праз імгненне да вібрацыі далучыўся і гучны “голас” мабільнага тэлефона.  Я адчуў, як дзесьці глыбока ў ва мне змяшаліся два пачуцці – адчай чалавека, які спазняецца, і цікавасць – а што будзе далей? Цікавасць перамагла, і я дапытліва паглядзеў на прадаўца. Але пытанне было залішнім. Жанчына, не задумваючыся, пераключыла сваю ўвагу з пакупніка ў маёй асобе на суразмоўцу на другім канцы нябачнай  тэлефоннай лініі.

“Ой, прывітанне! Ну, як ты? Усё ў парадку? У мяне таксама. Ну… Я не ведаю… Так. І што пасля?” – спакойна, не адчуваючы на сабе дакорлівых позіркаў не менш, як пятнаццаці пар вачэй, размаўляла жанчына. Мяне гэта здзівіла. Я б так проста не змог! Амаль два дзесяткі чалавек чакаюць увагі. Дакумент з суроваю назвай “Службовыя абавязкі” ўсплывае ў памяці. Аднак жанчына па той бок шклянога бар’ера, не звяртала ніякай увагі ні на першае, ні на другое. “Ды ну! Не можа быць!… Ой, не турбуйся, сама ж разумееш – жыццё такое” – разносілася над маўклівай чаргой шматлікіх пакупнікоў. Я пільна паглядзеў прама ў вочы прадаўцу, жанчына ж не заўважаючы нічога, засяроджана пазірала кудысьці ўдалячынь. Я пачаў хвалявацца: “Мая афіцыйная сустрэча  ў іншай установе яўна магла не адбыцца…”

Але ж гутарка па тэлефоне згубіла вастрыню, пачала абмякаць. Вочы жанчыны набылі зусім новы выраз, яна нарэшце заўважыла змучаную чаргу перад касай. “Ну добра, Наташка, бывай, а то ў мяне шмат людзей…” – прамовіла аматарка мабільнай сувязі і паклала трубку.

“Цікава, ці папросіць прабачэння?” – пранеслася ў маёй галаве. Аднак спадзяванні аказаліся марнымі. З выглядам чалавека, які старанна выканаў свой абавязак, прадавец нарэшце звярнулася ў мой бок: “Што Вам?”.

…Перад пачаткам спектакля ў любым больш-менш сур’ёзным тэатры альбо канцэртнай зале гучыць прыемны, аднак настойлівы голас, які просіць гледачоў адключыць мабільныя тэлефоны. Ці не прыйшоў час пачаць рэгулярна “прайграваць” падобныя запісы і ў нашых крамах, аптэках, пунктах сэрвісу?

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий