ГІСТОРЫЯ МУЖНАСЦІ І КАХАННЯ

Культура

5 мая 1941 г. жыхар Івянца Пётр Ахрэм развітваўся са сваімі роднымі. Напярэдадні ён атрымаў павестку з райваенкамата. Пра кепскае ў той сонечны цёплы дзень не думалася, усе жадалі Пятру дастойна адслужыць і вярнуцца дамоў.

Так у маі сорак першага Ахрэм стаў чырвонаармейцам 143-га запаснога стралковага палка, падраздзяленні якога размясціліся на Гродзеншчыне, непадалёку мяжы.

Дадому, у Івянец, ляцелі ад байца лісты, у якіх ён расказваў пра сваё салдацкае жыццё. Ён пісаў, што ў яго поўны парадак, здароўе добрае, што ён займаецца ў летнім палявым лагеры. Дні ляцелі непрыкметна, падобныя адзін на другі, пакуль не настала 22 чэрвеня 1941 года.

З першых гадзін вайны чырвонаармеец Ахрэм змагаўся з гітлераўскімі захопнікамі. Байцы 143-га запаснога стралковага палка паспелі заняць пазіцыі і сустрэлі ворага агнём. Кулямётная чарга, якую выпусціў Пётр Ахрэм, знішчыла двух фашыстаў. У тым першым баі салдат быў паранены ў руку.

Пасля перавязкі чырвонаармеец Ахрэм зноў удзельнічаў у баі. Такім гарачым і напружаным выдаўся першы ваенны дзень. Нядоўгае зацішша ноччу закончылася на світанні. З боку немцаў зноў ударыла артылерыя, у паветры з’явілася варожая авіяцыя. Новая лінія абароны пралягла непадалёк ад Аўгустоўскага канала. Тут 24 чэрвеня 1941 года Пётр Ахрэм быў цяжка паранены.

А праз некаторы час у яго дом у Івянцы пастукалі. Устрывожаная жонка падбегла да дзвярэй. На парозе стаяў саслужывец Пятра – Станіслаў Пашкоўскі. Ён расказаў гісторыю свайго таварыша. Параненага ў грудзі і жывот салдата чырвонаармейцы не кінулі, панеслі з сабой на самаробных насілках. А непадалёк ад Шчучына Пётр Ахрэм і Станіслаў Пашкоўскі трапілі ў палон. Станіслава хутка адпусцілі дамоў, а Пётр апынуўся ў Лідзе ў шпіталі лагера для ваеннапалонных.

“Пётр адчувае сябе кепска, — не стаў хлусіць Пашкоўскі, – але арганізм моцны, можа, выпутаецца”.

Станіслава разважала нядоўга. Сабрала самае неабходнае і рушыла ў дарогу. У адзін з ліпеньскіх дзён 1941 года яна стаяла каля лагернай брамы. Спачатку ахова яе не пусціла, але Станіслава ўмела быць настойлівай. У лагерным шпіталі яна знайшла свайго мужа. Схуднелы, змучаны, але галоўнае жывы.

Тры тыдні Станіслава знаходзілася побач з Пятром, рабіла ўсё, каб муж паправіўся…

Аднак Пятру Ахрэму рабілася ўсе горш. Раны загнаіліся, ён ужо не мог самастойна пераварочвацца на ложку, гадзінамі ляжаў у забыцці. Станіслава заставалася з ім да канца. Калі 6 жніўня 1941 года Пётр памёр, папрасіла яго не хаваць. Яна хацела зрабіць гэта сама, сабраўшы радню з Івянца. Ей паабяцалі, і жанчына накіравалася дадому з сумнай навіной. А калі вярнулася, то даведалася, што яе мужа пахавалі, абазначыўшы месца самаробным крыжам.

…Станіславе Ахрэм не было каго чакаць з вайны, але яна ведала, што зрабіла ўсё магчымае і немагчымае для свайго суджанага.

…Пётр Іванавіч Ахрэм пахаваны на могілках на вуліцы Савецкай у Лідзе. У гэтай гісторыі часоў ваеннага ліхалецця перапляліся мужнасць воіна і жаночае каханне і вернасць.

Юрый КАМЯГІН,

краязнаўца,

горад Гродна.

 



Добавить комментарий