БАДЗЁРАСЦЬ ДАЛА ЛЫЖНЯ

Официально

Абласное спартыўнае свята “Мінская лыжня-2012” прайшло нядаўна на лыжна-біятлоннай трасе спартыўнага комплексу “Заячая паляна” пад Лагойскам. У гонцы на прызы абласнога выканаўчага камітэта прыняло ўдзел кіраўніцтва вобласці і рэгіёнаў, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкамаў. Валожынскую дэлегацыю ў складзе 17 чалавек узначаліў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч.

…Па свістку суддзі стартавала першая чвэрць лыжнікаў. Згодна з правіламі спаборніцтваў, у гонцы на трасе працягласцю 1300 метраў ад каманды па чарзе выступалі 4 удзельнікі, кожны папярэдні перадаваў эстафету наступнаму. Ад валожынцаў першым стартаваў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. В. Садоўскі. Ён упэўнена прайшоў павароты і неўзабаве знік з поля зроку гледачоў. Неўзабаве лыжнік, пераадолеўшы цяжкі пад’ём, перадаў права працягваць гонку начальніку раённай землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Д. М. Протасу. Яго змяніла галоўны ўрач Валожынскай ЦРБ С. З. Глебка, а завяршыў спаборніцтва кіраўнік спраў райвыканкама А. М. Уланчык.

Нягледзячы на тое, што валожынцам не ўдалося ўвайсці ў спіс мацнейшых, агульны настрой застаўся бадзёрым і паднятым: галоўнае, як кажуць, удзел.

У той жа дзень у Валожыне прайшла і раённая лыжня. На стадыёне мікрараёна Сельгастэхніка сабраліся каманды 36-ці прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў – усяго каля 360 чалавек. Спартсмены выступалі ў 12-ці ўзроставых катэгорыях, у кожнай вызначыліся свае пераможцы.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *