ПАРАСТКІ ПРАЦАВІТАСЦІ ДАДУЦЬ ГЛЫБОКІЯ КАРАНІ

Общество

Жыццё раёна

–        У кадраў ёсць вялікая колькасць матывацый для далейшага паспяховага развіцця раёна, – лічыць кіраўнік вертыкалі ўлады Уладзімір Антонавіч НАУМОВІЧ.

– Уладзімір Антонавіч, звязваючы з кожным новым годам пэўныя надзеі, заўсёды хочацца зрабіць больш, чым у папярэднім. Часам прымаюцца амбіцыйныя перспектыўныя рашэнні. Ці ўсё задуманае ў 2011 годзе ўдалося ажыццявіць?

– Мінулы год можна назваць плённым на вытворчыя здабыткі. Нягледзячы на праявы фінансава-эканамічнага крызісу, мы не разгубіліся, а сканцэнтравалі свае намаганні, вопыт на ключавых задачах развіцця раёна. І хоць 2011-ы год быў няпростым, але, калі браць па вялікаму рахунку, яго можна ў цэлым назваць удалым. Летась дынамічна і стабільна развівалася прамысловая галіна. Тэмп росту ў фактычных цэнах склаў 177,7 працэнта. Адгружана прадукцыі на 139,4 мільярда рублёў. Аграпрамысловы комплекс раёна таксама ўнёс сваю лепту ў эканамічную бяспеку  краіны. Я не перастану паўтараць, што зямля – гэта наша беларускае золата, і шчырая працавітасць людзей дазваляе на гэтай зямлі збіраць высокія ўраджаі. І ў мінулым годзе мы пацвердзілі ранейшы рэкордны паказчык па намалоце зерневых і зернебабовых культур – больш за 100 тысяч тон. Упершыню за многія гады высокі ўраджай – звыш 100 тысяч тон – далі бурачныя плантацыі. Тут ключавым фактарам стала не толькі руплівасць аграрыяў, але і строгае захаванне тэхналагічнай дысцыпліны пры вырошчванні такой даходнай культуры, як цукровыя буракі, запраўка глебы неабходным  комплексам мінеральных угнаенняў. У гэтым вытворчым працэсе значную ролю адыграў і наш даўні вытворчы партнёр – Гарадзейскі цукровы камбінат.

Жывёлаводчая галіна летась крыху недацягнула да вызначаных прагнозных паказчыкаў. Але, спадзяюся, што ў гэтым годзе яна возьме рэванш, бо поўным ходам ідзе рэканструкцыя, мадэрнізацыя, тэхпераўзбраенне  вытворчых аб’ектаў. Мяняюцца і падыходы ў арганізацыі працы на месцах, асноўным інструментам эканомікі становіцца дакладны гаспадарчы разлік.

– Чытачам газеты будзе цікава даведацца, у якой галіне летась зроблены істотны прарыў?

– Не хачу нікога пакрыўдзіць, але, відаць, найбольш яскравыя перамены адбыліся зноў жа ў аграпрамысловым перапрацоўчым комплексе раёна. Кардынальна абнаўляецца вытворчая база жывёлагадоўлі. Толькі летась на гэтыя мэты ў сельгаспрадпрыемствах зрасходавана больш чым 10 мільярдаў рублёў. Пачатая справа будзе мець працяг сёлета. Гэта важна не толькі для росту валавой прадукцыі, павышэння якасці, эканамічнай збалансаванасці. Перамены важныя і для саміх людзей. У сельскай гаспадарцы сёння працуе больш за тры тысячы чалавек, і 60 працэнтаў з іх – жанчыны. А таму вельмі важна сфарміраваць адпаведнае працоўнае асяроддзе, стварыць сучасныя санітарна-бытавыя ўмовы. Трэба, каб жывёлаводы працавалі ў камфортных умовах, каб яны маглі самарэалізавацца, максімальна раскрыць свой  прафесіянальны патэнцыял. Да таго ж,  запланаваная рэканструкцыя, мадэрнізацыя аб’ектаў жывёлагадоўлі – гэта і адна з рашаючых умоў росту заработнай платы.

Істотны прарыў летась зроблены ў перапрацоўчай малочнай галіне. Дзякуючы дзяржаўным праграмам інавацыйнага развіцця ўведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці сухога абястлушчанага малака і сыроваткі на  валожынскім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Сыроватка, якая раней лічылася ледзь не адходамі, пачала прыносіць валютныя паступленні. Падобны цэх, дарэчы, адзіны ў нашай вобласці.

Пашыраюцца эканамічныя гарызонты і ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Вядомая формула ашчадных: “Адходы – у даходы!” тут удала матэрыялізуецца на ўчастку па выпуску кастрабрыкетаў. Паспяхова рэалізуецца і буйнамаштабны праект па вытворчасці алею з ільнянога семя. У жніўні 2012 года будзе наладжаны масавы выпуск гэтай прадукцыі з яе расфасоўкай і наступнай рэалізацыяй праз гандлёвую сетку.

