Тры месяцы пазнання

Культура

Родная старонка, родная зямля. Для кожнага чалавека Радзіма пачынаецца з таго запаветнага кутка, той мясціны, дзе ён убачыў свет, дзе сказаў першае слова, ступіў першы крок, дзе жывуць бацькі, родныя, сябры.
Калі я пачула, што ў нашым каледжы будзе праводзіцца конкурс “Мая малая Радзіма”, то для сябе вырашыла, што абавязкова буду ўдзельнічаць. Вельмі хацелася распавесці пра свой родны кут.
Я нарадзілася і правяла сваё дзяцінства ў маленькай вёсачцы Далідавічы, але работу вырашыла пісаць пра гарадскі пасёлак Івянец, бо гэта прыгожае мястэчка, дзе ёсць шмат велічных архітэктурных будынкаў: касцёл Святога Аляксея, касцёл Святога Міхаіла Арханёла і манастыр францысканцаў, а таксама музей традыцыйнай культуры і шмат чаго іншага.
Больш за ўсё я жадала даведацца пра ўзнікненне мястэчка. Хто ім валодаў? Якія людзі там жылі? Чым займаліся? Вырашыла знайсці звесткі пра гэта ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Праца ў архіве была цікавай і запамінальнай. Тут я працавала з 299 фондам 2-ім і 3-ім вопісам і даведалася, што першае згадванне пра Івянец адносіцца да XIV стагоддзя. Вялікі князь Літоўскі Вітаўт, сын Кейстута, аддаў яго свайму пляменніку Андрэю Уладзіміравічу. Затым Івянец складаў вотчыну вядомага роду Давойнаў-Салагубаў, пазней належаў Плявакам. Апошнім уладальнікам Івянецкіх зямель на працягу амаль 20 гадоў быў Пётр Драгунцаў.
Пасля III падзела Рэчы Паспалітай афіцэр войска Пётр Драгунцаў атрымаў у падарунак ад царыцы Кацярыны II землі ў аколіцах Івянца.
Сядзіба Пятра Драгунцава пабудавана напачатку ХХ стагоддзя. Яна ўключае сядзібную хату, невялікі парк, капліцу, гаспадарчыя будынкі. 15 сакавіка 1999 года сядзіба згарэла…
Насельніцтва Івянца, па сутнасці, было пазбаўлена медыцынскай дапамогі: хіба магла бедната, якая часта хварэла, плаціць за адзін прыём у амбулаторыі 2 злотыя, а за адзін дзень бальнічнага лячэння – 3 злотыя. Лекі каштавалі дорага. І не дзіўна, што на Івянеччыне лютавалі тыф, малярыя, кароста і іншыя інфекцыйныя хваробы, а хворыя звярталіся за дапамогай да знахараў і шаптух. Да 1939 года ў Івянцы працавалі толькі два лекары, а ў вёсках іх зусім не было. Такім чынам, адзін медык абслугоўваў больш за 20 тысяч чалавек.
Па звестках архіва, у 1897 годзе па прашэнні мешчаніна Нахімоўскага ў Івянцы была адкрыта аптэка. Яшчэ я даведалася, што ў 1893 годзе быў дадзены дазвол Казарынавай і Маісеенка на адкрыццё кірмашоў.
У архіве было не проста працаваць са старымі кнігамі XIX стагоддзя, я баялася, каб не сапсаваць ніводнай старонкі. З іншага боку – вельмі цікава трымаць у руках такія крыніцы і пазнаваць, якім твой куток быў у XIX стагоддзі.
Затым я наведала музей традыцыйнай культуры ў Івянцы, дзе пагутарыла з захавальнікам фондаў Ірынай Яраславаўнай Каткоўскай.
Работа над праектам доўжылася тры месяцы. Спачатку было цяжка, бо такую працу я пісала першы раз. Але жаданне распавесці пра родны куток дапамагло мне зладзіцца з усімі цяжкасцямі. Удзел у гэтым конкурсе паглыбіў мае веды пра гісторыю роднага краю і адкрыў шмат цікавых рэчаў.

Святлана САКАЛОЎСКАЯ,

навучэнка 2-га курса лінгвагуманітарнага каледжа УА “Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт”



Добавить комментарий