У начальніка філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” Мікалая Уладзіміравіча Хвядчэні да ранейшага нагруднага знака “Ганаровы транспартнік Беларусі” дабавілася яшчэ адна важкая ўзнагарода. Дарожніку з вялікім стажам напярэдадні прафесіянальнага свята ўручаны знак “Ганаровы дарожнік” II ступені. Віншуем з узнагародай!
На абласным конкурсе даследчых работ навучэнцаў у рамках навукова-практычнай канферэнцыі гімназіст А. Дзеніс атрымаў Дыплом III ступені па гісторыі, Пахвальны водзыў па англійскай мове – вучаніцы гімназіі М. Бразоўская і К. Салаўцова. М. Борыс, Я. Бараноўская і А. Русіновіч з СШ № 2 прывезлі Пахвальны водзыў па хіміі. Падзякі па працоўнаму навучанню былі ўдастоены Д. Акраец і Г. Шакун з СШ № 1.
5 мільёнаў рублёў дзяржаўных грошай выдаткавана на аздараўленне дзяцей нашага раёна на асенніх канікулах. На працягу тыдня лагеры з дзённым знаходжаннем наведвалі 140 вучняў, яны працавалі на базе Івянецкай, Вішнеўскай і Багданаўскай сярэдніх школ.
Працягваецца азеляненне райцэнтра. каля 100 дрэўцаў былі высаджаны ў адзін дзень на мінулым тыдні. Маладзенькія сасонкі з’явіліся ля стадыёна ў мікрараёне Сельгастэхніка, а па дарозе на Вішнева сіламі моладзі – саджанцы елкі, сасны, бярозы, рабіны і дуба. Пасадачны матэрыял прадаставіў вопытны лясгас.
Кругласутачна без выхадных працягваецца адгрузка цукровых буракоў на Гарадзейскі цукровы камбінат з чыгуначнай станцыі “Валожын”, што ў Гародзьках. Дзённая норма адгрузкі – 38 вагонаў. У кастрычніку было загружана і адпраўлена 900 вагонаў, у верасні – 268. За два дні лістапада ўжо паспелі адгрузіць 62 вагоны, норма ж на лістапад вызначана ўнушальная – 30000 тон.
Першынство раёна па баскетболу сярод юнакоў 1993-1995 гадоў нараджэння прайшло ў мінулыя выхадныя ў спартыўнай зале гімназіі. У ім прынялі ўдзел 6 каманд раёна. Гімназія прадставіла дзве каманды баскетбалістаў, якія паказалі найлепшыя вынікі і занялі ганаровыя 1-ае і 3-яе месцы, “серабро” ў спаборніцтве атрымала каманда Вішнеўскай школы.
На 74-ым кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна ўстаноўлены макеты патрульнага аўтамабіля службы ДАІ і інспектара. Папераджальны знак ужо даказаў сваю эфектыўнасць, асабліва ў цёмны час сутак. Вадзіцелі, заўважыўшы “паставога”, збаўляюць хуткасць і больш абачліва паводзяць сябе на дарозе. Падобныя макеты плануецца ўстанавіць і ў напрамку Мінск-Ашмяны.