Ва ўнісон патрабаванням часу працуюць і калектывы ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”– фарпост нашай індустрыі, а таксама валожынскі філіял ДУ “Мінаблпаліва”, які лідзіруе ў вобласці па выніках мінулага года, калектыў аўтапарка № 14, філіяла ААТ “Універсалрэмбуд” (трэцяе месца ў вобласці) і многія іншыя прадпрыемствы.  Значны ўклад у эканоміку раёна ўносяць СП “Івкон” ААТ, Івянецкі  завод мастацкай керамікі. Дзякую за працу будаўнікам, аўтатранспартнікам, работнікам дарожнай і камунальнай сферы. Шырыцца і прадпрымальніцкая ініцыятыва, усё большае развіццё і стабільнасць набывае ў раёне прыватны бізнэс.

Заўсёды схіляю кіраўнікоў да аналізу, дэталёвага вывучэння сітуацыі на месцы, да гібкай маркетынгавай палітыкі, да рацыянальнага, эфектыўнага расходавання матэрыяльных, энергетычных рэсурсаў. Возьмем дзеля характэрнага прыкладу валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі масласырзавод” (дырэктар Аляксандр Мікалаевіч Лушчык). Раней прадпрыемства было ў мінусе (каля 6-ці мільярдаў рублёў). Аднак уніклівы, скрупулёзны падыход да многіх  вытворчых задач у рэшце рэшт даў імпульс інтэнсіўнаму развіццю вытворчасці. У выніку ажывілася і эканоміка сельгасвытворцаў: сёння яны маюць у месяц каля 5 мільярдаў рублёў за рэалізаванае малако на прамысловую перапрацоўку. На сённяшні дзень філіял малаказавода мае для адгрузкі спажыўцам прадукцыі на агульную суму ў 15 мільярдаў рублёў. Грошы навучыліся зарабляць, а не спадзявацца на льготныя банкаўскія крэдыты. Крэдыты апраўдана браць на абнаўленне вытворчасці, тэхнічнае пераўзбраенне, будаўніцтва, але толькі не на выплату заработнай платы…

– Сацыяльная сфера – адна з самых шматгранных. Што са зробленага раённая ўлада можа запісаць сабе ў актыў?

–      Палітыку нашай дзяржавы вызначае сацыяльная накіраванасць. І наш рэгіён не выключэнне. За апошнія гады  шмат зроблена па прывядзенні многіх аб’ектаў у адпаведнасць з сучаснымі стандартамі. “Памаладзелі” нашы школы, ФАПы,  адбітак добраўпарадкавання вызначаюць і Дамы культуры і інш. Дзеля павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання, паляпшэння здароўя людзей, стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі летась у Валожыне ўведзены ў эксплуатацыю сучасны лячэбны корпус. Многае было зроблена былым галоўным урачом М. І. Пыжык, шмат новых ідэй імкнецца рэалізаваць і яе цяперашняя пераемніца С. З. Глябко.

Упрыгожыла цэнтр Валожына і новая гасцініца “Карона”, якая  восенню справіла наваселле. Наш раён прыцягальны ў турыстычным плане, таму сучасная гасцініца была проста неабходнай для іміджу горада, які мае слаўнае гістарычнае мінулае. У камфортнай “Кароне” цяпер  з задавальненнем адпачываюць і нашы гараджане. Тут спраўляюцца розныя карпаратывы, сямейныя святы, вяселлі і г. д. За месяц грашовая выручка складае да 100 мільёнаў рублёў. У старой жа гасцініцы аб’ём аказання платных паслуг насельніцтву быў больш чым сціплы –дзесьці прыкладна пяць мільёнаў. Як кажуць, факты красамоўна гавораць самі за сябе.

Радуе, што наш раён сярод іншых на Міншчыне вызначаецца развітай сеткай агратурызму.

Для папулярызацыі сярод насельніцтва здаровага ладу жыцця вельмі патрэбна ўзвядзенне ў райцэнтры такога доўгачаканага аб’екта, як фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Яго паслугамі змогуць актыўна карыстацца не толькі валожынцы, але і івянчане, вяскоўцы. Шырокі спектр магчымасцей і зручны графік работы, спадзяюся, паспрыяюць поўнай загрузцы гэтага аб’екта. Яго пачнём узводзіць ужо сёлета. А галоўнае – ФАК дапаможа вырашыць праблему вольнага часу нашай моладзі.

– Уладзімір Антонавіч, хацелася б пачуць Вашы развагі пра важнасць працоўнай пераемнасці пакаленняў…

– Праўда жыцця ў наступнай простай філасофіі: “Усё, што мы маем сёння, трымаецца і на працы папярэдніх пакаленняў”. Трэба, каб людзі, якія сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку, таксама  пастаянна адчувалі сваю значнасць у жыцці раёна. Пра іх вялікі тагачасны ўклад у народную гаспадарку важна памятаць. Не выпадкова і на традыцыйным Свяце працы штогод у ганаровых першых радах  заўсёды сядзяць ветэраны вытворчасці – наша слава, працоўная доблесць і вялікі гонар. Я заўсёды арыентую ўсіх кіраўнікоў, старшынь сельвыканкамаў,  дэпутатаў, каб такім людзям удзялялі ўвагу, запрашалі  іх на розныя ўрачыстасці па месцы жыхарства, на святы, па магчымасці сустракаліся з імі. Бо старэйшае пакаленне – гэта мудрая разважлівасць, якой трэба нам заўсёды вучыцца.

– За апошнія гады ў кадравым складзе раёна адбыліся значныя змены. Якіх кіраўнікоў Вы хацелі б адзначыць у першую чаргу, адрасаваць ім шчырыя словы падзякі?

– Я заўсёды ацэньваю работу кадраў з пазіцый вялікай патрабавальнасці, вернасці нашай агульнай справе. Мне даспадобы людзі мэтанакіраваныя, якія аддаюць сябе справе, як кажуць, без астатку, якія ўмеюць вызначыць прыярытэты, сэрцы якіх занепакоены ўсім, што адбываецца ў  падпарадкаваных калектывах. У такіх кіраўнікоў заўсёды шмат працы, неадкладных задач, пастаўленых перш-наперш перад самімі сабой. І гэта мне вельмі імпануе. Некаторыя так шчыра і прызнаюцца: “Спраў, якія хочацца хутчэй вырашыць, столькі, што прыходзіцца шкадаваць, чаму ў сутках  усяго толькі 24 гадзіны…”

Я цаню старанне і вопыт кіраўнікоў, якіх без перабольшання можна назваць карыфеямі ва ўпраўленчым корпусе раёна. Гэта Яўген Яўгенавіч Скрундзь, Генадзь Уладзіміравіч Бычкоўскі, Віктар Раманавіч Ахрэм, Леанід Іванавіч Руды, Міхаіл Ігнатавіч Радына і многія-многія іншыя. Вельмі шмат таленавітых кіраўнікоў працуе ў сацыяльнай сферы. Усім шчырае дзякуй за старанне!

Мне глыбока сімпатычныя душэўны парыў, апантанасць, з якой вядуць справы маладыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў  Валянцін Віктаравіч Андрэеў з ААТ “Багданаўскае”, Сяргей Уладзіміравіч Бягун  з ААТ “Манькаўшчына”,  Аляксей Аляксеевіч Федаровіч з  ААТ “Агра-Вішнеўскі” і іншыя.

Больш за сто маладых кваліфікаваных кадраў толькі за апошнія гады папоўнілі адміністрацыйна-кіраўнічы апарат сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый. Многія з іх уключаны ў раённы кадравы рэзерв. Сярод тых, хто паказвае прыклады прафесіяналізму, вялікай кампетэнтнасці, хто кіруецца сучаснымі падыходамі ў вядзенні справы, можна назваць дзесяткі спецыялістаў, у ліку іх і галоўны аграном Наталля Рычардаўна Папко з ААТ “Суднікаўскі”, галоўны заатэхнік Дзяніс Аляксандравіч Басюк  з ТАА “МВАВТ Ракаў-агра”, галоўны бухгалтар Марына Іванаўна Пташыц з СВК “Валожынскі” і іншыя.

– Уладзімір Антонавіч, што, на Ваш погляд, трэба зрабіць кіруючаму корпусу раёна, каб забяспечыць яшчэ больш устойлівую дынаміку росту ў развіцці Валожыншчыны?

– Нягледзячы на дасягненні, адназначна зазначу, што ў сацыяльна-эканамічным развіцці нашага раёна яшчэ нямала нявыкарыстаных рэзерваў. Многія задачы і праблемы райвыканкаму яшчэ неабходна вырашыць разам з усім кадравым корпусам. А формула нашага агульнага поспеху такая: дыктатура дысцыпліны, парадку і тэхналогій.

Я веру, што ўсё намечанае стане явай. Бо Валожыншчына, якую за гэтыя гады працы палюбіў усёй душой, мае самую бяспройгрышную спадчыну – слаўныя працоўныя традыцыі і руплівых, адданых роднаму краю людзей. А таму ў нас разам усё атрымаецца! І ў заўтрашні дзень мы адкрываем дзверы з аптымізмам і надзеяй, што наша калектыўнае старанне прынясе толькі добрыя плады.

Гутарыла

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *