Рыгор Русакевіч: З армейскім вопытам и стажам

Общество

Рыгора Мікалаевіча Русакевіча ў Валожыне сёння ведае, як кажуць, і стары, і малады. Гэта трэба разумець літаральна: 5 гадоў ён узначальвае раённы савет ветэранаў, сумяшчае гэтыя абавязкі з пасадай галоўнага спецыяліста абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва.

Сёлета Рыгору Мікалаевічу выпала ганаровая місія ў складзе дэлегацыі раёна прадстаўляць інтарэсы сваіх падапечных на IV Усебеларускім народным сходзе. Кабінет спецыяліста пустым не бывае: то ветэран прыйдзе з праблемай-бядой, то маладая матуля завітае дамовіцца наконт пуцёўкі ў санаторый для свайго дзіцяці. Гэтыя і іншыя шматлікія пытанні Рыгор Мікалаевіч вырашае па-армейску дакладна і хутка: працаваць так навучылі доўгія гады службы ў сілавых структурах.

Пачалося ўсё з таго, што лоскага юнака, слесара Беразінскага торфабрыкетнага завода, у 1965 годзе прызвалі на службу ў армію. Трапіў ён у групу савецкіх войск у Германію. За 8 гадоў службы прайшоў шлях ад радавога да афіцэра, камандзіра ўзвода разведкі танкавага палка. Пасля – кантрактная служба, пасады інструктара палітаддзела аб’яднання па камсамольскай рабоце, карэспандэнта дывізіённай газеты “Баявы сцяг”… На радзіму вярнуўся толькі ў 72-ім. Лёс звязаў яго торчыя сілы з раённай газетай, быў тут літаратурным супрацоўнікам. Дысцыпліна, розум, кемлівасць сталі выдатнай перадумовай, каб на перспектыўнага маладога чалавека звярнулі ўвагу ў райкаме КПБ. Неўзабаве Рыгор Мікалаевіч паехаў на вучобу ў Мінскую Вышэйшую партыйную школу, пасля заканчэння якой яго размеркавалі інструктарам арганізацыйнага аддзела райкама партыі. Праўда, на нядоўгі тэрмін: уменне знаходзіць з людзьмі агульную мову цанілася ва ўсіх сферах, і ў 1977 годзе Р. М. Русакевіч стаў намеснікам начальніка РАУС па рабоце з асабовым саставам. А затым быў Афганістан…

Гартаючы афганскія старонкі жыцця, Рыгор Мікалаевіч узгадвае, што менавіта той час навучыў па-сапраўднаму любіць і цаніць жыццё, клапаціцца пра бліжніх. Іх групу сабралі за суткі. Толькі ў Маскве, калі садзіліся ў самалёт, зразумелі, куды ляцяць… Прайшоў час, і з горада Герата Р. М. Русакевіч вярнуўся ў званні маёра, з медалём “За баявыя заслугі”.

Сёння падпалкоўнік запасу мае звыш дзесятка ваенных і працоўных узнагарод. Аднак ці не лепшымі з усіх для яго з’яўляюцца павага і давер, яскрава пацверджаныя на раённай канферэнцыі па вылучэнню дэлегатаў на IV Усебеларускі народны сход. Ветэраны вайны і працы, удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане і іншых краінах даручылі яму адстойваць іх інтарэсы. Старшыня райсавета ветэранаў адзначае, што з кожным годам праблем у гэтай катэгорыі насельніцтва становіцца менш. Усе ветэраны забяспечаны жыллём, карыстаюцца поўным пакетам сацыяльных паслуг і гарантый, прадастаўленых дзяржавай. Многія пытанні вырашаюцца сумесна з сацыяльнай службай раёна. Для ветэранаў і інвалідаў вайны прадугледжаны бясплатныя пуцёўкі ў санаторыі, вялікая ўвага надаецца аздараўленню дзяцей, асабліва тых, якія пражываюць на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий