СОЧАЦЬ ЗА ПАРАДКАМ

Общество

Прыемнай ініцыятыве ўпершыню адзначыць прафесіянальнае свята парадаваліся прадстаўнікі Валожынскага маладзёжнага атрада аховы правапарадку – 20 чалавек з ліку паўналетніх навучэнцаў сельгасліцэя і працоўнай моладзі горада.

Як адзначыла кіраўнік атрада – першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Нямкевіч, для гэтага сёння ёсць падставы. Байцы маладзёжнага атрада аховы правапарадку, выходзячы кожным суботнім вечарам разам з супрацоўнікамі РАУС у патруль па вуліцах райцэнтра, паспрыялі выяўленню шэрага парушэнняў адміністрацыйнага заканадаўства (як, напрыклад, продаж спіртных напіткаў непаўналетнім, бойкі ў месцах масавага адпачынку грамадзян), папярэдзілі іншыя падобныя выпадкі. Іх працу варта ацанілі і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Лепшыя, з самай актыўнай жыццёвай пазіцыяй байцы (у тым ліку і сама Наталля) да мінулагодняга Дня міліцыі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі.

Рух у падтрымку законнасці і спакою ў маладзёжным асяроддзі, дарэчы, атрымаў пэўнае пашырэнне. Пераймаючы станоўчы вопыт працы МААП, падобны атрад стварылі і самі навучэнцы сельскагаспадарчага ліцэя. Тут няма абмежаванняў па ўзросце, але гэта і не патрабуецца: ліцэісты арганізавалі дзяжурствы да 10 гадзін кожнага вечара, сочаць за парадкам у інтэрнаце і падчас дыскатэк.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий