14 МІЛЬЯРДАЎ – НЕ МАРА, А МЭТА

Общество

Калектыў філіяла ААТ “Мінаблаўтатранс” “Аўтамабільны парк № 14” па выніках мінулага года дасягнуў 163-працэнтнага росту даходаў, атрымаўшы прыбытак у суме 10,5 мільярда рублёў. Як высветлілася ў размове з дырэктарам В. М. Трушко, сёлета і без таго ўнушальную даходную частку ў філіяле плануюць павялічыць амаль напалову і давесці яе да 14 мільярдаў.

Падставы для падобных разлікаў рэальныя, у іх аснове закладзена сумленная, адказная і зладжаная праца кожнага работніка. Летась атрыманы прадпрыемствам агульны даход больш чым у 1,6 раза перавысіў узровень 2010-га. Асноўную стаўку рабілі на транспартныя паслугі. Шукалі новых партнёраў, зацікаўленых ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, аказвалі дапамогу сельгаспрадпрыемствам. Калі прапановы выглядалі дастаткова выгаднымі, накіроўвалі тэхніку на работы практычна па ўсёй рэспубліцы. На прадпрыемстве напрацаваны пэўная методыка і кантакты, таму сёлета, калі не будзе нейкіх форс-мажорных абставін, тут дасягнуць запланаванага прыбытку. Хоць і прыйдзецца для гэтага папрацаваць.

Зіма заўсёды дастаткова цяжкі перыяд для філіяла, бо з халадамі прыпыняюцца і шматлікія работы. Але гэта не азначае поўнага бяздзейнічання. Цяпер два “МАЗы” замацаваны на будоўлі ў сталіцы, яшчэ пяць дваццацітоннікаў у самым хуткім часе накіруюць на будаўніцтва трасы Мінск-Магілёў. Аднаўляецца супрацоўніцтва з дзвюма буйнымі прыватнымі будаўнічымі фірмамі. Гэтыя кантакты з выгаднымі ўмовамі аплаты працы наладзілі летась, аднаму з партнёраў, напрыклад, дапамагалі будаваць аб’язную дарогу ў раёне Белавежскай пушчы. Ёсць і іншыя доўгатэрміновыя і перспектыўныя праекты.

Па выніках 2011 года толькі за аказаныя транспартныя паслугі атрымана 296 мільёнаў чыстага прыбытку, а гэта 172-працэнтны рост. Дывідэнды ў суме 1 мільярда 200 мільёнаў рублёў прынесла дапамога мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Няхай сабе гэта і не прамое фінансавае ўліванне ў капітал, але аграпрамысловы комплекс заўсёды спраўна разлічваецца за работы прадукцыяй. Немалаважнае значэнне мае і прадукцыйнасць працы, якая склалася на ўзроўні 83,4 мільёна рублёў на чалавека. У сукупнасці гэтыя лічбы дазволілі вывесці філіял на рэнтабельнасць у 3,5 працэнта.

Значна абнавіўся ў мінулым годзе машынна-трактарны парк. Дзякуючы лізінгу, набылі 7 новых “МАЗаў” павышанай грузапад’ёмнасці. Сёлета плануюць набыць 3-4 мікрааўтобусы. Гэты крок планамерны: з пяці “Газэляў” на балансе аўтапарка засталіся дзве, астатнія – спісаны.

Валянцін Мікалаевіч кажа, што ўхвальных слоў і шчырай падзякі заслугоўвае кожны работнік ад ІТР і шафёраў да слесараў-рамонтнікаў. Палова вадзіцеляў “МАЗаў” – моладзь ва ўзросце ад 21 да 26 гадоў. Дырэктару прыемна бачыць у кожным з юнакоў імкненне працаваць, дысцыплінаванасць. Гэтыя якасці знаходзяць адлюстраванне і ў матэрыяльным стымуляванні. Вядома ж, ёсць і карыфеі, якія шмат гадоў аддалі прадпрыемству, сфарміравалі аснову стабільнасці і дабрабыту. Напрыклад Мікалай Буклыс. Гэта адзін з тых, на каго сапраўды неабходна раўняцца. Перад Новым годам выдзелілі яму новы шматтоннік, сёлета прапануюць удзельнічаць у найбольш адказных – а значыць, і высокааплачваемых, відах работ і паслуг. На прадпрыемстве ўпэўнены: ён не падвядзе!

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий