ПРАЦА ШЧЫРАЯ ЦЭНІЦЦА

Официально

Каторы ўжо па ліку год на Валожыншчыне ўслаўляюць людзей, чые працоўныя дасягненні прыносяць славу калектывам, а раён узнімаюць да новых эканамічных вышынь. На традыцыйнае мерапрыемства па падвядзенні вынікаў працы за мінулы год, якое прайшло ў суботу ў РЦК, сабраліся лепшыя з лепшых з усіх сфер дзейнасці. Павіншаваць іх, акрамя кіраўніка вертыкалі, палічылі за гонар дэлегацыі з Дзяржынскага, Маладзечанскага, Стаўбцоўскага раёнаў, прадстаўнікі аблвыканкама і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Да гэтага дня арганізатары рыхтаваліся старанна і сур’ёзна. У вестыбюлі раённага Цэнтра культуры запрошаных сустракаў аркестр народных інструментаў Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, а ў фае разбягаліся вочы ад мноства прысмакаў і мудрагелістых кулінарных вынаходстваў, якія прадставілі на выставу-продаж майстры райспажыўтаварыства, СВК “Пяршаі-2003”, Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, СП “Івкон” ААТ і інш.

Як справядліва заўважыў падчас вітальнага слова старшыня раённага выканаўчага камітэта У. А. Наумовіч, багацце і дабрабыт нашай роднай зямлі множацца поспехамі людзей, якія не па чутках ведаюць, што такое працавітасць, адказнасць і цвёрдая выканальніцкая дысцыпліна.

Цёпла і шчыра выказаліся пра дасягненні валожынскіх рупліўцаў шматлікія запрошаныя на мерапрыемства госці. А дапаўнялі асалоду прызнання і павагі выдатнымі музычнымі нумарамі артысты і калектывы з усяго раёна.

Неўзабаве пачалася самая адказная і хвалюючая частка мерапрыемства – цырымонія ўзнагароджвання. Пад гукі музыкі героі дня ўздымаліся на сцэну раённага Цэнтра культуры, і старшыня райвыканкама ўручаў кожнаму заслужаную ўзнагароду.

Як не прызнаць заслугі, напрыклад, старшыні СВК “Пяршаі-2003” Я. Я. Скрундзя, калі летась валавы збор зерня ў гаспадарцы склаў 9 тысяч 345 тон (142,6 працэнта) пры ўраджайнасці 46,6 ц/га. Або дырэктара ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Р. У. Вайніцкага, пад кіраўніцтвам якога вытворчасць прамысловай прадукцыі павялічылася ў параўнанні з 2010 годам на 74,1 працэнта, а прадукцыйнасць працы – на 35 працэнтаў.

Не менш прыемным было і падвядзенне вынікаў працы ў намінацыі “Лепшы па прафесіі”, дзе Ганаровыя граматы райвыканкама і грашовыя прэміі атрымалі 15 жыхароў Валожыншчыны, а яшчэ 6 – Падзячныя лісты. Каштоўныя падарункі – наўтбукі і камп’ютары – зрабілі васьмі ўстановам, якія працуюць з дзецьмі, кіраўнікі многіх прадпрыемстваў Валожыншчыны. Акрамя таго, сталі вядомы назвы 7 лепшых прадпрыемстваў і ўстаноў і прозвішчы 15 чалавек, партрэты якіх за дасягненне найлепшых паказчыкаў па выніках работы за 2011 год у бліжэйшы час будуць змешчаны на раённую Дошку гонару.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий