ЯГО РУКІ ТРЫМАЮЦЬ СОНЦА ТВОРЧАСЦІ

Молодежный курьер

Міша не любіць, калі выкідваюць “адслужыўшыя сваё” навагоднія ёлкі. Ссечанае дрэўца, некалі апранутае ў ізумруднае калючае футра, праз пару тыдняў ператвараецца ў сіратлівы драўляны шкілет. Навошта пазбаўляць яго жыцця дзеля мімалётнага свята? Можна прыдумаць больш арыгінальны спосаб упрыгожвання свайго жылля.

Напрыклад, пазычыць у хвойнай прыгажуні парачку духмяных лапак. Што юнак і зрабіў, калі да Новага года дэкарыраваў адзін са школьных класаў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Тут Міша СТАРАВОЙТАЎ жыве і вучыцца ўжо адзінаццаты год.

Утульнае памяшканне ўпрыгожвала ёлка амаль пад столь. Таленавіты хлопец з дызайнерскімі задаткамі і багатай фантазіяй прыдумаў каркас з дроту ў выглядзе конусу і абвіў яго гнуткімі галінкамі хвоі. Разам з сябрамі Міша апрануў голыя, нічым непрыкметныя шыбы ў беласнежныя папяровыя выцінанкі і кампазіцыі з казачных герояў. Столь рабяты прыбралі ў незвычайныя папяровыя “штучкі”, якія пад люстрамі зіхацелі мяккім святлом і нагадвалі ванільныя пірожныя. Такую прыгажосць могуць стварыць толькі дзіцячыя рукі!

Часта хлопец задае сабе і такое пытанне. Чаму паняцце “шчаслівае дзяцінства” распаўсюджваецца не на ўсіх дзяцей у свеце? Чаму ў адных ёсць мама і тата, цёплы, утульны “хатні ачаг”, а іншыя выхоўваюцца чужымі людзьмі ў сценах дзіцячага дома? І не знаходзіць адказу. Мусіць, дакладны адказ ведаюць толькі нябёсы…

Размаўляць пра родных Міша Старавойтаў не любіць. Пытанні пра асабістае ён сустракае з асцярожнасцю і напружанасцю, пакутліва і няўдала падбіраючы словы. Таму я не стала вярэдзіць яго душу. Даведалася толькі, што мама хлопца жыве ў добрым здароўі, аднак наведваць сына ў доме-інтэрнаце не спяшаецца.

Хоць Міша і запэўнівае, што не трымае крыўды на родных, аднак у вачах яго пры гэтым чытаецца глухая пакута і самота. Мусіць, не выпадкова на адной з яго работ намалявана маці з маршчынкай на твары: яна нібы аб нечым сур’ёзным і журботным задумалася, хаваючы вочы. Ды і як іх адкрыць, не саромеючыся, і адважна, без пакут сумлення, зірнуць на роднага сына?

Міша вельмі любіць маляваць. Алоўкі, гуаш, акварэль і алей дапамагаюць яму адлюстроўваць свой унутраны свет, замяняючы гэтым пустыя словы, якія часта не маюць сэнсу і толькі перашкаджаюць людзям разумець адзін аднаго. Ён адмовіўся ад праўдзівага рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці. Таму што ўсё ў жыцці эфемерна, акрамя непарушных каштоўнасцей. Сярод яго творчых работ пераважаюць абстракцыі: дрэва з сэрцайкамі замест лісця, якія густой чарадой кудысьці ляцяць; летуценны космас, дзе сонца і месяц суседнічаюць разам, танчаць зоркі і нечыя, ледзь улоўныя погляду, далоні трымаюць велізарнае сэрца, якое, нібы нямы дакор дарослым, сімвалізуе далікатнасць чалавечага жыцця і безабароннасць дзяцінства; чымсьці занепакоены Езус, які з трывогай глядзіць удалячынь, і трымаецца за вялікі крыж, як за адзінае выратаванне. А вось унушальных памераў, больш за два метры, дракон – іншаземны сімвал бягучага года, але чамусьці зусім не злы, а вельмі лагодны, з цукеркай у лапах, наіўнымі вачамі і сарамлівай усмешкай.

Трохі адагравае самотную душу юнака сонца Італіі. У гэтай гасціннай краіне Міша адпачывае ўлетку. Жыве ён у сям’і мастака, у якога вучыцца жывапісу.

Магчыма, у будучым Міша Старавойтаў стане знакамітым імпрэсіяністам. Скончыўшы школу, ён марыць паступіць у мастацкую ВНУ. Творчы імпэт хлопца ўжо прынёс першы неблагі плён. Напрыклад, на рэспубліканскім фестывалі творчасці дзяцей і моладзі “Святло надзеі” Міша заняў другое месца, а на рэспубліканскім конкурсе малюнкаў “Юны выратавальнік” – стаў лепшым. Гэта яго першыя маленькія жыццёвыя перамогі, але не апошнія.

Не выпадкова заўважылі мудрыя: калі воля Усявышняга ставіць перад намі праблему, то кладзе і ключ да яе рашэння.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий