Жыццё раёна

Общество

Традыцыйнае раённае мерапрыемства па падвядзенні вынікаў работы за мінулы год пройдзе ў суботу ў Валожынскім Доме культуры. Прадстаўнікі многіх прафесій збяруцца на гэты сход. Удзельнікі мерапрыемства атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Для іх падрыхтавана канцэртная праграма.

На прадпрыемствах, дзе фарміруецца вытворчы, эканамічны рэсурс раёна, працуе больш за 15 тысяч чалавек. Самымі буйнымі па кадраваму складу лічацца ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”,  Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, СП “Івкон”,  ААТ “Валожынскі льнокамбінат” і інш.

 

У 2011 годзе ў эканоміку раёна інвесціравана 411,8 мільярда рублёў. У параўнанні з папярэднім годам гэты паказчык павялічыўся на 135,7 працэнта ў супастаўных умовах.

 

За кошт усіх крыніц фінансавання летась у раёне здадзена ў эксплуатацыю 20,1 тысячы квадратных метраў жылля. Дзякуючы дзяржаўнай крэдытнай падтрымцы ажывілася і індывідуальнае будаўніцтва. Тут пальму першынства трымае Ракаўскі сельсавет. Шмат наваселляў спраўлена і ў Івянцы, Валожыне. А Пральніцкі, Яршэвіцкі сельсаветы вызначаюцца сярод астатніх жыллёвым бумам. А значыць вёскі будуць маладзець!

 

Прадукцыя з валожынскай маркай запатрабавана не толькі на ўнутраным рынку краіны. Геаграфія яе паставак даволі шырокая. Смак івянецкіх цукерак ведаюць у многіх краінах СНД, Грузіі, Германіі, Польшчы. Летась СП “Івкон” адправіла на экспарт кандытарскіх вырабаў на 5212,8 тысячы долараў ЗША.

 

У мінулым годзе ў раёне праведзена 14 аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва на суму 853,0 мільёна рублёў.

 

СТАА “ІрыёнВуд”, якое размешчана ў Ракаве, займаецца вырабам камплектаў дамоў з клеенага бруса. Экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў Венгерскую Рэспубліку, Рэспубліку Кіпр.

 

У 2011 годзе на развіццё сельскай гаспадаркі раёна накіравана 8792,9 мільёна рублёў ці 7,3 працэнта агульных расходаў.

Фінансаванне жыллёва-камунальных паслуг з бюджэту склала 19681,0 мільёна рублёў.

 

Вялікія бюджэтныя сродкі ідуць на ўтрыманне і развіццё сацыяльнай сферы. Летась на гэтыя мэты выдаткавана 81498,4 мільёна рублёў. Расходы, звязаныя з работай устаноў сацыяльнага прызначэння, па выніках года склалі 67,3 працэнта ад усіх расходаў бюджэту раёна.

 

Значна пашырыўся аб’ём аказання платных паслуг насельніцтву. Летась гэты сегмент эканомікі склаў 47,2 мільярда рублёў.

 

Упэўнена заваёўвае рынкі збыту на расійскіх прасторах фабрыка корпуснай мэблі “Стыль” з Івянца. Гэта прадпрыемства мае прыватную форму ўласнасці. Бізнэс развіваецца ўстойліва і перспектыўна. Экспартныя пастаўкі летась павялічыліся на 31 працэнт. За межамі рэспублікі вытворцы рэалізавалі прадукцыі на 407,4 тысячы долараў.

 

Валожынскі філіял ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» (дырэктар Аляксандр Мікалаевіч ЛУШЧЫК) удала прадаўжае працоўныя традыцыі. Летась вытворцы ў чарговы раз пацвердзілі высокі рэйтынг прадукцыі на прэстыжных рэспубліканскіх выставах: цвёрдыя сыры ўдастоены двух ганаровых дыпломаў. У 2011 годзе на спажывецкі рынак адгружана 3339 тон сыроў, 3051 тона сухой малочнай прадукцыі. Доля экспарту склала 57,9 працэнта.

 

Летась рады прадпрыемстваў-экспарцёраў, дзякуючы сваёй прадукцыі, папоўніла і ІПАУП “Гліга”, якое размешчана ў Ракаўскім сельсавеце. Яно займаецца выпускам натуральнай абліцовачнай пліткі. Гэты від прадукцыі адносіцца да разраду запатрабаваных на будаўнічым рынку. Плітка адгружаецца ва Украіну, а таксама паспяхова рэалізуецца ў Расійскай Федэрацыі, у Казахстане.

 



Добавить комментарий