ТЭЛЕФОН – ДЗЕЙСНЫ ПАСРЭДНІК

Общество

Самы аператыўны спосаб звярнуцца да прадстаўнікоў улады з пэўным пытаннем – гэта пазваніць на “прамую тэлефонную лінію”. Раз у два месяцы з удзелам старшыні райвыканкама яна праводзіцца для жыхароў раёна.

Папярэдняя абвестка ў газеце дае магчымасць нашым чытачам за некалькі дзён адсартаваць свае праблемы і потым найбольш важныя вынесці на абмеркаванне з удзелам старшыні райвыканкама Уладзіміра Антонавіча Наумовіча.

Як правіла, званкі раздаюцца ўжо на першай хвіліне  часу, афіцыйна адведзенага для “прамой лініі”. На гэты раз тэлефанаванне паступіла з горада Валожына ад жыхаркі вуліцы Чапаева, дома № 27. Гаспадыня кватэры скардзілася на пастаянную сырасць у жылых пакоях. Прычына распаўсюджаная – цячэ дах. Ён даўно патрабуе рамонту. Прычым не бягучага, а капітальнага. Па ўказанні старшыні райвыканкама прадстаўнікі жыллёва-камунальнай службы выедуць на месца. Вывучаць сітуацыю і прымуць меры для аказання дапамогі. Зразумела, яна будзе канкрэтнай і аператыўнай. Пытанне камунальнага характару ўзняла і Н. А. Салаўёва. Мароз “прыхапіў” водаправодныя артэрыі на вуліцы Я. Купалы ў Івянцы. Напэўна, нікому не трэба тлумачыць, які дыскамфорт перажываюць людзі, калі кран у доме не падае ніякіх “прыкмет жыцця”. Рэагаванне з боку старшыні райвыканкама на ўзнятыя праблемы таксама было неадкладным.

Даўно заўважыла, што на “прамыя лініі” часта звоняць людзі, якія змянілі сталічнае месца жыхарства на вясковае. Свежае вока, як кажуць, прыдзірліва заўважае ўсе недахопы, былыя гараджане даволі крытычна адносяцца да ўзроўню сэрвісу на перыферыі, нярэдка выказваюць свае абгрунтаваныя прэтэнзіі і да работы аўталавак, стацыянарных гандлёвых кропак. Напрыклад, колішняя мінчанка, а цяпер пастаянная жыхарка Проўжалаў, скардзілася, што ў сельмаг малако паступае ў абмежаванай колькасці. На спажывецкім рынку ствараецца штучны дэфіцыт гэтага прадукту харчавання. Старшыня  райвыканкама тут жа звязаўся па мабільным тэлефоне з кіраўніком райспажыўтаварыства і настойліва запатрабаваў  не дапускаць у будучым такіх пралікаў у гандлёвым абслугоўванні насельніцтва, у асартыменце прадуктовых тавараў. Тым больш што малака, прызначанага для рэалізацыі пакупнікам, на мясцовым камбінаце хапае. Таму і на прылаўках яно павінна быць у дастатковай колькасці.

З надыходам вясны зразумела трывога людзей пра  нездавальняючы стан дарог, якія вядуць да сельскіх населеных пунктаў. Такі крытычны званок адрасавала на “прамую лінію” жыхарка Вішнеўскага сельсавета. А пенсіянеры з Ганькавічаў, што ў Гародзькаўскім сельсавеце, ужо сёння думаюць пра апрацоўку прыватных зямельных надзелаў. Вяскоўцы турбуюцца, што ў ААТ “Лоск” коней малавата, і таму вясной дапрасіцца выдзеліць чатырохногага памочніка будзе, відаць, няпроста. Але іх супакоілі запэўніваннем: калі арганізаваць гэту справу згодна з графікам, то ніякай праблемы не будзе.

Паступілі на “прамую тэлефонную лінію” і пытанні, звязаныя з фарміраваннем кааператыва па пракладцы водаправодных сетак да індывідуальных жылых дамоў (вёска Нарэйшы). З вуліцы Букштыновіча райцэнтра была скарга на цяганіну з афармленнем неабходных дакументаў на выдзелены зямельны ўчастак.

Прагучала па тэлефоне і крытыка ад жыхара Мінска, які даволі часта прыязджае ў Валожын да сваіх бацькоў. Сутнасць яе ў наступным: некаторыя вадзіцелі аўтапарка не кожнаму пасажыру па ўсёй працягласці міжгародняга маршруту даюць білеты, якія афіцыйна пацвярджаюць аплату за праезд. Добра, што пра фінансавую дысцыпліну і папаўненне казны аўтапарка шчыра дбаюць і пільныя пасажыры, прынцыпова стараюцца прад’явіць іск безгаспадарчасці.

Як і заўсёды на “прамую лінію” паступаюць і ўдзячныя званкі. На гэты раз старшыні райвыканкама за аказанае садзейнічанне ў  жыццёвых праблемах дзякаваў жыхар вёскі Подберазь.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий