НА ДЗЕДА МУЖНАГА РАЎНЯЎСЯ І БАЦЬКАЎ КІЦЕЛЬ ПРЫМЯРАЎ…

Общество

Оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Уладзімір Уладзіміравіч Рэут – спадчынны міліцыянер. Дынастыю пачаў яшчэ яго дзед Міхаіл Ануфрыевіч, які па хваробе звольніўся з пасады ўчастковага інспектара міліцыі ў 1979 годзе. Але нават без пагонаў у вачах малога Вовы ён заўсёды заставаўся жывым увасабленнем парадку, закону і мужнасці…

Такім жа быў і бацька – следчы следчай групы. Праўда, нядоўга давялося хлапчуку цешыцца цеплынёй трывалых сямейных адносін: падчас аднаго са службовых заданняў любага таты не стала – загінуў падчас дарожна-транспартнага здарэння. Страта горкім болем адбілася ў сэрцы, але не здолела прымусіць адмовіцца ад слаўнага шляху, па якім ішлі дзед і бацька. Пасля арміі Уладзімір адразу накіраваўся ў РАУС: адчуваў, што менавіта міліцэйская служба – тая справа, працягваць якую наканавана яму лёсам.

У вялікім фотаальбоме, дзе зафіксавана ўся гісторыя аддзела ўнутраных спраў, ёсць некалькі самых дарагіх для капітана міліцыі старонак. Там на старых здымках засталіся тыя, хто ўсё жыццё быў для яго прыкладам. Не так ужо шмат у аператыўніка вольнага часу. Але калі надараецца хвіліна, Уладзімір не лічыць за грэх яшчэ раз пагартаць альбом, узгадаць іх родныя галасы. І – зноў за работу.

Апошняй значнай справай, якую расследаваў оперупаўнаважаны, быў нашумелы крадзеж аўтамагнітол з машын у мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра. Пачалося ўсё з адной раніцы, калі ў аператыўна-дзяжурную часць РАУС “пасыпаліся” званкі ад гараджан з аднолькавымі па сутнасці просьбамі – вярнуць украдзеную “музыку”. Агульнай – і адзінай на той момант –  зачэпкай было толькі тое, што злодзей лез выключна ў “Жыгулі”… Гэты факт пра многае сказаў аператыўніку. Відавочна, “падняць” абсталяваныя складанымі замкамі і сігналізацыямі іншамаркі, у якіх і магнітолы стаялі больш дарагія, зламысніку было не пад сілу. Значыць, не профі… Справа закруцілася – і неўзабаве перамясцілася за межы раёна. Дзякуючы прадуманаму плану і ўмела праведзеным спецыяльным мерапрыемствам, хутка стала зразумела, што сляды злачынства вядуць у Вілейку, адзін з жыхароў якой прыехаў пагасцяваць у наш горад. Ён і паквапіўся на дабро валожынцаў. Праўда, прадаць не паспеў – супрацоўнікі міліцыі забралі незаконна прысвоенае абсталяванне і вярнулі ўладальнікам.

Не кожнае расследаванне, якое вёў Уладзімір, было падобнае на гэта – адносна спакойнае і бяскроўнае. Даводзілася ў свой час адстойваць праўду перад кампаніяй узброеных чым папала маладых людзей, праследаваць групу зладзеяў, абвінавачаных у крадзяжы ў асабліва буйных памерах, спыняць небяспечнага злачынца… Закон і парадак для У. Рэута – не пусты гук. Гэта аснова жыцця капітана, запавет, перададзены бацькам і дзедам. А значыць – святы і непарушны абавязак перад малой радзімай, яе жыхарамі, перад уласнай памяццю, нарэшце. І яго належыць выконваць любой цаной…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий