НАДБАЎКІ СТЫМУЛЮЮЦЬ РАЗВІЦЦЁ ПАДСОБНЫХ ГАСПАДАРАК

Общество

Харчовую бяспеку краіны фарміруюць не толькі буйныя прадпрыемствы і сельгасвытворцы. У цеснай эканамічнай звязцы з імі і фермерскія гаспадаркі, а таксама прыватныя гаспадаркі.

У вёсках па-ранейшаму не пустуе двор без свойскай птушкі і жывёлы. Руплівыя гаспадары натуральнымі прадуктамі забяспечваюць сваю сям’ю, а лішкі мяса, малака звычайна прадаюць. Арганізавана вядзецца і закуп маладняку, які выгадаваны ў прыватных гаспадарках.

Дзяржаўная палітыка скіравана на тое, каб умацаваць трываласць індывідуальных падсобных гаспадарак, захаваць іх колькасць, а то і прымножыць. Гэтаму садзейнічае і адпаведная Праграма, якая прадугледжвае комплекс эфектыўных мер падтрымкі, распрацаваных да 2015 года.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання краіны актыўна спрыяе гэтаму працэсу. Чарговы крок – выдадзены загад аб ўстанаўленні размераў надбавак да закупачных цэн на прадукцыю, якую пастаўляюць грамадзяне з асабістых падсобных гаспадарак. У межах сродкаў, якія выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, і зыходзячы з запланаваных аб’ёмаў закупак прадукцыі ў 2012 годзе ўстаноўлена, у прыватнасці, 90 рублёвая надбаўка за кілаграм рэалізаванага малака базіснай тлустасці.

На сённяшні дзень у нашым раёне закуп лішкаў малака ў насельніцтва вядуць сельгасвытворцы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Кошт аднаго літра малака складае 2467 рублёў. Па ўсіх пытаннях, якія звязаны з нарыхтоўкамі сельгаспрадукцыі, вяскоўцам трэба звяртацца ў сельскія Саветы дэпутатаў па месцы жыхарства.

Сельгаспрадпрыемствы раёна займаюцца і кантрактацыяй маладняку. Устаноўлены адпаведныя размеры грашовай аплаты за адзін кілаграм жывой вагі рэалізаванай жывёлы. Здатчыкаў да ўдзелу ў нарыхтоўках заахвоціць і натуральная аплата за кілаграм жывой вагі здадзенай жывёлы. У 2012 годзе запланавана выдзяляць сена для жывёлы,  а таксама зерне. Устаноўлены і іншыя стымулюючыя меры для таго, каб прыкметна ажывіць працэс закупак прадукцыі з вясковых падворкаў. Прывядзём некаторыя прыклады  матэрыяльнага стымулявання. Такія гаспадаркі, як СВК “Пяршаі-2003”, СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, ТАА “МВАВТ “Ракаў-агра”, ААТ “Манькаўшчына” за адзін кілаграм жывой вагі жывёлы сёлета плацяць па 25 тысяч рублёў. Гэтыя і астатнія гаспадаркі будуць стымуляваць здатчыкаў  і адчувальнай падтрымкай у нарыхтоўцы кармоў для ўтрымання жывёлы. Па два рулоны сена і саломы  плануе адпускаць ААТ “Агра-Дубінское”, “Манькаўшчына”,  “Лоск”. Сена ва ўказаным вышэй аб’ёме вырашылі выдзяляць для жывёлы, што знаходзіцца ў прыватным сектары, МАУП “Падбярэззе”,  ААТ “Сугвагды- агра”  і іншыя гаспадаркі. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы плюс да ўсяго прадугледзелі і такую меру: адвод сенажацяў у аб’ёме 0,1 гектара.

Нагадваем, што больш поўную інфармацыю па пытаннях вядзення асабістых падсобных гаспадарак можна атрымаць у мясцовых адміністрацыйных органах улады.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий