ПРАЦА – ТАВАР, ДУМАЙ, ЯК ЯГО ПРАДАЦЬ

Закон и порядок

Некаторыя кіраўнікі не бачаць розніцы паміж дагаворамі падраду і працоўнымі дагаворамі. У дагаворах падраду ўсе бакі роўныя. А ў працоўным дагаворы работнік пераважна падпарадкоўваецца наймальніку. Асобы, якія згаджаюцца на заключэнне дагавора падраду, істотна пагаршаюць сваё прававое становішча, страчваюць пэўныя льготы і гарантыі, якія прадугледжаны для штатных работнікаў. Асноўнае ж адрозненне заключаецца ў прадмеце дагавора.

Па працоўнаму дагавору работнік абавязаны выконваць не нейкую пэўную індывідуальную работу, а па вызначанай ці некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях, пасадах адпаведнай кваліфікацыі і г. д. Прычым пасля выканання пэўнага задання, праца не спыняецца. Работнік абавязаны выконваць і любыя іншыя заданні наймальніка, якія адносяцца да яго прафесіянальных функцый, спецыяльнасці, кваліфікацыі, пасады. Прадметам працоўнага дагавора з’яўляецца сама праца работніка, у той жа час прадметам дагавора падраду з’яўляецца, напрыклад, пабудаваны дом, вырабленая прадукцыя, напісаны твор і г. д. Не можа быць дагавора падраду, дзе прадметам дагавора з’яўляецца выкананне абавязкаў па прафесіі, напрыклад, цесляра, а трэба ўказаць канкрэтна – “Выраб 30-ці дзвярэй, 30 акон для дома № 3 па вуліцы Новай”.

Па дагавору падраду не атрымліваюць заработную плату, а толькі адпаведнае грашовае ўзнагароджанне. Яно можа быць і ў натуральнай форме. Яго выдаюць не ў дзень зарплаты, а пасля выканання пэўнага аб’ёму работ.

Падрадчык сам сабе ўстанаўлівае працягласць штодзённай працы і часавыя рамкі, работнік жа падпарадкоўваецца парадку дня арганізацыі. Падрадчык можа наняць сабе памочнікаў і расплачвацца з імі са сваіх сродкаў, ён, у адрозненне ад работніка, не звязаны выбарам тэхналогіі і інструмента для выканання работы. Яму патрэбна забяспечыць якасць і тэрміны.

Дагавор падраду заключаецца ў пісьмовай форме. Устанаўліваецца парадак разліку бакоў па грамадзянска-прававых дагаворах, уключаючы сумы, якія падлягаюць выплаце.

Заказчык – юрыдычная асоба ці ІП, якія прадаставілі працу грамадзянам па грамадзянска-прававых дагаворах, абавязаны за іх ва ўстаноўленым парадку пералічыць абавязковыя страхавыя ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Зазначым, што заказчык павінен забяспечыць належныя бяспечныя ўмовы працы. Калі ён не выканаў сваіх абавязацельстваў па аплаце працы, аказаных паслуг, то прыйдзецца плаціць не менш за 0,15 працэнта няўстойкі за кожны пратэрмінаваны дзень.

Важна памятаць, што заказчык нясе поўную адказнасць за работніка ў плане бяспекі працы. Указ Прэзідэнта краіны № 314 “Аб мерах па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць работу па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах” патрабуе ад заказчыка прадастаўлення месца працы, якое поўнасцю адпавядае патрабаванням бяспекі, абавязкова і правядзенне інструктажу, запатрабаванне ад работніка дакументаў, якія пацвярджаюць праходжанне ім адпаведнага навучання і інш. У сваю чаргу падрадчыкі таксама павінны захоўваць інструкцыі, правілы, адпаведныя нарматыўныя акты па тэхніцы бяспекі, а таксама правілы паводзін на тэрыторыі, у вытворчых, дапаможных і бытавых памяшканнях, выкарыстоўваць індывідуальныя сродкі аховы, праходзіць інструктаж, пацвярджаць веды па ТБ, праходзіць медагляды і інш.

Вячаслаў ГУД,

Генадзь ТРАСКЕВІЧ,

галоўныя інспектары працы

Маладзечанскай міжраённай

інспекцыі абласнога

ўпраўлення ДДІП.

 



Добавить комментарий