ТУТ ЦЕПЛЫНЁЙ УМЕЮЦЬ ДАРАЖЫЦЬ…

Культура

Жанчына. Маці. У жыцці дзяцей, ці хаця б на яго пачатку, – і капітан, і рулявы. Хаця карабель лёсу не раз апынаўся ў эпіцэнтры суровых штормаў рэчаіснасці, сямейны экіпаж жыхаркі аграгарадка Доры Вольгі Генрыхаўны Нелюб пераадольваў цяжкасці і прабіваўся да свету.

…Замуж бухгалтар Ракаўскага сельспажыўтаварыства выйшла за хлопца са сваёй роднай вёскі Нелюбы. І неўзабаве пачатак дэкрэтнага адпачынку расцвіў пышнымі кветкамі радасці: у дзень святога Валянціна на свет з’явілася дачушка – вядома ж, назвалі Валечкай. А праз год і два месяцы нарадзілі сына Івана. Круціліся ў сямейных клопатах, як вавёркі ў коле, але турботы не дастаўлялі непрыемнасцей, бо былі для маладых бацькоў прыемнымі.

Як звычайна водзіцца, шчасце доўгім не бывае, а тут бяда і ўвогуле грымнула, як пярун сярод яснага неба. 33-гадовага мужчыны раптам не стала… Гаспадарка, хатнія справы, работа – усё цяжкім грузам лягло на кволыя жаночыя плечы. Карова, свінні, астатняя жывёла хацелі есці гэтак жа, як і раней, ім не было справы да душэўных перажыванняў гаспадыні. Дзякаваць Богу, дапамагала спраўляцца з усім свякруха Любоў Станіславаўна, якую лічыла за маці. Як жа ўсё гэта нагадвала Вользе Генрыхаўне дзяцінства яе роднай матулі! Дзядуля і бабуля мелі вялікую сям’ю, гадавалі ажно сем дзяцей. Дзедаў век таксама аказаўся нядоўгім. Тады ролю мужчыны ўзяла на сябе родная цётка В. Г. Нелюб, у той час, як маці Вольгі толькі-толькі пераступіла за трэці свой дзень нараджэння…

У коле дзён мінулі чатыры гады. Нарэшце, лёс пашкадаваў маладую жанчыну, павярнуўся да яе тварам. У сям’ю прыйшоў гаспадар, якога дзеці прынялі як роднага. І Валя, і Ваня добра сябравалі з мужчынам, які жыў па-суседску. Калі забягалі ў яго двор па сваіх дзіцячых патрэбах, з душой імкнуліся да дзядзькі Валеры. Той заўсёды знаходзіў час, каб пазабаўляць няўрымслівых малеч, сур’ёзна выслухваў іх крыўды, шчыра радаваўся маленькім дасягненням і перамогам… Бачна, тым і заваяваў гарачыя дзіцячыя сэрцы. Магчыма, яны б і не сышліся з Вольгай, каб не пажар, у полымі якога згарэла хата Валерыя. Так зліліся жыццёвыя дарожкі ў адну – вялікую, прасторную, напоўненую сапраўдным сямейным цяплом. А ў сакавіку 2007-га гэта сувязь умацавалася нараджэннем сыночка Сямёна. Старэйшыя Іван і Валянціна ўзрадаваліся з’яўленню браціка, прысвячаюць яму шмат вольнага часу. Валерый жа з Вольгай патрохі-памалу дзе сабралі грошай, дзе бацькі дапамаглі – і набылі ў Дорах уласную хату. На працу хадзіць стала значна бліжэй: яму – на комплекс, ёй – на мясцовы ФАП, дзе працуе санітаркай. Абжыліся належнай гаспадаркай, крочаць па жыцці нага ў нагу. Вядома ж, ёсць свае праблемы, але і добрых хвілін стае. Цяпер думаюць, як лепш уладкаваць Валю: сёлета дзяўчына паступае.

У сям’і Вольгі Генрыхаўны здаўна вядзецца добрая традыцыя ўсе святы і ўрачыстасці адзначаць разам. Не стане, мабыць, выключэннем і 8 Сакавіка. Цёплыя сямейныя пачуцці, якімі тут умеюць даражыць, куды важнейшыя за ўсе брыльянты свету…

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий