АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ЛЮТЫ 1967 ГОДА

Культура

НА ЛЕЙПЦЫГСКІ КІРМАШ

Славіцца сваёй прадукцыяй Валожынскі галаўны масласырзавод. На аглядзе прадпрыемстваў малочнай прамысловасці ў горадзе Угліч Яраслаўскай вобласці сметанковае масла з валожынскай маркай заняло другое месца, а калектыў прадпрыемства ўдастоены грашовай прэміі.

Добра пачаў калектыў маслазавода другі год пяцігодкі. План студзеня па выпуску валавой прадукцыі выкананы на 112 %. А нядаўна прыйшла яшчэ адна радасная навіна. Прадпрыемства зацверджана ўдзельнікам міжнароднага кірмашу ў Лейпцыгу. Цяпер ідзе адбор узораў прадукцыі для паказу за мяжой. Завод будзе дэманстраваць лепшыя гатункі сыру “Паўночны” і “Дарожны”.

ТРЫМАЮЦЬ ПЕРШЫНСТВО

Сямён Дзяруга працуе даяром у саўгасе “Ракаўскі” першы год. Ён даглядае 12 першацёлак.

Калі прайшоў першы месяц бягучага года і падвялі вынікі працы, усе былі прыемна ўражаны: Сямён надаіў ад кожнай першацёлкі па 193,1 кг малака і выйшаў на 1-е месца ў саўгасе. Добрыя паказчыкі і ў даярак Леаніды Юрынок і Надзеі Вашкевіч. За месяц яны атрымалі па 184,3 кг малака ад кожнай каровы.

НАШЫ ШЭФЫ

Вучні Ракаўскай СШ сябруюць з навучэнцамі Мінскага вышэйшага радыётэхнічнага вучылішча імя Калініна.

Шэфы з Мінска часта бываюць на школьных вечарах, выступаюць перад вучнямі з мастацкай самадзейнасцю. Вось і на традыцыйны вечар сустрэчы з выпускнікамі шэфы прыслалі сваю дэлегацыю. У заключэнне вечара яны запрасілі школьнікаў да сябе ў госці. У хуткім часе вучнёўская дэлегацыя школы наведае радыётэхнічнае вучылішча.

“ЭКАНОМЯЦЬ”

З наступленнем адліг і галалёдзіцы на вуліцах Валожына ўсё часцей здараюцца дарожныя праявы, дробныя аўтамабільныя аварыі.

Часта можна бачыць, як на пад’ёме па Першамайскай выстрайваецца доўгая калона машын. Яны буксуюць, надрыўна равуць маторы, чуецца лаянка шафёраў. А ўсё таму, што ў камбінаце камунальных прадпрыемстваў “эканомяць” пясок.

НУ І ПРЫДУМАЛІ…

Незаслужана пакрыўдзілі працаўнікоў вёскі Лужаны Пяршайскія кааператары. Быў у вёсцы магазін, хоць і ў прыватным памяшканні. Але можна было купіць у ім і хлеб, і запалкі, і соль, і цукар, і іншыя тавары. І раптам магазін закрылі…

Праўленцы сельпо, закрыўшы яго, адным стрэлам забілі двух зайцоў: прынеслі непатрэбны клопат жыхарам і Лужан, і Седлішча. Цяпер штодзённа 15-20 чалавек з гэтых вёсак едуць у бліжэйшыя населеныя пункты за пакупкамі. Ці лёгка ў зімовы час дабірацца па занесенай сумётамі дарозе з мяшкамі за плячамі, з цяжкімі гаспадарчымі сумкамі ў руках?.. А ўмовы існавання магазіна ў вёсцы нядрэнныя: ёсць памяшканне, ёсць людзі, што могуць стаць за прылавак.

СЯБРА ЗЯЛЁНАГА БАГАЦЦЯ

Амаль 10 гадоў ахоўвае калгасны лес сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” ляснік Аляксандр Рыгоравіч Ганчарык.

Дбайны гаспадар уважліва сочыць за парадкам на даручаным яму ўчастку лесу. Ён непрымірымы да тых, хто дапускае парушэнні. На яго ўчастку не бывае самавольных парубак. Зялёнае багацце пад надзейнай аховай. За добрасумленныя адносіны да працы ён карыстаецца павагай сярод калгаснікаў.

ДЛЯ ВЁСКІ

Сельскія працаўнікі штогод атрымліваюць праз спажывецкую кааперацыю ўсё больш будаўнічых матэрыялаў. Сярод іх – шыфер, аконнае шкло, мяккае пакрыццё, цэгла, цэмент.

Попыт на будаўнічыя матэрыялы – яскравае сведчанне ўзросшага аб’ёму індывідуальнага будаўніцтва на вёсцы. Толькі летась сельскія забудоўшчыкі атрымалі праз магазіны райспажыўтаварыства 560 т цэменту, больш за 46 тысяч штук цэглы, 102 тысячы штук тынкаванай дранкі, 13,5 тысячы квадратных метраў аконнага шкла. Сёлета кааператары імкнуцца яшчэ больш задаволіць попыт забудоўшчыкаў.

СПАБОРНІЦТВЫ

ПА ЛОВУ РЫБЫ

Многа аматараў рыбнай лоўлі сабралася ў нядзелю на вадасховішчы паблізу вёскі Сакаўшчына. Тут упершыню былі праведзены спаборніцтвы па падлёдаваму лову рыбы.

У адзін момант рыбакі закінулі блёсны, паставілі жэрліцы. Тры гадзіны працягваўся лоў. А калі зышоў устаноўлены час, зважылі здабычу. Пераможцам аказаўся В. В. Пятроўскі. Ён налавіў 650 г рыбы. На 100 г яе менш у С. З. Кіпеля. У Б. Б. Таўгяня – 450 г рыбы. Пераможцы, апрача грамат савета таварыства паляўнічых і рыбаловаў і райсавета ДССТ “Ураджай”, узнагароджаны падарункамі. За 1-е месца ўручаны спінінг у зборы, за 2-е – набор блёснаў і за 3-е – вудачка.

НА КАНВЕЕРЫ – СУВЕНІРЫ

Прадукцыю Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі ведаюць не толькі ў нашай рэспубліцы, але і ў многіх гарадах краіны. А будучай вясной самыя лепшыя ўзоры ваз, гарлачыкаў, статуэтак будуць адпраўлены на міжнародную выставу ў горад Манрэаль.

Цяпер на фабрыцы асвойваецца выпуск дэкаратыўных ваз са словамі на віньетках: “50 год” і “900 год”. Яны прысвячаюцца юбілеям Савецкай улады і Мінску. Прыгожа, з мастацкім густам аформлены вазы “Белавежская пушча”, “Івянец”, “Беларусь”.

“ВЫГАДНА І ЗРУЧНА”

Расказвае В. Карзюк: “З нейкага часу на вуліцы нашай вёскі Сакаўшчына пачаў з’яўляцца прыгожа размаляваны аўтобус Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання.

Работнікі КБА прымалі заказы ад насельніцтва на пашыў адзення, фатаграфавалі жадаючых. Прымалі тут адзенне і ў хімчыстку. Пачуў я, што справа гэта выгадная і зручная, прынамсі хоць не патрэбна ездзіць у горад, каб здаць у рамонт радыёпрыёмнік ці сфатаграфавацца. І вось у адзін з візітаў аўтобуса я таксама здаў у афарбоўку сваю кофту. У квітку, выдадзеным мне на рукі, указвалася, што заказ будзе выкананы праз 25 дзён. Было гэта 18 снежня мінулага года, а кофту фарбуюць і сёння. Вось вам “выгадна і зручна”.

ВЫСАКАРОДНЫ ЎЧЫНАК

Ехала аднойчы жыхарка вёскі Багданава В. Маркевіч аўтобусам, які ходзіць па маршруце Вайганы-Валожын. Выйшла з яго на прыпынку Мінці і неўзабаве выявіла, што згубіла хустку, у якой былі загорнуты 50 рублёў.

Жанчына здагадалася, што згубіла іх у аўтобусе, але той ужо паехаў далей. Дапамог шафёр аўтамашыны Мінскай станцыі аховы раслін А. М. Шыманскі. Ён давёз яе да Валожына, дапамог адшукаць на аўтабазе № 14 шафёра аўтобуса. Той адразу ж вярнуў хустку з грашыма. Прозвішча вадзіцеля М. М. Праўлоцкі. Жанчына вельмі ўдзячная Анатолію Мікалаевічу і Міхаілу Міхайлавічу за іх высакародны ўчынак.

НА РЭСПУБЛІКАНСКАЙ СЦЭНЕ

У райгазету піша вучаніца Валожынскай СШ № 1, стараста лялечнага гуртка Н. Штэйнер: “Да гэтага дня наш калектыў рыхтаваўся доўга і настойліва.

Юныя артысты дзіцячага тэатра лялек сваімі рукамі рабілі шырму, шылі новыя ўборы для лялек. Нам выпаў вялікі гонар выступаць на сцэне Палаца піянераў у сталіцы нашай рэспублікі на абласным аглядзе лялечных калектываў. І вось мы ў Мінску. Усе здорава хвалюемся. Мы паказалі мінчанам п’есу-гульню “На лясной палянцы”. Гледачы заўзята апладзіравалі юным валожынскім артыстам. А пасля нам уручылі грамату абласнога аддзела народнай асветы за добрыя спектаклі ў мінулым годзе. Наш кіраўнік Рэгіна Францаўна Быстрыцкая ўзнагароджана такой жа граматай”.

ЛІЧБЫ РОСТУ

Ільнаводы калгаса імя М. Горкага атрымалі яшчэ адну працоўную перамогу. На 171% выкананы гадавы план продажу льновалакна дзяржаве. Калгас прадаў яго каля 900 ц. Звыш плана прададзена 47 ц ільнасемя.

Паспяхова вядуць продаж ільнопрадукцыі і сельгасарцелі “Запаветы Ільіча”, “Радзіма”, саўгас “Падбярэззе”. На апошні дзень студзеня калгасы і саўгасы прадалі дзяржаве на 546 т больш ільновалакна і на 150 т больш ільнасемя, чым на гэты дзень у мінулым годзе.

САНІ ПАТРАБУЮЦЬ РАМОНТУ

Цяжка прыходзіцца ў зімовы час рабочым другой брыгады другога аддзялення саўгаса імя Маякоўскага. Асабліва калі неабходна паехаць па справах, ці завесці хворага ў гарадскі пасёлак Івянец.

Адлегласць невялікая, але дабрацца можна толькі на кані, бо дарога занесена снегам. Але не ў гэтым бяда, а ў тым, што ў брыгадзе ёсць толькі адны сані, на якіх выязджае сам брыгадзір, астатнія патрабуюць рамонту.

У ПРАЦОЎНЫМ СТРАІ

Гэты сход надоўга запомніўся Яніне Пятроўне Мусік з саўгаса “Багданаўскі”. Пакуль выступаючыя гаварылі аб дасягненнях гаспадаркі, яе сціплым укладзе ў рост вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі, у думках, нібы кадры кінафільма, праносіліся жыццёвыя падзеі. Здаецца, зусім нядаўна яна стала працаваць на саўгаснай ферме. А прайшло ўжо амаль 14 гадоў.

Усё было за гэты час: і бяссонныя ночы, і неспакойныя дні. Песціла, як малое дзіця, кожнае цялё, што атрымлівала ў сваю групу. На працягу апошніх год нікому не ўступала яна першынства: летась вырасціла 200 цялят, дабілася ад кожнага 510-грамовых сутачных прываг. Аб усім гэтым гаварылі рабочыя саўгаса на сходзе, калі праводзілі старэйшую цялятніцу на пенсію. З гэтай нагоды ёй уручылі і падарунак. “Пенсійная кніжка – не атэстат старасці”, –гаворыць Яніна Пятроўна. Яна не пакінула працоўнага строю.

НЕ МОЖАМ НАРАДАВАЦЦА

Не так даўно на станцыі Багданаў адкрыўся новы ФАП. Для наведвальнікаў тут створаны надзвычай добрыя ўмовы.

У пакоях утульна, светла. У адным з іх пацыентаў прымае фельчар, у другім размясціўся зубны кабінет. Для тых, хто чакае ў чарзе, маецца медыцынская літаратура, санбюлетэнь. А самае галоўнае, што тут працуюць чулыя і ўважлівыя людзі: загадчыца пункта Марыя Аляксандраўна Гіль і яе муж, зубны ўрач Міхаіл Міхайлавіч Гіль.

Старонкі газеты гартала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий