64 КГ – ДЛЯ ЯГО НЕ ВАГА

Официально

Самым актыўным прыхільнікам здаровага ладу жыцця ў брыгадзе, без сумнення, сёння з’яўляецца радавы Арцём Яфімаў. Спартсмен-цяжкавагавік падтрымлівае сябе ў выдатнай фізічнай форме, рыхтуецца да абласных унутрыведамасных спаборніцтваў па гіравым спорце.

Амаль што з разраду неверагодных, але пацверджаны ўласнымі вачамі факт: у руках вайсковага асілка дзве 32-кілаграмовыя гіры лятаюць, нібыта зробленыя з пуху. Арцём пачаў займацца бодыбілдынгам з малых гадоў, а да прызыву, яшчэ падчас працы на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы, у складзе зборнай прадпрыемства на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод сельгаспрадпрыемстваў паспрабаваў сябе ў гірах і армрэслінгу. З той пары і павялося…

Сёння радавы Арцём Яфімаў – неаднаразовы прызёр спартакіяд сярод часцей цэнтральнага падпарадкавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па гіравым спорце, боксе і армрэслінгу. Але ўзорны ён не толькі на падобных маштабных мерапрыемствах. У брыгадзе вышэйшыя службовыя асобы адзначаюць яго як выдатнага дысцыплінаванага вадзіцеля, выдатніка ваеннай падрыхтоўкі. Летам Арцём дэмабілізуецца і вернецца на радзіму. Там яго чакае любімая дзяўчына, з якой плануе неўзабаве ажаніцца. Але спачатку – каб быў трывалы фундамент для будаўніцтва сям’і – знойдзе добрааплачваемую работу.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий